стос і стус, ‑а, м.

1. Роўна зложаныя адзін на адзін рады чаго‑н.; штабель. Стос дошак. □ Парканы, хаты, стусы бярвенняў на вуліцы перад дварамі — усё набывала новае, незнаёмае аблічча, загадкава-прыгожае і прывабнае. Навуменка.

2. Пакладзеныя слаямі адзін на адзін якія‑н. прадметы. Стос кніг. Стос пісем. □ На зэдліку каля прыпека ляжаў стос жоўтых бліноў і пачаты кружок авечага лою. Дуброўскі. Апейка кінуў позіркам на стус газет, складзеных ускрай стала. Мележ. / у знач. прысл. сто́сам (сту́сам). Стосам ляжаць побач настольныя цыраты. Пестрак. І фарба друкарская ёсць, І стусам паперу наклалі. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́ка, ‑і, ДМ суцы, ж.

1. Самка хатняга сабакі, а таксама іншых жывёлін сямейства сабачых. Валачашчая сука прыбілася сюды [у хату] і паспела ўжо тут ашчаніцца. Вялікая, худая .. яна ляжала на падлозе, і шасцёра сляпых шчанят смакталі яе. Чорны.

2. Разм. груб. Ужываецца як лаянкавае слова (звычайна ў адносінах да жанчыны). Да .. [Любкі] даносіўся ўсё яго [Анісіма] голас: Іш, сука паганая! Лынькоў. Зірнуўшы ў твар .. [Сузону], Пілацеіха падалася назад, ускрыкнула, як назваў яе сукай, і, уцякаючы ў пакоі, істэрычным голасам пачала крычаць. Галавач. // Наогул пра подлага чалавека. [Анкудовіч:] — Сука ты, Сцяпан. Самі паліцэйскія сказалі, што падказаў ты. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увачаві́дкі, прысл.

1. Хутка, на вачах. Прыпякала сонца, і яркая зелень знікала, трава бляднела, вяла ўвачавідкі. Васілевіч. Па стрэхах хат .. снег ужо растае і салома падсыхае ўвачавідкі. Брыль. Увачавідкі раслі новыя вёскі, людзі вылазілі з гіблых зямлянак, спраўлялі наваселлі. Дуброўскі. Марыва туману ўвачавідкі рабілася празрыстым, пачало паступова раставаць. Краўчанка. // Імгненна. Твар старшыні ўвачавідкі наліваўся крывёю. Сабаленка. Збялеў хлапец увачавідкі. Бачыла.

2. Сваімі вачамі, асабіста; наглядна. Упэўніцца ў праўдзе ўвачавідкі. □ Сяляне ўвачавідкі ўбачылі, што грамадой ім [пад сілу] любая задача. Навуменка. І вось цяпер, перагортваючы старонкі старых блакнотаў, нібы ўвачавідкі бачыш тыя незабыўныя сустрэчы. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбо́ч, прысл. і прыназ.

1. прысл. Збоку, на нейкай адлегласці ад чаго‑н. Дзядзька, апусціўшы лейцы, нокнуў на коніка, сам пайшоў па сухім, узбоч. Навуменка. Максім ішоў узбоч, весела махаючы пугай. Шамякін. / З прыназ. «ад» утварае спалучэнне з Р. — Што ты робіш?! — пачуў я ўзбоч ад сябе рэзкі .. голас. Кулакоўскі.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «узбоч» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на размяшчэнне каго‑, чаго‑н. у баку каго‑, чаго‑н. Перайшоўшы Стадольскі мост,.. [Шалюта] ўбачыў узбоч дарогі пусты Варановічаў газік. Дуброўскі. Спынілася аўтамашына Узбоч гравейкі, у цяньку. Прануза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узвы́сіць, ‑вышу, ‑высіш, ‑высіць; зак., каго-што.

1. Паэт. Узняць увысь, увышыню; падняць вышэй навакольнага. Праз дзесяць дзён будынак школы На голым дзікім пустыры З граніту ўзвысяць навасёлы. Астрэйка.

2. Надаць каму‑, чаму‑н. больш высокае грамадскае становішча або значэнне. Узвысіць па службе. // перан. Падняць чый‑н. аўтарытэт. Мне хацелася зрабіць нешта асаблівае, выключнае, што ўзвысіла б мяне ў вачах дзяўчыны, дазволіла стаць упоравень з ёй. Навуменка.

3. Павысіць, зрабіць больш моцным (пра голас). — Гаворыш абы-што! — узвысіў голас і Станкевіч. Арабей.

4. Павялічыць, павысіць (цану і пад.). Узвысіць цэны на прамысловыя тавары.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́рпкі, ‑ая, ‑ае.

