Тро́кнуць ‘сказаць не падумаўшы’ (Рэг. сл. Віц.). Відаць, роднаснае рус. дыял. трёкать ‘гаварыць (пра пустыя, неабгрунтаваныя выказванні)’, тре́кать ‘біць, калаціць’, якія Куркіна (Этимология–1983, 27) пры чаргаванні асноў збліжае з балг. тра́кам ‘стукаць, трашчаць’, тре́ква, тре́кне ‘біць, калаціць’ і больш далёкім літ. trė̃kti ‘нішчыць, разбураць’ няяснага паходжання (Смачынскі, 684). Гукапераймальнае (?), параўн. балг. трак‑трак ‘грук-грук’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трубло́ ‘пражорлівы конь ці карова’ (Яўс.), ‘пражора’ (астрав., Сл. рэг. лекс.; полац., Нар. лекс.; лаг., Гіл., Барад.), ‘чэрава’ (рас., ЛА, 1, Шатал., Нік., Оч., Юрч. Мудр.), трубла́ты ‘чалавек з тоўстым жыватом’ (Касп., Сцяшк. Сл.; в.-дзв., Шатал.). Утворана ад трубі́ць2 < труба1 (гл.), параўн. трубі́лапра абжорлівага’ (Каўрус, Словаклад), пры ад’ідэацыі трыбу́х (гл.). Гл. таксама трабло, трыбло.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тылылы́пра балбатню: пыча́лі ны пяць часоў тылылы́ (мсцісл., Нар. лекс.), звычайна ў спалучэнні біць тылылы́ ‘гультаяваць, займацца нявартаснымі справамі’ (Янк. БФ, Сержп. Прык.). Параўн. укр. тили‑ли́, тілі‑лі́ позняе гукаперайманне з частковай рэдуплікацыяй (Смаль-Стоцкі, Приміт., 59). Звычайна ў музычных прыпевах; рус. дыял. талалы́‑балалы́ і пад. (Фасмер, 4, 14; ЕСУМ, 5, 507). Гл. талала, тылі-тылі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

...граф, ‑а, м.

Другая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: а) які займаецца апісаннем прадмета, паказанага ў першай частцы, напрыклад: бібліёграф, этнограф; б) які займаецца графічным узнаўленнем з дапамогай сродкаў, паказаных у першай частцы, напрыклад: пітограф, фатограф; в) які запісвае тое, што паказана ў першай частцы (пра апараты і інш.), напрыклад: сейсмограф, фанограф.

[Ад грэч. graphō — пішу.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гэ́тулькі, Р мн. гэтулькіх, займ. і гэтулькі, прысл.

Разм. Тое, што і столькі. — Добры малы... Гадоў з пятнаццаць, мусіць? — Дзе там! — рашуча замахала рукамі Валя. — Яму гэтулькі гадоў, колькі і нашаму Міхасю. Якімовіч. [Нявада] гэтулькі пытаўся ў людзей пра гэтае месца, і дзе яно, і хто тут жыве, і хто ім уладае. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бажо́к, бажка, м.

1. Памянш. да бог.

2. Статуэтка, якая ўвасабляе бажаство.

3. Разм. іран. Пра чалавека, які выклікае захапленне ў каго‑н. Здаралася, ля дзядзькі аказваўся прыгожы і чысценькі піжончык — гэткі бажок вуліцы..; бажок касавурыўся на дзядзькаў мех і, крывячы рот, усё адсоўваў ад яго свае райскія туфлі і штонікі. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ціснуцца, ‑нецца; зак.

1. Выступіць на паверхні пад уздзеяннем ціску. Выціснуўся сок з яблыка. // перан. З цяжкасцю, вымушана з’явіцца (пра знешняе праяўленне пачуццяў). З губ .. [Скуратовіча] выціснулася вялая ўсмешка. Чорны.

2. Выпасці, выламацца ад ціску, націскання.

3. Прабіраючыся праз што‑н. цеснае, вузкае, выйсці, выбрацца. Выціснуцца з натоўпу.

4. Утварыцца ў выніку выціскання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гадава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; незак.

1. Праводзіць дзе‑н., у якіх‑н. умовах сваё дзяцінства, раннія гады; расці. Дзядзька Марцін ведаў лес добра, у лесе гадаваўся, жывёлу пасвіў, грыбы збіраў. Колас. // Жыць, вырастаць (пра свойскіх жывёл, птушак). На ферме гадуюцца сотні цялят.

2. Зал. да гадаваць.

•••

Як гадуешся(цеся) — як справы, як жывецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Варажыць: прадказваць што‑н. па якіх‑н. прыметах. Па зімах гадаюць пра лета. □ На рамонках [Аксана] гадала: Ці кахае, ці не? Бачыла.

2. Выказваць здагадкі, меркаваць. Не сніў, не думаў, не гадаў, што так са мною стане. Пушча. Спыніўшыся на лузе, хлапчукі Услых гадаюць: — Хто ідзе такі? Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

га́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злосна гаўкнуць (пра сабаку).

2. што і без дап. Разм. Моцна і адрывіста крыкнуць. Гаркнуў дзед на ўсё горла: — Музыку, марш вясельны! Лынькоў. // Прыкрыкнуць на каго‑н. Антось гаркнуў цераз стол на жонку, і бабская лаянка спынілася. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)