даво́дзіцца 1, ‑воджуся, ‑водзішся, ‑водзіцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Незак. да давесціся.

2. каму. Быць кім‑н. каму‑н. (пра сваяцтва). Маёр Платон Лагода даводзіўся Івану Воранаву стрыечным братам. Васілевіч. Слава .. дакладна ведае, што Язэп Васільевіч даводзіцца яму прадзедам. Жычка.

3. Зал. да даводзіць ​1.

даво́дзіцца 2, ‑водзіцца; незак.

Зал. да даводзіць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

балю́ча,

1. Прысл. да балючы (у 2, 3 знач.).

2. безас. у знач. вык., каму-чаму і з інф. Пра фізічны і душэўны боль. Калі мы падышлі да рэчкі, узышло сонца, і снег так заблішчаў, што ажно вачам стала балюча. Хомчанка. Было сорамна, брыдка і балюча да слёз, што ў такі адказны момант не здолеў [Даміра] стрымаць сябе. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́шчарблены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад вышчарбіць.

2. у знач. прым. Са шчарбінамі на лязе (пра нож, сякеру і пад.). Узяў кошык, акраец хлеба і жаўтлявы, мяккаваты шматок сала, вышчарблены братаў складанчык на шнурку. М. Стральцоў. // З пашкоджанай паверхняй чаго‑н., з выламаным краем. За мостам відаць былі сляды вайны: руіны нейкай царквы, вышчарбленая сцяна. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гад, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Змяя, гадзюка. [Бусел] ляціць з небасхілу, нішчыць гадаў гатовы... Дубоўка.

2. Разм. лаянк. Пра агіднага, шкоднага чалавека. Ота зірнуў на гаспадара, як на гадзюку, і спакойна сказаў: — Гад! Гнілая калода! Бядуля. Вораг ёсць вораг: грабежнік і кат, Не вер яму, гаду. Колас.

•••

Гад печаны — тое, што і гад (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гало́сны, ‑ая, ‑ае.

Які ўтвараецца пры свабодным праходжанні паветра праз поласць рота (пра гукі мовы). Галосны гук. / у знач. наз. гало́сны, ‑ага, м.; гало́сная, ‑ай, ж. Галосныя беларускай мовы. Правапіс галосных.

•••

Беглая галосная — у беларускай мове: галосныя гукі «о» і «е», якія маюцца ў адных формах слова і знікаюць у другіх, напрыклад: сон — сну, пень — пня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаманлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які любіць пагаварыць; гаваркі, гаварлівы. Нейкім асаблівым чуццём .. [Мікалай] адчуў неабходнасць падпарадкавацца гэтаму вясёламу, гаманліваму хлопцу з яснымі вачамі. Шамякін. // Ажыўлены, шумны (пра натоўп, гурт людзей і пад.). Вунь, быццам вецер прашумеў, прамільгнула гаманлівая купка дзяўчат, і ўжо з ваколіцы даляцела задзірыстая прыпеўка. Марціновіч. // перан. Шумлівы, незмаўкальны. Над рачулкай гаманлівай Заводзяць песні салаўі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гама́рня і гамэ́рня, ‑і, ж.

Разм.

1. Шматгалосы крык, бязладная гаворка. Словы ледзьве можна было распазнаць паміж той гамарні, якая цяпер тварылася на дварэ. Чарот.

2. Пра вялікае няўтульнае памяшканне (першапачаткова — як месца шумных зборышчаў). Што .. [Міхал] будзе адзін рабіць у гэтай гамарні? Гэта ж не жарты: тры пакоі, калі мець на ўвазе кухню. Васілевіч.

3. Уст. Металаапрацоўчая майстэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гмах, ‑у, м.

Вялікі вышынны будынак. Я ў сталіцы ізноў Сярод гмахаў-дамоў, Што здзіўляюць красой небывалай. Журба. Высокі клён, Але і ён — Па пояс дому-гмаху. Макаль. // перан. Увогуле пра што‑н. вялікае, велічнае. Дуб і сосны — векавыя гмахі, Не баяцца бур і навальніц. Пысін. Грамада — вялікі гмах: Адзін ляжа, сто ідзе, А хто ж роўны грамадзе?! Купала.

[Польск. gmach з ням.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адмя́кнуць, ‑не; пр. адмяк, ‑ла; зак.

Зрабіцца мякчэйшым ад вільгаці; адсырэць, размякнуць. Гразь на штанах, мусіць, яшчэ з Карчаватак. Падсохла на сонцы за дзень, пасля зноў адмякла ў рацэ, калі цягалі калёсы. Пташнікаў. // Аслабнуць, адваліцца (пра мароз, холад). Удзень было сонечна, марозна і ціха, а перад захадам сонца неба пачало хмурыцца, адмяк мароз і з усходу павеяў вецер. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адплікну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

Абл. Адшпіліць (гузік, аплік, запінку). Кастусь абрадавана ўзяў шапку, надзеў яе на галаву, і, адплікнуўшы, адгарнуў яе верх і закрыў ім патыліцу і вушы. Галавач. Адплікнуў ён [мухамор] пінжачок Модны свой, у крапку. Калачынскі. // Адкрыць, адшчапіць (пра сумачку, рыдыкюль і пад.). [Ніна] адплікнула свой рыдыкюльчык і дастала невялікую насовачку. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)