плява́цца, плююся, плюешся, плюецца; плюёмся, плюяцеся; незак.

1. Выкідваць, выдаляць з рота сліну, макроту і пад. Усё радзей і радзей выходзіў за вёску ў сасняк Захар’я, усё часцей і часцей кашляў і пляваўся крывёю. Пянкрат. // Пырскаць слінай у час размовы.

2. Пляваць адзін на аднаго.

3. перан. Выказваць нездавальненне чым‑н., абурэнне. Як ні пляваўся, ні лаяўся [дзед], а давялося на гэты раз схадзіць ужо ў сельсавет. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́зны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і позні. Ужо позны час, глыбока ночка, А хлапчукі сядзяць маўкліва І навакол глядзяць пужліва. Колас. Ўжо пара мне дадому збірацца, — Вечар позны, а час не стаіць. Багдановіч. — Прыйшлі багатыя і дурныя людзі і забілі .. [птушку] і піскляняты цяпер прападуць: вывадак позны. Самуйлёнак. Мой сябар.. моцна лае мяне за такое пазнае спаннё. Трэба зараз жа ехаць з ім у маёнтак. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́слух, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Пакорнасць, паслушэнства. Байцы ж нашыя — героі, Ты не знойдзеш гэткіх армій.., Што за послух у казарме! Купала.

2. ‑у. Абавязак, ускладзены на кожнага манаха або паслушніка ў манастыры.

3. ‑у. Чутка, пагалоска. Можа, таму і пусцілі па вёсцы нядобразычлівыя языкі послух, што, вядома ж, Дарафей — нейкі бязладны. Даніленка.

4. ‑а. Гіст. Сведка на судзе ў Старажытнай Русі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасвідрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

1. Зрабіць у чым‑н. адтуліну пры дапамозе свідравальнай прылады. Без асаблівага намагання, пакуль ісці на вячэрнія заняткі, я за тры дні навылёт прасвідраваў у камені дзірку для чаранка сякеры. Карпюк. Ва ўрочышчы Плаўе пабудавалі два добрыя дамы для пастухоў і даярак, выгарадзілі жэрдкамі кашары, прасвідравалі артэзіянскую студню, парабілі карыты, паставілі кармакухню. Сабаленка.

2. і без дап. Свідраваць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праспе́кт 1, ‑а, М ‑кце, м.

Вялікая, звычайна шырокая і прамая вуліца ў горадзе. Убраліся ў чырвань праспекты і плошчы І ў цвецень вясковую — дрэвы садоў. Хведаровіч. За апошнія гады гэты, некалі шумны і ажыўлены, праспект неяк прыціх, быццам пасталеў. Шыцік.

[Ад лац. prospectus — від, агляд.]

праспе́кт 2, ‑а, М ‑кце, м.

1. Падрабязны план, змест (навуковай работы, навучальнага дапаможніка, часопіса і пад.). Праспект падручніка.

2. Даведачнае выданне рэкламнага характару.

[Ад лац. prospectus — від, агляд.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пратачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што і без дап.

1. Выканаць на такарным станку. Пратачыць паз.

2. Тачыць некаторы час. Пратачыць цэлую гадзіну.

пратачы́ць 2, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

1. Праесці, прагрызці дзіркі, хады, канаўкі ў чым‑н. (пра чарвякоў, насякомых, грызуноў). А што як пацукі за ноч прагрызуць дзірку і праточаць грошы? Лупсякоў.

2. Прамыць дзірку ў глебе (пра цякучую ваду).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́шчур, ‑а, м.

Далёкі продак, родапачынальнік. Калі далёкі прашчур лічыў шчасцем сагрэцца ля кастра, то сучасны чалавек ставіць сабе за мэту пакарыць час, стаць поўным гаспадаром у сусвеце. Гіст. бел. сав. літ. Адсюль, дзе некалі былі берагі Нямігі, чаўны далёкіх прашчураў мінчан шыбавалі ў няблізкі свет. Ліс. Дзе ні днюю, ні пачую, Дзе ні мушу крок спыніць — Так і чую, так і чую. Мова прашчураў звініць! Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прут, ‑а, М пруце, мн. пруты, ‑оў; м.

1. Тонкая доўгая палка без сучча. Выбіраецца [для вуды] прамы, моцны і гнуткі прут. Матрунёнак. Дзед доўгім прутам спорваў спелыя яблыкі, а ўраднік збіраў. Мурашка.

2. Доўгі металічны стрыжань. [Юрка] стаіць у сваім ложку.., трымаецца аберуч за жалезны прут і то смяецца адназубым роцікам, то.. зусім як бацька ляскае языком. Брыль. [Паўліку] і дзеду ўступілі месца пад акном, пераплеценым жалезнымі прутамі. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́т, ‑у, М ‑веце, м.

1. Тое, што і прывітанне (у 2 знач.). Прывет я шлю прыродзе, людзям І громам шумных навальніц. Колас. Воля, воля дарагая, Шлю з-за крат табе прывет! Таўлай.

2. Ласкавыя, добразычлівыя адносіны да каго‑н.; дружалюбны прыём каго‑н. [Маці:] — Добры чалавек у нас у сяле ў любой калгаснай хаце прывет і прытулак знойдзе. Краўчанка. Дарагі не абед, а прывет. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Прыціснуцца, прыпасці да каго‑, чаго‑н. Страпянуўся Міколка, удыхнуў паветра глыбей і, упаўшы на калені, прынік да маці. Лынькоў. За акном пачуліся крокі і зараз жа знаёмы Зосін тварык прынік да шыбы. Лупсякоў.

2. перан. Разм. Прыціхнуць, страціць бадзёрасць. [Ліпачка] яшчэ больш прынікла, сцішылася. Сабаленка. [Яўхім:] — Ды і Сафрон трохі прынік — прыглядваўся, ці па нораву жонцы яго разбойная жытка. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)