філе́ 1, нескл., н.

1. Мяса вышэйшага гатунку з сярэдняй часткі хрыбта тушы.

2. Кусок мяса або рыбы. ачышчаны ад касцей. // Ежа з такога мяса. Спяшаючыся, я з’еў сваё рыбнае філе. Некалькі разоў за гэты час я лавіў на сабе позірк жанчыны і зразумеў, што яна хоча яшчэ нешта сказаць. Кірэенка.

[Фр. filet.]

філе́ 2, нескл., н.

Вышыўка на сетцы з нітак або ажурная вязка.

[Фр. filé.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хры́пнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да хрыпець.

хры́пнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

Пачынаць гаварыць хрыпла, траціць чыстату голасу. Паліна заглянула ў блакноцік.. А палове сёмай — нарада. Як надакучылі яны!.. Амаль кожны дзень — адна за другой. Спрачаюцца, аж хрыпнуць людзі. Савіцкі. Аж хрыпнуць пад вятрамі каштаны. Нясе ў глыбіні адарваны буй... Бураўкін. // Станавіцца хрыплым (пра голас). У спевака голас пачаў хрыпнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ца́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Хуценька хапаць рукамі, зубамі, кіпцюрамі і пад. Дарэктар выдаўся мяркоўны І лепшы нават, як свой кроўны; Умей з ім толькі пагадзіцца, раменным вушкам паддабрыцца Ці падшыванку звіць на лапаць, — За вуха ён не будзе цапаць. Колас. // Лапаць, мацаць рукамі. — А ён [немец] вызверыўся ды зноў мяне цапае, рукаў ад блузкі ледзь не адарваў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ціхо́ня, ‑і, ДМ ‑ю, Т ‑ем, м.; ДМ ‑і, Т ‑яй (‑яю), ж.

Ціхі, лагодны, ціхмяны чалавек. Аднойчы гэты ціхоня, які, здавалася, і мухі не мог пакрыўдзіць, учыніў такое, што не кожны даваў веры. Сіняўскі. І вось Волька скончыла вучобу не горш, а, можа, нават і лепш за Петруся. Вось табе і ціхоня Волька. Хто б мог падумаць!.. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарнама́зы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які мае цёмную скуру, смуглявы. У прыадчыненых дзвярах паказаўся член сельсавета, высокі, хударлявы і чарнамазы. Крапіва. За будкі прывязаны коні, старыя [цыганы] паважна ідуць і кураць, а бойкія, чарнамазыя хлапчукі .. выстаўлялі ручкі і прасілі хлеба. Каваль.

2. Брудны, выпацканы, мурзаты. Ды развеяў настрой чалавеку Качагар, чарнамазы, як чорт... Ён, як прывід, з’явіўся аднекуль, Нахіліўшыся злёгку на борт. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца чорным, больш чорным. Снягі набраклі талаю вадою І з кожнай хвіляй чэзнуць і чарнеюць. Свірка. Павесілі галовы сланечнікі, не дзярэцца на платы гарбузнік, чарнее бульбянік. Навуменка.

2. Вылучацца сваім колерам (пра што‑н. чорнае). На сцяне чарнелі хамуты і густа пахлі дзёгцем. Чорны. Ложак панура чарнеў сеткаю. Мележ. За акном чарнела асенняя ноч. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́біць, чублю, чубіш, чубіць; незак., каго.

Разм. Тузаць каго‑н. за валасы; біць, лупцаваць. [Насця:] — Не смейце лгаць, а то ўзлуюся І буду чубіць вас — вось так! Колас. [Дробаў:] — Я ж — палюбоўна, па шчырасці... Яшчэ і кажуць так: хто каго любіць, той таго і чубіць. Ракітны. / у вобразным ужыв. І зараз зноў ён [Фантанаў] шэфа чубіць, Каб даў камандзіроўку на Чукотку ці ў Караганду... Валасевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чуллі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан чуллівага. І толькі дома, за сталом, калі выпіў другую чарку і стаў да слёзнасці добрым — чуллівасць да сына ўжо не ўмесцілася ў ім, — і Даніла не вытрымаў, устаў з месца і працягнуў цераз стол Сцяпану руку: — Здароў яшчэ раз, сын! Капыловіч. Беларускай песеннай творчасцю некаторыя захапляліся шчыра, адчуваючы яе хараство, далікатную чуллівасць, паэтычнасць. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаг, ‑у, м.

1. Разм. Тое, што і крок (у 1, 2 і 5 знач.). Караль раптоўна абарваў гутарку: за варотцамі пачуліся чыесьці шагі. Гартны. // Самы павольны алюр. Коні натужна скрануліся з месца і, пераходзячы з шагу на рысь, памчалі па зімніку. Лынькоў.

2. Спец. Пэўная адлегласць паміж суседнімі аднатыпнымі элементамі (у механізмах, дэталях якіх‑н. машын). Шаг разьбы. Шаг зубчастага кола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́йка, ‑і, ДМ шайцы, ж.

Разм. Група людзей, якія ўчыняюць разбой, злачынствы; банда. Шайка бандытаў. □ Гэта была шайка паліцаяў, якія, баючыся атрымаць належную плату за сваю службу немцам, цяпер туляліся па цёмных кутках. Васілевіч. // Неадабр. Пра кампанію людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, учынкі і паводзіны якіх асуджаюцца грамадскасцю. Шайка жулікаў. □ Поп, земскі начальнік, прыстаў, спраўнік, гэта, брат, — усё адна шайка. Колас.

[Ад латыш. šaika — шмат народу.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)