перасы́пацца, ‑плецца; зак.

1. Перамясціцца з аднаго месца ў другое (пра сыпкія рэчывы). [Вуля:] — Унук шмат ад чаго адстаў. Горлам бярэ. Навучыўся яшчэ тады, калі і ўчастка ў вас не было. А за гэты час многа на зямлі пяску перасыпалася. Пташнікаў.

2. Насыпацца больш, чым трэба, цераз верх.

перасыпа́цца, а́ецца; незак.

1. Незак. да перасы́пацца.

2. Зал. да перасыпа́ць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахвалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

1. Перажыць моцнае хваляванне, моцна ўсхвалявацца. [Барыс:] — Я столькі перадумаў, столькі перахваляваўся за гэтыя гады. Пальчэўскі. [Святлана] так с’гамілася, так перахвалявалася, бедная, што ледзь трымалася на нагах. Кулакоўскі.

2. Перастаць хвалявацца. Антон ужо неяк перахваляваўся, адагнаў усе сумненні і пайшоў да Наталлі з думкай, што зараз убачыць яе. Ракітны.

3. Пахвалявацца — пра ўсіх, многіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахварэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.; на што і без дап.

1. Перанесці якую‑н. хваробу. Перахварэўшы ў маленстве на адзёр,.. [Галена] пасля нават і не кашлянула ніколі. Чорны. Не будучы на моры, я перахварэў на марскую хваробу. Дуброўскі. [Маша:] — Няўжо і сёння Маруся не прыедзе? Мусіць, сесію здае. Перахварэла, адстала з вучобай. Мыслівец.

2. Адхварэць — пра ўсіх, многіх. Перахварэлі ўсе дзеці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пячы (у 1 знач.).

2. Прыгатаваны пячэннем. Печаная бульба. Печанае сала.

3. у знач. наз. пе́чанае, ‑ага, н. Тое, што і печыва (у 1 знач.). На сталах былі навалены цэлыя горы рознага смажанага, варанага і печанага. Бядуля.

•••

Гад печаны гл. гад.

Ні печаны ні вараныпра нічым не адметнага, бесхарактарнага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пі́цца, п’ецца; пр. піўся, пілася. пілося; незак.

1. безас. Пра наяўнасць жадання або магчымасці піць. І хоць нейкае нечуванае багацце раптоўна і не прыйшло, але праз усе гады добра елася і пілося. Чорны. Ой, не п’ецца гарэлка, Ой, не п’ецца віно. Хто ж налье таго мёду, Каб пілося яно? Русак.

2. Зал. да піць (у 1, 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плячы́сты, ‑ая, ‑ае.

Шыракаплечы. І ўсё ж мы знайшлі Барыса. Гэта быў хлопец гадоў шаснаццаці, дужы і плячысты. Жычка. Праз некалькі хвілін у хату зайшлі плячысты, дужы Алёша Кунцэвіч, з непакрытай чорнай чупрынай, і высачэзны Мікіта Маляўка. Дуброўскі.

•••

Плячысты на жывотпра таго, хто многа есць. — Плячысты на жывот [Косця Шмыг], — жартам, мусіць, сказаў начальнік цэха Мамалыга. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́йла, ‑а, н.

Піццё для жывёлы, звычайна з мукой, вотруб’ем і пад. Андрэй прынёс з хаты цёплае пойла, забеленае мукой. Чарнышэвіч. // Разм. Пра напітак, непрыемны на смак. [Хальс:] Што ж, калі няма віна, прыдзецца паспрабаваць гэтае пойла. Мележ. [Кушнер:] — Ехалі назад, — заехалі ў чайную ў Вярбовічах. І, канешне, выпілі. Ды што пілі! Піва і нейкае пладовае віно .. Пойла. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́лудзень, ‑дня, м.

1. Тое, што і абед. Сёння на світанні Піліпка зайшоў у хату, каб паснедаць і ўзяць торбачку з полуднем. Навуменка. Абедзенная пара даўно ўжо прайшла, але .. [Алесь] забыў пра полудзень. Чарнышэвіч.

2. Сярэдзіна дня; поўдзень. — Ну, то ўставай, ды будзем абедаць; ужо, бачыш, за полудзень мінула. Гартны.

3. Лёгкая яда паміж абедам і вячэрай; падвячорак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́шліна, ‑ы, ж.

Дзяржаўны грашовы збор за тавары, якія ўвозяцца або вывозяцца. Гандлёвая пошліна. Транзітная пошліна. // Грашовы збор за некаторыя аперацыі, паслугі. Успамін пра тое, як .. [Саша і Пётр] колькі дзён назад пайшлі ў сельсавет запісацца і як у іх не аказалася трох рублёў заплаціць пошліну, заўсёды смяшыў іх. Шамякін.

•••

Забаронныя пошліны (тарыфы) — высокія таможныя пошліны, якія перашкаджаюць прывозу якіх‑н. тавараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагруката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.

Разм.

1. Зрабіць моцны шум, грукат. Зазвіняць галасістым гармонікам, прагрукочуць бубнамі ды стукам капытоў шумлівыя вясковыя вяселлі. Ваданосаў. // Праехаць, прайсці з моцным шумам і грукатам. Састаў з двума паравозамі прагрукатаў па мосце за Дняпро. Грахоўскі. // Пачуцца (пра моцныя раскацістыя гукі). Мацней прагрукатаў гром, наляцеў вецер, стала змрочна. Лупсякоў.

2. Грукатаць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)