непрыя́зь, ‑і, ж.
Тое, што і непрыязнасць (у 2 знач.). Аб усім .. [Заслонаў] гаварыў з такім веданнем справы, з такім перакананнем, што ў Жэні Коршаня паступова знікла ўсякая непрыязь да «начальніка рускіх паравозных брыгад». Шчарбатаў. Шыковіч падумаў пра.. [дзяўчыну] з непрыяззю: «Прымасцілася, каб адпрацаваць свае два гады. На завод не пайшла, чортава лялька». Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нераскры́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які яшчэ не раскрыўся, не распусціўся (пра пупышкі, кветкі). Шышкі кедра паспяваюць толькі пад восень другога года і асыпаюцца нераскрытымі, з насеннем ўнутры. Гавеман.
2. Які застаўся нерастлумачаным, нявыяўленым. Нераскрытае злачынства. □ У зборніку [«Беларуская дарэвалюцыйная проза»] шырока прадстаўлены творы малавядомых пісьменнікаў, а таксама невядомых аўтараў, псеўданімы якіх асталіся нераскрытымі. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нітава́цца, ‑туецца; незак.
1. Злучацца нітамі 1.
2. перан. Злучацца, сплятацца; звязвацца. І песня шчасця чуецца Між сёл і гарадоў, А з песняй той нітуецца Геройства і любоў. Кляшторны. І ўночы Галі не далі спакою думкі: яны нітаваліся адна з адною, і ўсё больш думалася пра Стася. Сабаленка.
3. Зал. да нітаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязжа́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які застаўся на корані (пра злакавыя расліны). У лагчынах з поля — яно было справа — на шашу пасля цяпла дыхнуў рэдзенькі, халодны вецер, прынёс пах нязжатага ячменю і сухога сена. Пташнікаў.
2. Такі, на якім засталіся на корані злакавыя расліны. Пералівы жоўта-зялёнага колеру дрыжалі над нязжатым полем. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязна́йка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑найцы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Пра чалавека, які нічога не ведае. — Закон? — Наркевіч з нялюбасцю глянуў вялікімі сваімі вачыма на Чапялевіча. — Вы знаеце законы. А ці ведаеце вы, што закон забараняе красці? А крадзяце. Ну дык чаго вы цялём прыкідваецеся, нязнайкам. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няспе́шны, ‑ая, ‑ае.
Які робіць што‑н. без спеху (пра чалавека). Няспешны ў рухах, разважлівы, заўсёды з усмешкай, лагоднай і хітраватай, Макар Сяргеевіч падабаўся людзям. Шыцік. // Які адбываецца без спеху; павольны, спакойны. Няспешная гутарка. Няспешная гульня. □ Аляксей Іванавіч увайшоў у пакой цяжкім няспешным крокам. Шашкоў. // Які не патрабуе спешнага выканання. Няспешная работа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
о́дум, ‑у, м.
Разм. Стан разважання, засяроджанасці, паглыблення ў сябе, у свае думкі. Часамі.. [Волечку] агортваў одум. Яна думала пра.. [Кастуся] і шкадавала яго. Чорны. Я ішоў у парк і стаяў там, ахоплены одумам. Сачанка. Мы развіталіся з добрым Мацвеем Давідзюком, і я пайшоў дадому, апанаваны такім одумам, ад якога аж галава, здавалася, разломвалася. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паглумі́цца, ‑глумлюся, ‑глумішся, ‑глуміцца; зак.
1. з каго-чаго, над кім-чым і без дап. Паздзекавацца, панасміхацца. Вот зажадалася каршуну беламу паглуміцца над дзяўчынай простай! Нікановіч. Хіба патрэбна [Ясю] такая бяднячка, як яна. Проста ён задумаў нешта благое, хоча паглуміцца з раскошы. Чарнышэвіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Папсавацца — пра ўсё, многае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падно́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад паднасіць.
2. у знач. прым. Паношаны, не зусім новы (пра адзенне, абутак і пад.). Нясцерпна было холадна ў летніх штанах, лапленых-недалапленых, не грэла і падношаная фуфайка. М. Ткачоў. // перан. Разм. Стараваты, змарнелы. Нікуды не ляціць, нібы прывязаны нейкай прысягай, звычайны, нават падношаны бусел. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падрабя́знасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць падрабязнага. Падрабязнасць паведамлення.
2. Прыватная дэталь, дробная акалічнасць якой‑н. справы і пад. [Мікола і Таня] абгаварылі ўсе падрабязнасці будучага вяселля: і калі яго пачаць, і каго запрасіць, і як трымацца на людзях. Новікаў. Наведвальнікі паведамлялі ўсё новыя і новыя падрабязнасці пра палёт Цітова, і Зіна толькі і слухала іх. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)