будаўні́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да будаўніцтва, выкарыстоўваецца ў будаўніцтве. Будаўнічы матэрыял. Будаўнічая тэхніка. Будаўнічыя работы.

2. Які мае адносіны да будаўнікоў, складаецца з будаўнікоў, належыць ім. Пачалася гутарка з будоўлі, і Сцяпан Лявонавіч выказаў думку, што трэба павялічыць будаўнічую брыгаду. Дуброўскі. // Звязаны з падрыхтоўкай будаўнікоў. Сцяпан быў ужо камандзірам у марскім флоце, а Марыля закончыла будаўнічы тэхнікум. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́працаваць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

1. Зрабіць пэўную колькасць работы; вырабіць. Выпрацаваць мінімум працадзён. Выпрацаваць норму. // Развіць, выхаваць пэўныя рысы, якасці. Выпрацаваць навыкі, характар.

2. перан. Стварыць што‑н. на аснове абагульнення пэўных звестак, вопыту, вывучэння і пад.; распрацаваць. Выпрацаваць праект рэзалюцыі. Выпрацаваць агульнанацыянальныя літаратурныя нормы. □ [Нявіднаму] трэба было звязацца з партызанамі дзеда Талаша і выпрацаваць план сумеснага дзеяння. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́рабіцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

1. Набыць пэўныя асаблівасці ў працэсе вытворчасці, работы. Шкура добра вырабілася.

2. Разм. Запэцкацца. Вырабіцца ў сажу.

3. Разм. Выйсці, выбрацца са складанага становішча; выкруціцца. [Калатухін:] — Ну, ледзь вырабіўся! Амаль з пасткі! Амаль не схапілі за руку! Мележ. // Вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. Сымон, вырабіўшыся з-пад Мікіты, схапіў кабылу за аброць. Брыль.

4. Напрацавацца, нарабіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валэ́ндацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Доўга важдацца з кім‑, чым‑н. [Юстын:] — Ну, сам падумай: толькі і ведай, што цягай з крыніцы ваду, ды з харчамі валэндайся. Стаховіч.

2. Хадзіць, пераходзіць з месца на месца без асаблівай патрэбы, прычыны; бадзяцца, валачыцца. [Антось:] — Запрагай, і каб мне.. тут ніхто лішні не валэндаўся. Бажко. Адны [людзі] працуюць, другія валэндаюцца па вуліцы без работы. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акія́н, ‑а, м.

1. Водная прастора паміж мацерыкамі. Паўночны Ледавіты акіян.

2. перан. Што‑н. неабсяжнае, неабдымнае, нязмерная маса чаго‑н. Даставайце з вышак сані — Гайда сцежкі праціраць І па белым акіяне Удоўж і ўпоперак гуляць. Колас. Права маю я тым ганарыцца, Што любімая праца мая — Спраў вялікіх малая драбніца — Уліваецца чыстай крыніцай У работы людской акіян. Непачаловіч.

•••

Паветраны акіян — атмасфера.

[Грэч. okeanos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гі́бель, ‑і, ж.

1. Поўнае разбурэнне, спыненне існавання (пры катастрофе, бедстве, наўмысным знішчэнні і пад.). Гібель Пампеі. Гібель парахода. // Гвалтоўная заўчасная смерць. Трагічную гібель Кацярыны, якая не хацела скарыцца «цёмнаму царству» самадурства, паказаў геніяльны рускі драматург Астроўскі. Бярозкін.

2. у знач. вык., чаго. Разм. Вялікая колькасць, мноства. [Марыля:] Скора касьба пачнецца, жніво, работы гібель. Купала.

•••

На краі гібелі гл. край.

Да гібелі — вельмі многа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глушы́цель, ‑я, м.

1. Прыстасаванне для аслаблення сілы гуку або шуму ад работы рухавіка, механізма і пад. Бурмакоў ўключыў глушыцель, але і прыглушанае выццё, здавалася, урывалася ва ўсе куткі карабля, ледзь не даводзячы людзей да вар’яцтва. Шыцік.

2. Прыстасаванне ў мнагаструнных музычных інструментах для спынення хістання струн; дэмпфер.

3. перан. Той, хто заглушае якія‑н. імкненні або ініцыятыву. Глушыцель крытыкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згрэ́бціся і зграбці́ся, зграбуся, зграбешся, зграбецца; зграбёмся, зграбяцеся; пр. згробся, згрэблася і зграблася, згрэблася і зграблося; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказацца сабраным, прыбраным у выніку зграбання. Будзе трохі і сум пракідацца, але гэта таму, што скосіцца луг, зграбецца ў .. копы і больш ужо не будзе гэткай слаўнай работы. Нікановіч.

2. Дасягнуць зладжаных дзеянняў у сумесным веславанні. Весляры згрэбліся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каэфіцые́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Лікавы (або літарны) множнік у алгебраічным выразе. // Лік, на які трэба памножыць якую‑н. велічыню, каб атрымаць велічыню, патрэбную пры даных умовах.

2. Велічыня, якая колькасна вызначае якую-небудзь уласцівасць фізічнага цела. Каэфіцыент трэння. Каэфіцыент расшырэння. Каэфіцыент цеплаправоднасці.

•••

Каэфіцыент карыснага дзеяння (ккдз) — адносіны колькасці карыснай работы, выкананай якім‑н. механізмам, да колькасці скарыстанай ім энергіі.

[Ад лац. coefficiens, coefficientis — які ўтварае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мармуро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мармуру. Мармуровае радовішча. Мармуровыя работы. // Зроблены з мармуру. Цагліны, як у казцы, самі клаліся адна на другую, а ўслед за гэтым прыгожыя ўзоры з мармуровых плітак пакрывалі сцены. Шахавец.

2. перан. Падобны на мармур; белы, гладкі. Мармуровы твар. □ Мармуровыя званочкі ландыша цягнуцца да сонца, сумна праводзячы яго, недаступнае і ні разу не ўбачанае. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)