ура́зіць, уражу, уразіш, уразіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць вялікае ўражанне, моцна ўсхваляваць, устрывожыць. Партызанскі гарадок нас уразіў сваім выглядам і нейкай няўлоўнай урачыстасцю. Няхай. Сустрэча з цівуном і аратым так уразіла.. [Кастуся], што ён доўга не мог апамятацца. Якімовіч.
2. Балюча закрануць, пакрыўдзіць каго‑, што‑н. [Лабановіч] стараўся выправіць і адзначыць [памылкі] так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. Словы гаспадыні так уразілі .. [Віцю], што хлопец разгубіўся. Адразу зрабілася горача. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ушчу́нак, ‑нку, м.
1. Пакаранне, спагнанне. Не зважаючы на ўсю сваю пераканаўчасць, гэты выпрабаваны сродак ушчунку [пужкаю па пятах] не дапамог: хвароба была загпана ў сярэдзіну. Лужанін. [Маці] сказала якраз пра тое, пра што я думаў: — Які з яго настаўнік! Ён жа дзіця яшчэ. А малыя ж вунь якія гарэзы! На іх ушчунак патрэбен. Якімовіч.
2. Дакор, папрокі. [Служанка:] — Бегаеш, таўчэшся за якіх-небудзь няшчасных восем рублёў у месяц, і яшчэ колькі ўшчункаў ды папрокаў атрымаеш. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штэ́мпель, ‑я, м.
1. Від пячаткі з выпуклым адбіткам або надпісам. — То шукай яго, калі ён твой знаёмы, у турме, — строга сказаў.. [местачковец] і загрукаў паштовым штэмпелем па канвертах. Якімовіч. // Адбітак, зроблены такой пячаткай. Паштовы квіток са штэмпелем і цяпер ляжыць у бакавой кішэні .. ватоўкі [Міканора]. Кулакоўскі. А з Далёкага Усходу пісьмы з вайсковымі штэмпелямі ішлі яшчэ доўга. Ракітны.
2. Уст. Від штампа (у 1 знач.), якім выбіваюць рысунак на манетах, медалях і пад.
[Ням. Stempel.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экзеку́цыя,
1. Цялеснае пакаранне. За дзесяткі гадоў службы фельдфебель добра набіў руку і на шпіцрутэнах, і на розгах. І таму чарговая экзекуцыя была для яго звычайнай справай. Якімовіч.
2. Уст. Выкананне судовага ці адміністрацыйнага прыгавору (пакаранне смерцю і пад.). Гродзенскі губернатар робіць экзекуцыі, пасылае на падаўленне хвалявання войскі і размяшчае іх па дварах за кошт галодных і раздзетых сялян. Лушчыцкі.
3. У міжнародным праве — прымяненне карных мер адной дзяржавы ў адносінах да другой.
[Ад лац. exsecutio — выкананне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́вар, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Дрэва сямейства кляновых з вялікімі пяцілопасцевымі лістамі; белы клён (у Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўнае дрэва ў парках і садах). Каля сцежкі пахіліўся явар да каліны. Багдановіч. / ‑у, у знач. зб. Пасадка явару.
2. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Паркет з явару.
3. ‑у. Абл. Аер. [Рэчка] нешырокая, з нізкімі берагамі, якія густа зараслі яварам, сітнягом і чаротам. Якімовіч. Не шумі, човен, па явару, не пужай качак маладзенькіх. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
які́сьці, якаясьці, якоесьці; займ. неазначальны.
1. Ужываецца ў выпадках, калі цяжка вызначыць якасць, уласцівасць каго‑, чаго‑н.; азначае: невядома, няясна які. А ў садку гудуць чмялі і пчолы, І струны дзіўныя якіясьці звіняць. Глебка. Знайшоўся якісьці добры чалавек, нарабіў бабінай хатцы падпорак і абклаў яе прызбаю. Якімовіч.
2. Ужываецца пры характарыстыкі якіх‑н. адмоўных з’яў ці якасцей. Гэты ў мяне якімсьці сліняком гадуецца. У-у, ты, бесхрыбетны! — і Марцін грэў Станіслава па плячах кулаком. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падкрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Правесці лінію, рыску пад радком, літарай і пад. Падкрэсліць галосныя.
2. перан. Звярнуць чыю‑н. увагу на што‑н. важнае, значнае. [Леаніду Аляксеевічу] хацелася падкрэсліць сваю думку больш канкрэтнымі прыкладамі і больш яркімі фарбамі. Якімовіч. // Выдзеліць голасам, інтанацыяй найбольш важнае месца. — Таварышы! Старому трэба дапамагчы. Трэба вызваліць яго сына. Трэба! — падкрэсліў [камандзір].. апошняе слова. Колас. // Зрабіць больш адчувальным; зрабіць такім, што кідаецца ў вочы. Падкрэсліць адмоўныя рысы героя. □ Начное здарэнне падкрэсліла .. [адзіноту], зрабіла фізічна адчувальнай. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакало́ць 1, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., каго-што.
1. Датыкаючыся чым‑н. вострым, укалоць у многіх месцах. Накалоць пальцы іголкай. □ Яны праблукалі некалькі гадзін .. Прыстала Клава, пакалола босыя ножкі, пачала адставаць. Шамякін.
2. Забіць, закалоць усіх, многіх. // Забіць на мяса ўсіх, многіх — пра свіней. Карову сабралі немцы, а парасят пакалолі паліцаі. Дайліда.
пакало́ць 2, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., што.
1. Рассячы, пасячы на часткі; раздрабіць. Загадаў цар слугам спілаваць дуб, накалоць на дровы. Якімовіч.
2. Калоць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пама́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго-што. Распазнаючы, даследуючы, пакратаць каго‑, што‑н. Нупрэй памацаў рукою Панаса. — Ён жывы яшчэ. Ён толькі абамлеў. Колас. Карніцкі нахіліўся, памацаў дрот рукою, прамовіў здаволена: — Будуць свае цвікі! Паслядовіч. [Валя] падышла, памацала замок і невядома колькі часу стаяла каля дзвярэй, стомленая і спустошаная... Шамякін.
2. чым і без дап. Пашукаць некаторы час вобмацкам. Юрка памацаў рукой на паліцы і ўзяў кухонны нож. Курто. Сеў [Віця] у трамвай, памацаў у кішэнях — грошай ні капейкі. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неспадзява́ны, ‑ая, ‑ае.
Нечаканы, непрадбачаны. Неспадзяваны госць. Неспадзяваная вестка. □ Прысутнасць на сходзе Мікалая Вайткевіча была для серадзіборцаў неспадзяванай. Пестрак. — Вашаму батальёну даручана абысці ворага з тылу і панесці першы неспадзяваны ўдар. Грахоўскі. // Які вельмі хутка ўзнік; раптоўны. Тут маці засмяялася, неспадзяваная здагадка мільгнула ў галаве. Кулакоўскі. Напад на [Лаўрэна] быў такі неспадзяваны, што ён нават не адбіваўся. Якімовіч. / у знач. наз. неспадзява́нае, ‑ага, н. І тут здарылася неспадзяванае. Федзя раптам падняўся з-за парты і пайшоў да дошкі. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)