маёнткавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да маёнтка. [Алесь:] — За гэтай чарговай мерай мы адменім прыгон. Магчыма, праз год. І не так, як у праектах, а з зямлёй. Паступова падзелім усіх, не толькі сялян, а і беззямельную шляхту, раздаўшы большасць маёнткавай зямлі. Караткевіч. Прыйшлі маёнткавыя чалавек шэсць з крукамі і сякерамі і расцягнулі па бервяну хату. Чорны.
2. Які валодае маёнткам. Маёнткавая шляхта.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маёўка, ‑і, ДМ маёўцы; Р мн. маёвак; ж.
1. Нелегальны сход рабочых у дарэвалюцыйнай Расіі ў дзень 1‑га Мая (звычайна за горадам). На сярэдзіне маёўкі прыбег вартаўнік шляху і сказаў, што ўперадзе відаць поўна сялянскіх фурманак. Мурашка.
2. Вясенняя загарадная прагулка, гулянне на ўлонні прыроды. Кожны год у дзень Перамогі ўвесь калектыў завода выязджаў на маёўку на паўвостраў Самшытавы. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маладня́к, ‑у, м.
1. Маладыя жывёлы, птушкі. Яны, пяцікласнікі, узялі шэфства над калгасным маладняком, будуць жарабят даглядаць. Курто.
2. Малады лес. Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць, уступаючы сваё месца маладняку. В. Вольскі.
3. зб. Разм. Маладыя людзі, моладзь. Нас не любяць, нас баяцца Поп кудлаты і кулак, Бо рашыў за працу ўзяцца Камсамольска маладняк. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
манасты́р, ‑а, м.
1. Абшчына манахаў або манашак, якая, маючы свае землі і капітал, утварае царкоўна-гаспадарчую арганізацыю. Вёрст за трыццаць ад маёнтка Залуцкіх знаходзіўся мужчынскі манастыр. Асіпенка. // зб. Члены гэтай абшчыны.
2. Царква, жылыя памяшканні і тэрыторыя, якія належаць гэтай абшчыне. Манахі прыязджалі наглядаць месца, каб будаваць манастыр, але пачалася вайна, і манастыра не пабудавалі. Галавач.
•••
Падвесці пад манастыр гл. падвесці.
[Ад грэч. monastērion.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мармуро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мармуру. Мармуровае радовішча. Мармуровыя работы. // Зроблены з мармуру. Цагліны, як у казцы, самі клаліся адна на другую, а ўслед за гэтым прыгожыя ўзоры з мармуровых плітак пакрывалі сцены. Шахавец.
2. перан. Падобны на мармур; белы, гладкі. Мармуровы твар. □ Мармуровыя званочкі ландыша цягнуцца да сонца, сумна праводзячы яго, недаступнае і ні разу не ўбачанае. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жада́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад жадаць.
2. у знач. наз. жада́ючы, ‑ага, м. Той, хто жадае атрымаць што‑н., прыняць удзел у чым‑н. Перад смерцю Фрык завяшчаў, каб яго музей маглі бясплатна наведваць усе жадаючыя. Новікаў. Пункт, куды накіроўвалі Жадаючых трапіць да партызан.., знаходзіўся кіламетраў за пяць ад праезджай дарогі... Лынькоў.
3. Дзеепрысл. незак. ад жадаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заваро́т, ‑у, М ‑роце, м.
1. Рэзкая змена напрамку руху; паварот (у 1 знач.). Вось і канец поля, жняярка робіць тут заварот. Лупсякоў. Ля пад’езда загудзела машына і, зрабіўшы заварот, ірванулася ад штаба. М. Ткачоў.
2. Месца, дзе змяняецца напрамак; паварот. Вось з-за рачных заваротаў выплываюць рыбакі са сваімі снасцямі; сур’ёзныя, павольныя постаці. Колас.
•••
Заварот кішак — непраходнасць кішэчніка, выкліканая перакручваннем кішачных петляў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́гарадка і загаро́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Невысокая перагародка, звычайна ўнутры памяшкання. За загарадкаю на свабодна расстаўленых сталах працавала шмат канторшчыкаў. Гартны. Стаеннік злосна грыз зубамі загарадку, неспакойна біў капытоў цагляную падлогу. Васілевіч.
2. Месца, адгароджанае перагародкаю, плотам. Пасярод [хлява] вузкі калідор, а па баках загарадкі для свіннёй, кожнай асобна. Галавач. [Вера] пазаганяла кароў па загародках. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мішэ́нь, ‑і, ж.
1. Прадмет, які служыць цэллю пры вучэбнай або трэніровачнай стрэльбе. Два тыдні страляў Павел у папяровыя мішэнь, катаўся на лыжах каля горада. Шахавец. На плячах .. [Юрка] нясе шчыт з прыклеенай мішэнню. Жычка. // Аб’ект для стральбы, пападання. Стрэлы гучалі адзін за адным, як на стрэльбішчы, толькі мішэнямі служылі жывыя людзі. Дамашэвіч.
2. перан. Аб тым, хто (што) з’яўляецца прадметам нападак.
[Ад перс. mešan — знак.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мышы́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мышы, належыць ёй. Мышыная нара. // Падобны чым‑н. на мыш; такі, як у мышы. Праз акуляры блішчалі маленькія, хітрыя мышыныя вочкі. Бядуля.
2. Такога колеру, як мыш; шэры. Салдаты ў мышыным адзенні атрад за атрадам пачалі знікаць у воблаках пылу і дыму, сярод руін зачасцілі аўтаматныя стрэлы, але крэпасць на іх ужо не адказвала. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)