папле́ціна, ‑ы, ж.
1. Прут, якім прымацоўваецца салома да лат пры крыцці страхі. Сарваўшы кастрыцу з вільчыка, вецер адарваў паплеціну і раскрыў цэлы рад саломы. Пальчэўскі. Больш за тыдзень Адам са сваімі памочнікамі крыў абору. Хлопцы-падлеткі надавалі яму кулі, паплеціны. Сабаленка.
2. Абл. Жэрдка (лата, прут, дошка), якая кладзецца на кроквы. Вывеў стары цясляр зруб, паставіў кроквы, прыбіў паплеціны. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парадо́кс, ‑а, м.
Думка, меркаванне, якое разыходзіцца з агульнапрынятымі поглядамі, супярэчыць разумнаму сэнсу. // Кніжн. Нечаканая з’ява, якая не адпавядае звычайным уяўленням у навуцы. Матэматычны парадокс. Лагічны парадокс. // Разм. Недарэчны збег акалічнасцей, які супярэчыць разумнаму сэнсу. [Зося:] Мама мая на дваццаць гадоў маладзей за тату, і яе забралі ў армію, мама — хірург. У нашу армію.. А тата працуе ў немцаў. Парадокс. Шамякін.
[Ад грэч. parádoxos — нечаканы, дзіўны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парапе́т, ‑а, М ‑пеце, м.
1. Невысокая сцяна, агароджа ўздоўж моста, набярэжнай і пад. Першы мост цераз Марачанку — праз два кварталы. Гнілы ўжо, учарнелы. Андрэй прыпыніўся на ім, за парапет зірнуў. Лобан. І, як вокам кінуць, утульны пясчаны бераг ад гранітнага парапета прыбярэжнай вуліцы да самага пеністага прыбою быў запознены людзьмі. Лынькоў.
2. Уст. Вал, насып у цытадэлях, крэпасцях для аховы ад ворага.
[Іт. parapetto.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паску́днік, ‑а, м.
Разм. груб. Той, хто робіць гадасці, паскудства. — Як бы гэта лёгка было жыць на зямлі, каб за кожнае паскудства паскуднік чакаў немінучай кары. Караткевіч. — А зараз, выходзіць, я вінаватая, што той паскуднік, бацька маёй дарагой дачушкі, гэтак зганьбіў усё і ўцёк, як шкодны кот. Радкевіч. // Ужываецца як лаянкавае слова. [Ладымер:] — Што ты робіш, паскуднік! Лом у садзе ты пазбіраў? Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасла́ннік, ‑а, м.
1. Дыпламатычны прадстаўнік адной дзяржавы ў другой, рангам ніжэй за пасла.
2. Кніжн. уст. Тое, што і пасланец. Пайшоў ён [Алёша] пасланнікам іхнім, Палез да вяршыні па схілу, І згаслі пажары, Грымоты заціхлі, Адчуўшы, што ўзняўся асілак. Калачынскі. Сплю ў каменным сховішчы кватэры, Але што там бухае, як цэп? Хто так гулка стукаецца ў дзверы? Гэта ты, пасланнік поля — Хлеб. Макаль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць сталым; памужнець. Цяпер Ліда пасталела і трымалася ў адносінах да настаўніка стрымана і нават як бы трохі холадна. Колас. Леташнія васьмікласнікі сталі дзевяцікласнікамі. Пасталелі, паразумнелі. Пачалі больш сур’ёзна ставіцца да ўсіх пытанняў школьных і жыццёвых. Дубоўка. Што за карысць, што малады і прыгожы, калі кручаны і невядома калі пасталее. Чорны. Я дарос, пасталеў на вайне. Таўлай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патру́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да патруля. Патрульная служба. Патрульны абход. // Які выконвае абавязкі патруля, знаходзіцца ў патрулі. Патрульны самалёт. Патрульны салдат. □ Непадалёк, за эстакадай прайшло ваеннае патрульнае судна берагавой аховы. Лынькоў. // у знач. наз. патру́льны, ‑ага, м. Пра чалавека. З жыта выйшаў патрульны: — Адкуль? — У мяне ён пытае, — З Мінска... Куляшоў. Па насыпе прайшла паволі група патрульных. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паты́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Тыцкаць некаторы час; тыцнуць некалькі разоў. А ваўкі патыцкалі пысамі ў спіну, чмыхнулі і, не зачапіўшы ні Анастассі, ні Алёнкі, пагналіся за канём. Гроднеў. Даўгавата чакаў, а ён [ліс] усё не паказваецца. Потым, бачу, вылазіць і памаленьку, прынюхваючыся, ідзе ў мой бок. Пасля спыніўся, пакруціўся на адным месцы, патыцкаў носам у гной і давай яго разграбаць. Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пахвальба́, ‑ы, ж.
Разм.
1. Выхваленне сваімі справамі, учынкамі і пад.; самахвальства. Сцяпану хацелася расказаць дзяўчыне, што вось ён толькі што ўратаваў ад смерці дзіця.. Але ён баяўся, каб гэта не прагучэла пахвальбой, і змаўчаў. Шамякін.
2. Тое, што і пахвала. [Коля] мог абсачыць за суткі шырокі круг мясцовасці, .. вярнуцца яшчэ загадзя ў атрад і выслухаць пахвальбу і падзяку камандзіра. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пацямне́лы, ‑ая, ‑ае.
Які пацямнеў, стаў цёмным. Моўчкі, нібы запамінаючы, .. [Алесь] сядзеў перад карцінай у пацямнелай ад часу раме. Караткевіч. У лесе і ў палях пачынала цямнець, шэры асенні вечар борзда апускаўся на зямлю; разам з ім і нейкі смутак лажыўся на гэтыя пацямнелыя далі. Колас. Яго крыху пацямнелыя за восень і зіму валасы рассыпаліся на два бакі і падалі на лоб. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)