бе́гаць, бегаю, бегаеш, бегае; незак.

1. Тое, што і бегчы, з той розніцай, што бегаць азначае дзеянне, якое адбываецца шматразова ці ў розных напрамках. Бегаць навыперадкі. □ Забыліся, мусіць, каровы, што ў Ігнася пуга доўгая і што моцна ён бегае. Мурашка. / Пра рух машын. А на рэчцы на Арэсе Бегае маторка. Купала. Бегае шпарка на полі жняярка, Жыта паклоны ёй шле. Журба. // Разм. Часта бываць у каго‑н., хадзіць да каго‑н., наведваць каго‑н. [Зося:] — Замаразкі пачыналіся першыя... а я кожную суботу да сваіх бегала вечарамі... Чорны. // Разм. Прабаўляць час, наведваючы каго‑, што‑н., гуляючы дзе‑н. Бегаць па хатах. □ [Маці:] — Вось што, Тараска: годзе ўжо табе каля рэчкі бегаць, лепш занёс бы ты дзядзьку полудзень на Высокі Бераг. Колас. // Быць на паслугах у каго‑н. У драўляным дамку побач чырвонага касцёла.. [Люба] нанялася падмятаць.., бегаць на пасылках. Чорны. // Разм. Шпарка хадзіць, маючы які‑н. клопат, пільную справу, выконваючы пэўную працу. Так.. [Карн] і бегаў цэлымі днямі з калгаса ў калгас, даючы парады і дапамагаючы наладзіць справы. Дуброўскі. // Разм. Увіхацца, абслугоўваць, даглядаць каго‑н. [Дзед:] — Я дам табе, хлопча, бочку мяса і бочку крынічнай вады, але ты папасі адно лета маіх валоў. Бо сам я сляпы: мне цяжка з імі бегаць. Якімовіч. // Разм. Заляцацца да каго‑н. [Лявон:] — Думаеш, ніхто не ведае, што ты [Юзік] за Аленай Сташэвічавай бегаеш? Чарнышэвіч. // Разм. Знаходзіцца ва ўзрушаным стане, усхвалявана рухацца. Бясконца збянтэжаны бегае па пакоі ў сваім гарадскім доме Няслаўскі. Мурашка.

2. Займацца бегам як спортам. [Наташа] стала фізкультурніцай: хутчэй за ўсіх бегала, вышэй скакала, выдатна плавала. Шамякін. // Імкліва рухацца на каньках, лыжах.

3. Разм. Хутка рухацца (аб прадметах, пальцах, вачах і пад.). Мне ўжо не трэба думаць, на які клавіш націскаць, — пальцы самі бегаюць. Жычка. Пяро ў руках Рыбіна бегае хутка. Пестрак. [Тодаравы вочы] няўпэўнена бегалі па тварах, кані ён аглядаўся на залу. Крапіва. // Разм. Мільгацець (пра рух святла, ценяў, падзенне сняжынак і інш.). Бледныя водсветы палахліва бегалі па вершалінах дрэў. Лынькоў. Густыя цені Бегаюць па сценцы. Колас. Сняжынкі белыя Над полем бегалі, Ляталі, лёгкія І мітусіліся. Глебка. // Разм. Адлюстроўвацца, праяўляцца ў выразе твару (пра ўсмешку). Другі быў кароценькі і шустры, з крываватым носам і гладка пабрыты. На яго губах бегаў салодзенькі смяшок. Колас. А на [Зосіным] твары .. так і трапятала, так і бегала заварожлівая ўхмылка. Гартны. // Разм. Распаўсюджвацца, ахопліваць сваім дзеяннем. Па сцяне ад гароду пад суднікам і па шырокіх дзвярах бегаў агонь. Пташнікаў.

4. Разм. Пра перыяд палавой актыўнасць ў кароў.

•••

Бегаць як падсмалены — знаходзячыся ва ўзрушаным стане, хутка насіцца.

Мурашкі бегаюць па спіне (скуры, целе) гл. мурашкі.

Па завуголлю бегаць — пазбягаць працы.