Кіславата-даўкі. Церпкія ягады. Церпкае віно. □ Квас летні, церпкі, падкіслены падгарэлымі хлебнымі скарынкамі, а конаўка медная. Навуменка. Неяк адразу пацяжэлі ад церпкага крывянога соку гронкі каліны. Паслядовіч. — Прысядзь і выпі кубак, брат! Мо’ церпкай здасца гэта брага. Я сам садзіў свой вінаград, Я знаю вартасць спелых ягад. Танк. / Пра пах. Налібока, Налібока... Мімаволі шырыш вока: Цёмна ў засені прытоенай, Церпкім водарам настоенай. Кірэенка. Коля сышоў са сцежкі, наламаў вялізны букет, прыпаў да яго тварам і на поўныя грудзі ўдыхаў церпкі водар. Жычка. Церпкі водар імху казытаў у носе. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкада́,

1. безас. у знач. вык., каго-чаго або з інф. Пра пачуццё жалю, спагады і пад. да каго‑, чаго‑н. Ай, танцоры! Ай, музыкі! Пашкадуйце чаравікаў, Пашкадуйце свае ногі, Калі не шкада падлогі! Танк. Шуру шкада падсякаць гонкія, прыгожыя бярозкі. Навуменка.

2. безас. у знач. вык., чаго або з інф. Пра нежаданне аддаць, страціць і пад. што‑н. [Іліко:] — Сімон казаў, што яму нічога не шкада для мяне. Так ён мяне любіць. Самуйлёнак. Кроў не вада, разліць шкада. Прымаўка.

3. у знач. пабочн. На жаль. Прыехаць, шкада, часу няма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шык, ‑у, м.

1. Раскоша; форс, элегантнасць. Ого! З шыкам жывеш! Можна пазайздросціць. Шамякін. [Жончына] заўсёднае сціплае і простае ўбранне нібы супярэчыла таму шыку, з якім апранаўся Луцкевіч. Машара. // Асаблівым паводзіны, манеры, разлічаныя на тое, каб паказаць сябе перад кім‑н. Казіная ножка — асаблівы шык і вызначае пераважна тых, хто служыць ва ўзводзе пешай разведкі. Навуменка. З пэўным шыкам, частуючы Косцю «Казбекам»,.. [Грушэўскі] падміргнуў: — Усе мы не без граха. Карпюк.

2. у знач. вык. Разм. Задавальняе ў вышэйшай ступені, з’яўляецца найлепшым. Цяпер па модніц люба глянуць: Уборы — шык, адменны густ!.. Бачыла.

[Фр. chic.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

энцыклапе́дыя, ‑і, ж.

1. Навуковае даведачнае выданне ў выглядзе слоўніка, дзе звычайна даюцца асноўныя звесткі па ўсіх або па асобных галінах ведаў. Музычная энцыклапедыя. Медыцынская энцыклапедыя. Вялікая Савецкая Энцыклапедыя. □ Наталля Пятроўна, зноў сеўшы ў крэсла, праглядала том энцыклапедыі. Шамякін. // Мастацкі твор, які шырока і ўсебакова адлюстроўвае жыццё. «Новую зямлю» [Я. Коласа] справядліва называюць энцыклапедыяй жыцця беларускага селяніна канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Навуменка.

2. Кніжн. Прыведзены ў сістэму агляд розных раздзепаў, галін якой‑н. навукі, уводзіны ў курс якой‑н. навукі. Экзамен па энцыклапедыі права.

[Ад грэч. enkýklios paidéia — навучанне па ўсяму кругу ведаў.]

•••

Хадзячая энцыклапедыя — пра адукаванага чалавека, які валодае самымі разнастайнымі ведамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

благаславі́ць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; зак., каго-што.

1. Перахрысціць каго‑н. са словамі малітвы, з пажаданнем удачы, шчасця. [Янка Андрэю:] — Валяй, браце. Абедзвюма рукамі благаслаўляю цябе ў дарогу. Няхай будзе яна насыпана жоўценькім пясочкам! Колас. Добрай матчынай рукою Благаславі на трудны шлях. Глебка.

2. Ухваліўшы, накіраваць на што‑н. Калі ж, палаючы ў агні, мяне Радзіма Пазвала ў паход у грозны час, — На подзвігі яна благаславіла І матчын аддала мне свой наказ. Русак. // Ухваліць, даць згоду на што‑н. — Давайце, хлопцы, пачынайце, — благаславіў Варанецкі. Дуброўскі. Але выбіраць не прыходзілася, і Панасюк, які вярнуўся ад шаўца з добрымі весткамі, благаславіў гэты сумесны твор у друк. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)