распасо́ўка 1, ‑і, ДМ ‑соўцы; Р мн. ‑совак; ж.

У спорце — некалькі перадач мяча адзін другому членамі адной каманды.

распасо́ўка 2, ‑і, ДМ ‑соўцы, ж.

У картачнай гульні — становішча, калі ўсе ігракі адмаўляюцца ад ігры і аб’яўляюць пас. [Іван Пятровіч] заказаў тады яшчэ адзін круг распасоўкі, але і тут яму не пашанцавала — нахапаў узятак болей за ўсіх. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распраме́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

1. Асвятліць чым‑н. Сонца распраменіла наваколле. // звычайна ў форме дзеепрым.; перан. Ажывіць, асвятліць якім‑н. пачуццём, настроем і пад. Вера з Максімам сядзелі ўжо на канапе. Максім трымаў яе за руку, глядзеў у распрамененыя радасцю вочы і ўсё расказваў, расказваў. Машара.

2. Зак. да распраменьваць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. распух, ‑ла; зак.

1. Моцна апухнуць; ацячы. Чыжык вельмі пахудзеў за гэты час, некалі бялёсы твар яго пачарнеў ад ветру і доўгага сядзення ля кастроў, губы патрэскаліся і распухлі. Лупсякоў. Хлопчыка пакусалі пчолы, ён увесь распух і пакутаваў страшэнна. Васілевіч.

2. перан. Разм. Моцна павялічыцца ў памерах. Ручай распух і выйшаў з берагоў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм.

1. Рабіць каму‑н. суровую вымову. Па дарозе .. [Іван Мацвеевіч] часта спыняе машыну. На лесапілцы распякае нядбайных мужчын за тое, што ўсюды параскіданы каштоўны піламатэрыял. Хведаровіч.

2. Выклікаць у каго‑н. моцнае ўзбуджэнне, гнеў, раздражненне. Чыжык спыніўся. Злосць, а найбольш крыўда распякалі яго. Лупсякоў. Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассціла́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разаслацца.

2. Размяшчацца на вялікай прасторы. Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку сінеў лубін. Шамякін. Абапал дарогі рассцілаліся зялёныя лугі. Мядзёлка.

3. Слацца нізка над паверхняй чаго‑н. Дым ішоў у глыбіню лесу і рассцілаўся там па зямлі. Кулакоўскі.

4. Зал. да рассцілаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

растлума́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Тлумачачы, раскрыць сэнс чаго‑н., зрабіць ясным, зразумелым. — Ён [Коля] жмінда, — памаўчаўшы, заявіў Алеська. — Што гэта за жмінда? — не зразумеў Сашка. — Зайздрослівы, прагны да ўсяго, — растлумачыла Пюрка. Даніленка. Сабралі камандзіраў і камісараў атрадаў, растлумачылі ім баявую задачу. Шамякін. Чаму яна, гэта песня, прыйшла цяпер мне на памяць, я не магу растлумачыць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхіста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пачаць доўга і моцна хістацца. Спрытны Ра пераскочыў на суседнюю галіну, але яна так нахілілася і расхісталася, што другім няма чаго было і думаць .. [ісці] за ім. Маўр.

2. Стаць хісткім, няўстойлівым ад хістання. [Пётр:] — Расхісталіся гайкі, нож стукае, а там і сарвацца можа. «Звязда».

3. перан. Стаць слабым; расстроіцца. Дысцыпліна расхісталася. Здароўе расхісталася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расцяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разабраць, разнесці за некалькі прыёмаў, у розныя месцы. Ніжніх лесвіц няма — расцягалі на дровы, на верхніх ярусах — густыя пераплёты коса пастаўленых клетак. Навуменка. Абгніў, абваліўся паркан. Праўда, .. [Алеся] сама пакрысе яго расцягала. Скрыган. // Раскрасці. Пайсці ў лес, гэта значыць кінуць усё дабро. А хіба яно застанецца цэлае! Яго ж расцягаюць дарэшты. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́тмістр, ‑а, м.

У дарэвалюцыйнай Расіі — афіцэрскі чын у кавалерыі, які адпавядаў чыну капітана ў пяхоце, а таксама асоба ў гэтым чыне. Сярод усіх стаяў на каленях .. у мундзіры ротмістра блакітных уланаў сам граф Браніслаў Ельскі. Пестрак. Парог пераступіў жандарскі вахмістр з ліхтаром у руках, за ім тры гарадавыя, чалавек у цывільным і жандарскі ротмістр. Колас.

[Польск. rotmistrz.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; незак.

1. Старацца, клапаціцца, непакоіцца аб кім‑, чым‑н. Старанная дзяўчына, якая ведала і любіла сваю работу, рупілася аб калгасе, заўсёды была патрабавальнаю. Дуброўскі. Можа ў вас якая адрынка ёсць? — спытаў Андрэй, заўважыўшы, аб чым рупіцца гаспадар. Кулакоўскі.

2. Хацецца. Ім [бабулям] не сядзіцца доўга ў цяньку — Усё ім за варотцы выйсці рупіцца. Свірка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)