струхле́ць, ‑ее; зак.
Стаць трухлявым, ператварыцца ў парахню; сатлець, згніць. [Дзядзька:] — А вось наша хата адно што ліпіць. Як скажуць у сяло пераносіць то хоць плач. Палавіну дакладу трэба, па самыя вокны ўсё струхлела. Дамашэвіч. Паркан за гады струхлеў, хістаўся ад ветру, і Платон узяўся ставіць новы. Ракітны. Залатыя паляны пачарнелі, апалае лісце струхлела і ўжо не шамацела пад нагамі. Хомчанка. // перан. Страціць жыццёвасць. Стары свет дашчэнту прагніў, струхлеў. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стулі́ць, стулю, стуліш, стуліць; зак., што.
1. Шчыльна сціснуць, заплюшчыць (пра губы, вочы і пад.). — Папала мне з-за цябе, таварыш Сучок, — сказаў Журавінка і губы стуліў. Лобан. Сінічкін стуліў вочы, нібы хочучы падрамаць, і тут перад вачыма раскінулася пясчанае поле, а на ім — лён, неабдымныя прасторы лёну, а пасля — бульба, кармавая морква, буракі. Пестрак.
2. Звесці, злучыць разам. Сафрон стуліў гармонік, ён раўнуў усімі галасамі апошні раз і сціх! Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стынь, ‑і, ж.
Сцюжа, холад. [Хмурынкі] нізка, нізка сцелюцца над самай зямлёй, чапляюцца за вяршыні дрэў, што аж пачарнелі ад вільгаці, ад стыні. Лынькоў. Над лесам паўстала дрыготкае жаўтлявае зарыва, там разганялі цемру і стынь зімовай ночы цёплыя агні горада. Хадкевіч. Лёгкая стынь прабегла па спацелай спіне. Карамазаў. / у паэт. ужыв. Хатынь, Даходзяць пакут адгалоскі Да нас праз магільную стынь. Смагаровіч. Надоўга дарогі нашы Разбегліся ў сінюю стынь. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́чча, ‑а, н., зб.
Сукі. Апалае лісце пазграбана ў кучкі, на іх ляжыць зрэзанае сухое сучча. Грахоўскі. Цяпер не стала і бяроз. Абгарэлае, абпаленае сучча нязграбна чарнела на вячэрнім блакіце неба. Лынькоў. // Тое, што і галлё. Распусціўшы сучча, У глухім прыволлі, Сам адзін расце ён На далёкім полі. Купала. // Тое, што і хвораст. Толькі назад ішла .. [Іваніха] яшчэ цішэй, і за спінай у яе пагойдвалася ў такт хадзе вязанка дробнага сучча. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схудне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Моцна пахудзець, стаць худым. [Максім:] — Паглядзеў бы ты на сябе, як ты [Давід] схуднеў, а вочы не запалі, а праваліліся. Машара. Бацька вельмі схуднеў, неяк змізарнеў і з твару і з постаці, прыгорбіўся, бы ім завалодала старасць, якая вось-вось зусім сагне, скруціць чалавека. Сабаленка. Эх, Мірон, Мірон, і быў ты ўжо немалады, а за гэты час асунуўся, схуднеў, дык зусім стаў як дзядуля... Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцерагчы́ся, ‑рагуся, ‑ражэшся, ‑ражэцца; ‑ражомся, ‑ражацеся, ‑рагуцца; незак., каго-чаго і без дап.
Прымаць якія‑н. меры перасцярогі; быць асцярожным. Сцеражыся цягніка. □ Гаспадар .. успамінае сына: «Ах, Радзівон, Радзівон, не слухаўся, не сцярогся»... Мележ. Шэпча заяц: — Сцеражыся, За табою сочаць рысі. Вітка. // і з дадан. сказам. Быць асцярожным у адносінах з кім‑н.; пабойвацца каго‑н. Заводзячы знаёмства з ваеннапалоннымі, [Фадзею] трэба было сцерагчыся, каб не натрапіць на правакатара. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
счарні́ць, счарню, счэрніш, счэрніць; зак.
1. што. Зрабіць чорным (агнём, фарбай і пад.). Узняўся аднойчы раптоўна ўраган, Счарніў увесь дуб перунамі. Ставер.
2. перан.; каго. Разм. Зняславіць, нагаварыць чаго‑н. на каго‑н. Не можа ён [Звадыяш] і дня пражыць, Каб не счарніць каторага. Броўка. [Сямён Парфёнавіч:] [Шыковіч] хоча абяліць таго, хто сам сябе счарніў. Шамякін.
3. каго. Разм. Збіць, адлупцаваць. Хлопца .. Макрыны Рудак [Стэцкі] счарніў бізуном за тое, што карова ўбегла ў яго канюшыну. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
талкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што і без дап.
Разм.
1. Гутарыць, гаварыць. Мужыкі збіраліся ў кучкі, спрачаліся між сабой і талкавалі. Колас. Я неўзаметку зноў стаў талкаваць пра туман, пра вясну, схіліў гутарку на дзяўчат. Пташнікаў.
2. Растлумачваць што‑н. [Марцін Трайны:] — Што .. [Руневіч] не бачыць, што вы за чалавек? Ды ўжо ж і мы з Сяргеем яму не раз талкавалі. Звальняцца хоча. Брыль. Разумнаму шмат талкаваць не трэба. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тарахце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.
Разм.
1. Утвараць рэзкія раскацістыя гукі. У Петрыкаве пяюць пеўні, гаўкаюць сабакі, тарахціць, лапоча матор матацыкла. Сачанка. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Брыль. Па бруку тарахцелі падводы і зварочвалі ў браму рынку. С. Александровіч.
2. перан. Хутка, гучна, несупынна гаварыць; балбатаць. Не пераставаў .. [Тарас Іванавіч] тарахцець і тады, калі селі за стол. Колас. — Мы з Чэрыкава. А вы здалёку? — тарахцела .. [Юля]. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трапе́за, ‑ы, ж.
1. Агульны стол для яды ў манастыры, а таксама прыём яды (абед, вячэра) за такім сталом і сама яда. // Уст. Наогул стол для яды, а таксама прыём яды і сама яда. З домам зліваўся шырокі, крыты ганак са скругленымі слупамі. Улева ад яго ішла веранда. Тут у цёплыя дні вясны і лета спраўляў свае трапезы бацька Уладзімер. Колас.
2. Тое, што і трапезная (гл. трапезны ў 2 знач.).
[Ад грэч. trapeza — стол.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)