угаво́р, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. угаворваць — угаварыць. — Адпачыў бы, сынку! Мы і без цябе ўправімся... — Але Кастусь не зважаў на матчыны ўгаворы: з ахвотаю завіхаўся на дрывотні. С. Александровіч. Мае ўгаворы ані не памагалі, а, наадварот, яшчэ болей разжальвалі. Сачанка.
2. Узаемная дамоўленасць аб чым‑н., умова. Па маўкліваму ўгавору і маці і сын да .. [скрыпкі] амаль не дакраналіся. Даніленка. [Віктар:] — Мы сюды ехалі спецыяльнасць пабыць, а нас на катлаван паставілі. Такога ўгавору не было. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
устро́іць, устрою, устроіш, устроіць; зак.
1. што. Наладзіць, зрабіць што‑н. Устроіць ілюмінацыю. Устроіць аблаву. □ [Маці:] — І на табе — вечарынку зноў хлопцы ўстроілі. Масарэнка. // Арганізаваць. [Вера:] — Хлопцы будуць выяўляць параненых. Лазарэт устроім. Паправяцца чырвонаармейцы — хтосьці павядзе за лінію фронту. Асіпенка.
2. што. Учыніць, справіць. Устроіць скандал. □ Гэта Цімох Будзік, спец па часці падпалаў, устроіў такую ілюмінацыю. Колас.
3. каго. Уладкаваць на работу, на якое‑н. месца. Устроіць хлопца на службу.
•••
Устроіць штуку — тое, што і адпаліць штуку (гл. адпаліць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фарфо́равы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фарфору. Фарфоравая маса. Фарфоравы завод. Фарфоравая прамысловасць. // Зроблены з фарфору. Фрау важна сядзела за сталом і лена папівала каву з маленькага фарфоравага кубачка. Брыль. Побач стаяла попельніца — фарфоравы заяц, які грызе капусны ліст. Карпаў.
2. Падобны па свайму выгляду або па якасцях да фарфору. Як не хацеў дзед, каб яны пераязджалі ў горад. Ён і памёр, каб не пакідаць гор, цяністага могільніка і сіняга, фарфоравага неба над галавой. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чужа́к, ‑а, м.
Разм.
1. Тое, што і чужынец. І на душы лёгка: нездарма ён, капітан, арыштаваў прышэльцаў-чужакоў, нездарма ішоў на рызыку, падпаўзаючы да дарогі. Ваданосаў. Станіслаў не разумеў, навошта гэта яму, вярнуўшыся на сваю радзіму, быць як бы чужаком у ёй. Сабаленка.
2. Не родны чалавек, не сваяк. Жонку Макар болей не чапаў. Жыў чужаком у сваёй хаце. Асіпенка. [Іван:] — А можа антыпатыя да .. [дырэктара] ў цябе [Надзя] ад рэўнасці, што ён, чужак, робіцца дарагі тваёй дачцэ? Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чуццё, ‑я, н.
1. Здольнасць жывёл адшукваць што‑н. пры дапамозе органаў пачуццяў, пераважна нюхам. Чуццё падказвае.. [бабраняці], што вада знаходзіцца параўнальна недалёка, і яно імкліва накіроўваецца ў бок канала. В. Вольскі.
2. перан. Здольнасць чалавека заўважаць, угадваць, разумець што‑н. Прафесійнае чуццё. □ [Шыковіч:] — Скажыце, Сербаноўскі, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёміўшыся са справай Савіча? Што падказвае вам чуццё старога чэкіста? Шамякін. Прафесійным чуццём Тышкевіч здагадаўся, што хлопец гэты вельмі падабаўся настаўніцам за свой лагодны характар. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
безжыццёвы, ‑ая, ‑ае.
1. Пазбаўлены жыцця, мёртвы. Візэнер з жудасцю адпіхнуў ад сябе ўжо безжыццёвае цела. Шамякін.
2. Нерухомы, вялы, малавыразны. Правая рука [Каршукова] абыякава ляжала на Ядвісіным плячы. Гэтая безжыццёвая халодная рука чамусьці раздражняла Ядвісю. Асіпенка. У яго [гаспадара] быў безжыццёвы, пусты позірк, і пад вачыма ляжалі цені. Лупсякоў.
3. Без прыкмет якога‑н. жыцця, руху. Моцны звонкі гук набліжаўся, і нельга было зразумець, адкуль ён ідзе: ні то з горада, ні то з безжыццёвых караблёў, што стаяць па той бок бухты. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гармо́нік, ‑а, м.
1. Духавы музычны інструмент, які складаецца з дзвюх дэк, злучаных расцяжнымі рухомымі мяхамі, і клавіятуры. Гармонік усхліпнуў і зноў зайграў — вясёлую прыпевачную мелодыю. Асіпенка.
2. у знач. прысл. гармо́нікам, у гармо́нік. Густымі паралельнымі складкамі (пра паперу, скуру і пад.). Халявы гармонікам. □ Сціснуў [Ігналя] кулакі, насупіў бровы, зморшчыў лоб у гармонік і мармытаў сабе пад нос: — Ліха на мяне! Ліха на мяне! Бядуля.
•••
Губны гармонік — музычны інструмент у выглядзе прадаўгаватай скрыначкі з металічнымі язычкамі і адтулінамі для ўдзімання паветра.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
астудзі́ць, астуджу, астудзіш, астудзіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць халодным або халаднейшым. Астудзіць ваду. □ А на дварэ было парна. Навальніца і ноч не астудзілі дзённай гарачыні. Асіпенка. Паліць гарачае сонца, І вецер яго не астудзіць. Танк.
2. перан. Разм. Стрымаць, суцішыць сілу, палкасць якога‑н. пачуцця, жадання і пад. От што значыць час: ён можа астудзіць, патушыць самы вялікі пажар пачуццяў. Сабаленка. Наведванне пісара Васількевіча яшчэ болей астудзіла ў настаўніку жаданне да далейшых візітаў. Колас. Васіль ураз астудзіў гэтага вяртлявага чалавека. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
атрэ́сці, атрасу, атрасеш, атрасе; атрасём, атрасяце; пр. атрос, атрэсла і атрасла; зак., што.
Трасучы, ачысціць што‑н. ад чаго‑н.; абтрэсці. Старэйшая дзяўчына паднялася, атрэсла са спадніцы траву і пясок. Асіпенка. Капеж зіме хвіліны лічыць, атрэслі снег цяжкі лясы. Машара. // Абабіць што‑н. трасучы, калоцячы; абкалаціць. Атрэсці грушу. // перан. Пазбавіць ад чаго‑н. нежаданага, непрыемнага, дакучлівага. Народы нашы чорнай долі здзек атрэслі, І больш гісторыя кайданаў не начэпіць. Пушча. Зноў зацвітуць лугі, даліны, І атрасуць свой сон лясы. Колас.
•••
Рукі атрэсці гл. атрапаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ком, ‑а; мн. камы, ‑оў; м.
Круглаваты, звычайна зацвярдзелы кавалак якога‑н. мяккага, рыхлага рэчыва. Ком цеста. Ком зямлі. □ Татам мы дапамагалі, Мы ў радочкі цэглу клалі, З гліны клеілі камы. Кірэенка. // Пра што‑н. скамечанае, скручанае. Ком паперы. □ Дана ўзяла посцілку, кажух, падушку, згарнула ўсё ў вялізны ком. Асіпенка.
•••
Ком у горле; ком падкаціўся (падступіў) да горла — пра спазмы ў горле пры адчуванні моцнай крыўды, радасці і пад.
Першы блін комам — тое, што і першы блін камяком (гл. блін).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)