пажы́так, ‑тку, м.
1. гл. пажыткі.
2. Здабыча, пажыва. [Адам:] — Сюды, проста на кашару, і перліся, нячысцікі. Мабыць, [ваўкі] нюхам вынюхалі, што тут пажытак добры. Сабаленка. // толькі адз.; перан. Тое, што дае матэрыял для думак, размоў і пад. Пажытак для роздуму. □ Стылізаваныя пад фальклор вершы Чачота былі спробай даць селяніну духоўны пажытак, блізкі і зразумелы яму, навучыць яго жыць лепш, багацей. Ярош.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́кулле, ‑я, н.
1. зб. Кароткае грубае валакно, непрыгоднае для пражы, якое адходзіць пры апрацоўцы льну або канапель. Усе шчыліны заканапачаны пакуллем — ды так добра і гладка, што люба воку глянуць. Пестрак. Андрэй сунуў рукі ў вядро з нафтаю, патрымаў іх там крыху, потым пачаў выціраць пакуллем. Васілёнак.
2. Спец. Пучок пянькі або кудзелі для ўшчыльнення або заканапачвання чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непрывы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, да якога не прывыклі; які з’яўляецца новым для каго‑н. Здзіўлены і моцна ўражаны Пракоп нясмела сеў за стол у гэтай непрывычнай для сябе абстаноўцы. Колас. У вестыбюлі была цішыня. Непрывычная, нейкая застыглая. Васілёнак.
2. Які не мае прывычкі, звычкі да чаго‑н. Лучына дыміць і чадзіць. Непрывычнаму чалавеку было б кепска пры гэтым асвятленні. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напры́клад, пабочн.
Для прыкладу (ужываецца пры пералічэнні, пры паясненні слова ў сказе, для ілюстрацыі папярэдняга выказвання). На ўроках мовы праводзяцца розныя віды работ, напрыклад: дыктанты, сачыненні, ізлажэнні. □ [Ян:] — Кожны гаворыць тое, што яму хочацца, айцец Сцяпан. Я, напрыклад, не замінаю вам. Чарнышэвіч. [Паўлік:] — Усе могуць выказаць сваю думку. Але не гуртам, а па аднаму. Я, напрыклад, лічу, што прапанова Толі заслугоўвае ўвагі. Рунец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насе́ннік, ‑а, м.
1. Расліна або яе плод, пакінуты на насенне. Тытунь-насеннік. Агурок-насеннік. □ [Дзяўчына] была на дзялянцы, прарывала бурачкі, даглядала насеннікі. Сабаленка. // Дрэва, якое пакідаецца для абсемянення высечанага ўчастка лесу. Дуб-насеннік.
2. Спец. Участак, прызначаны для вырошчвання раслін на насенне. — Паважаны Аксён Верамеевіч, не ўсякая трава ідзе на насенне. Вунь у нас насеннікі, — паказаў Варанецкі за канаву. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераво́д, ‑а і ‑у, М ‑водзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераводзіць — перавесці.
2. ‑а. Грашовае адпраўленне праз банк, па пошце, тэлеграфе. Пелагея Іванаўна адпачывала, калі паштальён прынёс грашовы перавод. «Звязда». Неўзабаве маці атрымала ад.. [бацькі] перавод на дзесяць тысяч рублёў. Гроднеў. // Разм. Бланк для такога адпраўлення.
3. ‑а. Рэйкавы пуць для пераходу саставаў вагонаў з адной каляі на другую. Стрэлачныя пераводы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сі́лас, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Сакавіты корм для жывёлы, які атрымліваецца пры заквашванні здробненых кармавых культур у спецыяльных збудаваннях (вежах, траншэях, ямах і пад.). Закладка сіласу. □ У першы год свайго гаспадарання, калі туга было з кармамі, Шаманскі прапанаваў Міхалу Кахновічу абіраць людзей і касіць асаку на сілас. Дуброўскі.
2. ‑а. Спец. Вежа або яма для захавання такога корму.
[Ісп. silos.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спрыя́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які спрыяе, памагае чаму‑н.; карысны для чаго‑н. І тут паўстала пытанне: дзе можна наглядаць за жыццём чаек у найбольш спрыяльных і характэрных умовах? В. Вольскі. Дактары параілі Цётцы перамяніць вільготны львоўскі клімат, паехаць куды-небудзь, дзе больш спрыяльны клімат для яе хворых лёгкіх. Панізнік.
2. У якім выяўляецца прыхільнасць, павага да каго‑н. Спрыяльныя адносіны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трыно́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Жалезны абруч на трох ножках, які з’яўляецца падстаўкай для чыгуна, катла і пад. у час гатавання ежы на адкрытым агні. У бледным полымі стаіць трыножка, на якой — вялікі чыгун. Брыль. Выраўняўшы плыты ля нізкага берага, .. [плытагоны] прыносілі ў лагчыну трыножку і чыгунок для юшкі, разводзілі вогнішча. Карамазаў. // Козлы, да якіх падвешваецца кацёл.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́шачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да гульні ў шашкі, звязаны з ёй. Шашачны турнір. □ — А н-ну, хто са мною асмеліцца?.. От глядзіце, я пайшоў! — і.. [загадчык фермы] пасунуў сваю шашку далёка за лінію шашачнага поля. Палтаран. // Прызначаны для гульні ў шашкі. Шашачны столік. Шашачная дошка.
2. Размешчаны так, як размешчаны клеткі аднаго колеру на дошцы для гульні ў шашкі. У шашачным парадку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)