запе́чны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца або жыве за печчу. Запечны абібок — наш кот Цімох — .. шчасліва мурлыча пад промнямі ласкавага сонца. Брыль. // перан. Які жыве бязвыезна ў сваёй мясцовасці, не ведае свету. — Я табе скажу, ты чалавек запечны, ты ціха жыў век у Сумлічах, пакуль на вайну не пайшоў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запрада́цца, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; зак.

Разм. Узяць задатак пад якую‑н. службу, работу пры дагаворы з кім‑, чым‑н. Запрадацца замежнай разведцы. // Поўнасцю падпарадкавацца каму‑н. за якія‑н. выгады. — Не трэба нам і настаўнік, што за аб’едкі з панскага стала запрадаўся панам з душою! Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зруб, ‑а, м.

Сцены драўлянага збудавання, складзеныя з бярвення або брускоў, злучаных у чатырохвугольныя вянкі. Калодзежны зруб. □ З вуліцы я завярнуў на агарод к новаму зрубу ў чатыры вянкі. Каваль. Адзін зруб быў ужо выведзены аж пад кроквы, відаць, чалавек спяшаўся, каб да зімы ўсяліцца ў новую хату. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяро́завік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Бярозавы сок. Нахіліўшыся да нязграбнага асінавага карытца, .. [дзяўчына] чэрпае насатым кубкам халодны бярозавік, маленькімі глыткамі п’е салодкі сок. Стаховіч. Помню: ледзь канчаліся марозы, З выраю вярталіся шпакі, Мы гурбою беглі да бярозы Ставіць пад бярозавік латкі. Гаўрусёў.

2. ‑а. Тое, што і падбярозавік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валацу́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑цузе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Бяздомны чалавек, які не мае пэўнага прыстанішча і заняткаў; бадзяга. Бежанства зблытала.. [Сёмкавы] разлікі, выбіла з-пад ног падпору і вось — перад.. [Рыгорам] бяздомны валацуга. Гартны. // Лаянк. Пра таго, хто любіць валачыцца, цягацца без справы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лісто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Друкаваны або рукапісны лісток, звычайна злабадзённага палітычнага зместу. Пад вечар лістоўкі былі адасланы ў вёску, а часткова былі раздадзены для расклейкі па горадзе. Галавач. Каціўся на папялішчах Падпольных лістовак гром; Лістовак, якіх не знішчыць Ні полымем, ні штыком. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засяро́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак., на чым і без дап.

Засяродзіць, сканцэнтраваць сваю ўвагу, волю, думкі, інтарэсы і пад. Выслухаўшы цётку Арыну, Сяргей паспрабаваў засяродзіцца на чым-небудзь адным, але думкі збіваліся і блыталіся. Сіўцоў. [Джулія] на момант засяродзілася, акругліла вочы, услухалася, здавалася, толькі цяпер усвядоміўшы, што .. [ёй і Івану] тут пагражала. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зату́хнуць, ‑не; пр. затух, ‑ла; зак.

1. Перастаць гарэць; патухнуць, пагаснуць. Агонь затух. Лямпа загухла. // перан. Заціхнуць, аслабнуць, спыніцца. Спрэчкі затухлі. □ Не паспела яшчэ затухнуць рэха, як за густымі елкамі, дзе знік заяц, пачуўся страшэнны лямант. Ляўданскі.

2. Спец. Паступова слабеючы, перастаць вагацца, спыніцца (пра радыёхвалі і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зацкава́ць, ‑цкую, ‑цкуеш, ‑цкуе; ‑цкуём, ‑цкуяце; зак., каго.

1. кім. Напусціць нацкаваных сабак на каго‑н.

2. Злавіць або забіць звера пры дапамозе сабак. Зацкаваць зайца. □ Аднойчы паніч зацкаваў сабакамі апошнюю авечку майго прадзеда Пархвена Доўбні. Жычка.

3. перан. Разм. Замучыць праследаваннямі, нападкамі, паклёпамі і пад. Зацкаваць сумленнага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зашмаргну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́ і зашмо́ргнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нем, ‑неце; зак., што.

1. Зацягнуць, завесіць (шторы, шырму і пад.). // Перасунуўшы па ўцягнутай вяроўцы, завязцы, зацягнуць, закрыць. Зашмаргнуць кісет. Зашмаргнуць рукзак.

2. Зацягнуць, сцягнуць, зрабіць тугім (вузел, пятлю). Адным махам [Віця] спрытна зашмаргнуў пятлю на шыі звярка. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)