запрацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

1. Захапіўшыся работай, забыцца пра час. Зося гэтак шчыра запрацавалася, што не [ў]бачыла, як яе агарнула ноч. Чарот.

2. Стаміцца ад працяглай або цяжкай работы. [Бацька] застаў Колю за сталом, з апушчанай на рукі галавой. «Запрацаваўся, бедны... — паспачуваў бацька. — Відаць, памногу задаюць». Якімовіч. Тыдні цераз два Прыбыў з камандзіроўкі ён дадому. Змарнелы, замучаны, вядома, Баліць спіна і галава. І дзіўнага няма — запрацаваўся. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запява́ла, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е; Т ‑ай, ж.

1. Спявак (спявачка), які (якая) выконвае запеў у харавых спевах. За гутаркаю пасыпаліся песні; запявалам вызваўся Хлор. Гартны. У гуртку мастацкай самадзейнасці і на вечарынках .. [Мар’яна] заўсёды была запявалай. Стаховіч.

2. перан. Разм. Пачынальнік, зачыншчык чаго‑н. Мы гартаваліся У баях і ў працы дбалай, Мы небывалага юнацтва запявалы. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згрупава́ць, ‑пую, ‑пуеш, ‑пуе; зак., каго-што.

Аб’яднаць у групу (групы); размясціць групамі. Згрупаваць ударныя сілы войск. □ За гады вучобы ў школе Лена згрупавала вакол сябе верных сябровак. Няхай. // Раскласіфікаваць на аснове якіх‑н. аднародных прымет. Згрупаваць дэталі па іх форме. □ Калі згрупаваць фактары, якія залежаць і не залежаць ад прыродных умоў, і зрабіць разлік, то значнасць фактару прыродных умоў для прадукцыйнасці працы будзе больш відавочнай. «Весці».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змані́ць, зманю, зманіш, зманіць; зак.

1. Сказаць няпраўду; схлусіць. Калі маці спыталася: а дзе ж хлеб? — Ганна хацела выдумляць, што згубілі акрайчык, але Аленка не магла зманіць маці. Сабаленка. — Нас тут ззаду група, — на ўсякі выпадак зманіў Чыжык. Лупсякоў.

2. каго-што. Спакусіць пайсці куды‑н., за кім‑н. ці зрабіць што‑н. Хто зманіў, хто звёў дзяўчыну? Счуў жаніх праз дзень прычыну. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Змучыўшыся, страціць свежасць; схуднець. Сілу ўсю сваю аддаў на пана І змарнеў, нібы трава, стары. Смагаровіч. За якую-небудзь гадзіну твар урача змарнеў так, нібы ён цяжка перахварэў і нядаўна ўстаў са шпітальнага ложка. Алешка. // Спыніць развіццё, рост; зачахнуць, звяць (пра расліны). Калі на няшчасце раннія каліўцы падмерзнуць ці па якой прычыне змарнеюць, то застанецца надзея яшчэ на познія каліўцы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змясі́ць, змяшу, змесіш, змесіць; зак.

1. што. Ператварыць у аднародную вязкую масу, размешваючы, размінаючы, расціраючы што‑н. у вадзе (вадкасці); замясіць. Змясіць цеста. Змясіць гліну.

2. што. Разм. Памяць, пашкодзіць, топчучы; здратаваць. Коні змясілі авёс.

3. перан.; каго. Разм. Моцна пабіць, пакалечыць. Знайшлі дваровыя людзі пана без памяці — так змясіў яго Рымша. Якімовіч. Юзік так змясіў калом Янка, што .. [жонка] за некалькі месяцаў ледзь яго адхадзіла. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зню́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і са злучн. «што».

Разм.

1. Адчуць, пазнаць па паху. [Сёмка] так прапах сосам, што яго можна было за паўвярсты носам знюхаць. Колас. [Хорт] пацягнуў носам і зараз знюхаў зайца. Гарэцкі.

2. перан. Даведацца пра што‑н.; пранюхаць. [Паўліпка:] Што ж гэта нешта татавага зяця так позна ні слуху, ні духу? Ці не знюхаў ён, што ў мяне пасагу нямашака? Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

буй 1, буя́, М на буі́; мн. буі́, буёў; м.

Высокае, адкрытае з усіх бакоў для ветру месца. Гэта быў даволі высокі буй, парослы верасам і дробным сасоннічкам. Броўка. Але ляжаць за сумётамі было зацішней і ўтульней, чым на буі. Грахоўскі.

буй 2, бу́я, М на буі́; мн. буі́, буёў; м.

Сігнальны паплавок на рацэ, возеры, у бухце для абазначэння мелі, месца рыбацкай сеці і пад.

[Гал. boei.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бурало́м, ‑у, м.

1. Лес, дрэвы, паломаныя бурай. [Віця:] — Учора ведаеш якая навальніца шуганула. Франтальная. За Студзёнкай на тры кіламетры лес палажыла. Максім Рыгоравіч кажа — тысячы дзве кубаметраў буралому. Шамякін.

2. Вялікай сілы вецер; бура, якая ідзе па лесе і ломіць дрэвы. У лесе далёка-далёка шуміць нешта — ідзе буралом. Каваль. Дрэвы вывернуты з карэннем або перабітыя напалам, як быццам тут прайшоў страшэнны буралом. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца белым. Некалькі разоў твар Паліводскага зменьваў свой колер: то чырванеў, то зелянеў, то бялеў. Чорны. Ноч яшчэ спала, хоць на ўсходзе пачынала ўжо бялець неба. Дамашэвіч.

2. Вылучацца сваім белым колерам, віднецца (пра што‑н. белае). Зараз жа за Выганамі па шырокім пляцы, што раздзяляў дзве вёскі, Выганы і Высокае, паказалася школа.. прыветна бялеючы шырока раскрытымі аканіцамі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)