Па нітачцы бегаць — быць паслухмяным, дысцыплінаваным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Ка́лінь, ко́лінь ’калі-небудзь’ (пін., Нар. лекс.). Прыклад мадэлі, рэпрэзентаванай такімі ўтварэннямі ў гаворцы, як дэнь ’дзе-небудзь’, хтонь ’хто-небудзь’, кудань ’куды-небудзь’, шчонь ’што-небудзь’. У рус. гаворках адзначаны ўтварэнні тыпу коли не, колино, якія адлюстроўваюць іншы тып утварэння і па значэнню не супадаюць з бел. прыкладам. Магчыма, аб такой самай рэдукцыі другога слова (якое ўспрымаецца як складанае з істотна рознымі па функцыі часткамі?) сведчыць і адзначанае на іншай тэрыторыі каліль, коліль. Ізаляванасць гэтых форм дазваляе меркаваць, што яны другасныя і паходзяць ад колінь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Ла́бар, ла́бор ’чалавек, які ходзіць па вёсках і мястэчках і збірае ахвяраванні па царкву’ (Гарад.). Усечаная форма з грэч. τό λαββώνιον або λαββώνιος ’чашка, келіх’ — першапачаткова, відаць, збіралі ахвяраванні ў чашу. Магчыма, лексема звязана з грэч. λαβή ’атрыманне’; суфікс яна атрымала пад уплывам усх.-слав. лобур/ лобырь, параўн. укр. лобур, лобурисько, ло́бурка, лобуряка ’тс’, ’гультаявалі, бяздзейны чалавек’, а таксама ўкр. харк. лобурь, рус. кур. лобур ’нязграбны, хмурны чалавек, які глядзіць з-пад ілба, буркун’, лобырь ’(дакорліва) мажны чалавек’. Апошнія, аднак, да лоб 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саба́чкі1 ’расліна ваўчкі паніклыя, Bidens cernuus L.’ (Гарэц., Кіс.), ’ваўчкі трохраздельныя, Bidens tripartia L.’ (Бяльк., Дэмб. 1), ’ваўчкі паніклыя і трохраздзельныя’ (Касп., Дэмб., 1), ’ваўчкі’ (Сл. ПЗБ). Рус. соба́чки ’асот, лопух, дзед’. Да сабачка1; расліна названая па вострых учэпістых пладах. Параўн. Мяркулава, Очерки, 98.

Саба́чкі2 ’кветка львіны зеў’ (Бяльк.), ’кветкі-фіялкі’ (Сцяшк. Сл.), ’зарніца звычайная’ (мазыр., Жыв. сл.). Да сабачка1, відаць па знешняму падабенству кветак да морды сабакі.

Саба́чкі3, сабачукі́ ’невялікія сані’ (Сл. ПЗБ). Да сабачка1. Падрабязна гл. пад сучкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

го́галь, ‑я, м.

1. Вадаплаўная птушка пад. сямейства качыных.

2. Фасон мужчынскай футравай шапкі.

3. у знач. прысл. го́галем. Важна, ганарыста (хадзіць, трымаць сябе). На перапынках Венька хадзіў па класе гогалем. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гро́хат, ‑а, М ‑хаце, м.

Вялікае рэшата для прасейвання сыпкіх матэрыялаў (збожжа, пяску, вугалю) і сарціроўкі іх па велічыні. // Машына з рашотамі, сітамі для такой самай мэты. Прапусціць мінеральныя ўгнаенні праз грохат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грэнадзёр, ‑а, м.

1. У 17–18 стст. салдат, навучаны кіданню ручных гранат.

2. У царскай арміі і некаторых зарубежных арміях — салдат або афіцэр адборных (па высокаму росту) пяхотных і кавалерыйскіх часцей.

[Фр. grenadier.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакупі́цца, ‑куплюся, ‑купішся, ‑купіцца; зак., чаго (часцей з адмоўем).

Купіць што‑н. з цяжкасцю, па высокай цане. Галеча на вёсцы абвастрылася. У .. лясным краі сяляне сядзелі без дроў: нельга было дакупіцца. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

багамо́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Жан. да багамолец. [Андржаяка:] Па дарозе я спаткаў Ці то ўбогую, ці проста багамолку. Клімковіч. Дзве старыя бярозы, як багамолкі, высяцца абапал брамы. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бады́ль, ‑я, м.

Тое, што і бадыліна. Хлопец блукаў вачыма па агародзе Раманюкоў, дзе тлустая, чорная зямля, кукурузныя бадылі, маса лісцяў яблынь, вінаграду і гародніны сведчылі, што тут сабраны багаты ўраджай. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)