ста́йня, ‑і, ж.

Памяшканне для коней, канюшня. Конюх выпускае з стайні коней На вясёлы вадапойны збор. Астрэйка. Са стайні конюх вывеў на шпацыр варанога жарабца. Чарнышэвіч.

•••

Аўгіевы стайні (канюшні) — пра вельмі забруджанае памяшканне, а таксама аб справах, у якіх пануе поўнае бязладдзе, блытаніна (ад грэчаскага міфа пра стайні цара Аўгія, што не чысціліся 30 год і былі вычышчаны Гераклам за адзін дзень).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старава́ты, ‑ая, ‑ае.

Ужо не малады, крыху стары (у 1, 3 знач.). [Дзяўчына:] — А Даніла стараваты, А Кірыла сумнаваты, Выйду замуж я за Саву, Працавіты ён на славу. Дзеружынскі. — Здаецца, нічога, — адказаў ветэрынар, гледзячы каню ў зубы. — Стараваты, ды не зусім. У абоз. Якімовіч. // Не новы, устарэлы. [Васіль Ігнатавіч:] — Тут замінка ў тым, што ў цябе, Патапавіч, іншы раз думкі крыху стараватыя. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́мы, ‑ая, ‑ае.

Вельмі круты. Скалісты, ззаду асветлены прам[янямі] бераг быў стромы, як сцяна, высокі — больш за дзвесце метраў. Брыль. Рака ўвесь час пятляе, па абодва бакі яе шырокія заліўныя лугі. На заваротах — адзін бераг нізкі, пясчаны, другі — стромы, круты. Сачанка. [Дзеці] павольна абышлі ўжо тры бакі будыніны і цяпер павінны былі выйсці на чацвёрты бок, што выходзіў на стромы адхон. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сурма́ 1, ‑ы, ж.

1. Хімічны элемент, серабрыста-белы метал, ужываецца ў тэхніцы і медыцыне. Сплавы сурмы.

2. Уст. Чорная фарба для валасоў, броваў і пад.

сурма́ 2, ‑ы; мн. сурмы, ‑аў; ж.

Старажытны ўкраінскі народны музычны інструмент у выглядзе доўгай драўлянай трубы, які выкарыстоўваўся пераважна як сігнальны. Дзесьці ў шале коні Скачуць перад боем, І ў стэп[е] рыдаюць Сурмы за сялом. Трус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схо́ды, ‑аў і схо́дкі, ‑дак; адз. няма.

Лесвіца; ступенькі лесвіцы. Выходзячы пасля работы з рэдакцыі, Чорны вешаў загнуты кіёк на балясіну сходаў. Лужанін. На сходах галоўнага ўвахода [Ніну] дагнаў Швыдрык. Лобан. Кожны ранак .. [Валя] разам са сваімі сяброўкамі па працы прыходзіць сюды, узбіраецца па засмечаных друзам сходках і бярэцца за кельму. Пестрак. З садовай дарожкі ў раку схадзілі к самай вадзе сходкі з парэнчамі. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таксі́, нескл., н.

Легкавы або грузавы аўтамабіль, прызначаны для перавозкі пасажыраў або грузаў з аплатай па таксометру. [Цёця Каця:] Вельмі твой дырэктар па двор углядаецца. У яго другім галава занята. Учора адвячоркам з Зіначкай за горад імчаў на таксі, дык аж пыл курэў. Крапіва. Узнік быў план узяць таксі, але і план гэты мы вымушаны былі адхіліць, бо невядома было, куды ж урэшце ехаць. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тача́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Лёгкая рысорная павозка з адкрытым кузавам для запрэжкі пары коней. Туравец адчуваў .. плячо [Марыі Андрэеўны], якое ад пакалыхвання тачанкі то прыпадала лёгка да яго, то аддалялася. Мележ. // Павозка такога тыпу, забяспечаная кулямётам (у кавалерыі перыяду грамадзянскай вайны). Во спачатку йдзе пяхота, За ёй конніца і танкі, На машынах едуць роты, А там — быстрыя тачанкі. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трум, ‑а, м.

1. Месца паміж палубай і днішчам судна, прызначанае для розных грузаў. Магутныя пад’ёмныя краны даставалі вялізныя скрыні з карабельных трумаў. Шамякін. На параходзе і вакол яго кіпела работа. Высачэзныя стрэлы лябёдак то апускалі свае доўгія хобаты ў трум парахода, то падымаліся адтуль з грузам і ныралі за борт, на прыстань. Бяганская.

2. Памяшканне пад сцэнай у тэатры.

[Гал.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умасці́цца, умашчуся, умосцішся, умосціцца; зак.

1. Разм. Зручна размясціцца. Два грузчыкі .. умасціліся спераду, каля самай кабіны, тварам супроць ветру, які не пыліць ім у вочы, а толькі прыемна халодзіць. Брыль. Кругом сядзелі, ляжалі, хто дзе ўмасціўся. Лобан. Каля .. [Бабіцкай і Аксені] ўмасцілася кошка, мурлыкаючы сваю песеньку. Гурскі.

2. Абл. Уладкавацца дзе‑н. [Пракоп] кінуўся ў раён і ўмасціўся там за наглядчыка на рынку. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уніфо́рма, ‑ы, ж.

1. Форменнае адзенне (аднолькавае для ўсіх людзей якой‑н. групы). Вайсковая уніформа. □ Следам за Трусам я праціснуўся ў цямнейшы куток, дзе мы і ўладзіліся.. на ўвесь вечар, пацеючы ў сваіх жоўтых паўкажушках, якія былі ў той час нейкай своеасаблівай студэнцкай уніформай. Лужанін.

2. зб. У цырку — персанал, адзеты ў спецыяльныя аднолькавыя касцюмы, які абслугоўвае арэну ў час выступлення артыстаў.

[Фр. uniforme.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)