кладо́ўка, ‑і, ДМ ‑доўцы; Р мн. ‑довак; ж.

Памяшканне для захавання прадуктаў харчавання, тавараў, сыравіны і пад. [Конюх Рыгор] вынес з кладоўкі хамут, падсядзёлак і лейцы. Якімовіч. [Гаспадыня] разам з маслам прынесла з кладоўкі гладышык малака. Пальчэўскі. // перан. Пра тое, што захоўвае ў сабе вялікія багацці, мае важнае значэнне. Падземныя кладоўкі. □ Лес — гэта яшчэ і кладоўка вільгаці і «лёгкія» зямлі — ён ачышчае, фільтруе ад пылу, копаці і гразі паветра. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дарэ́мшчына, ‑ы, ж.

Разм.

1. Што‑н. дармавое, бясплатнае. Нельга квапіцца на дарэмшчыну. □ — А пан няхай скіне жупан ды сам вядзе саху! — жартавалі мужчыны. Нябось, думалі яны, каб пан меў права ні прыгон, то так лёгка не адрокся б ад дарэмшчыны! Якімовіч.

2. Несправядлівае абвінавачанне; нагавор, паклёп. — Не кажы глупства, — ужо са злосцю паглядзеў на Ягора Чубар, якому вельмі не хацелася, каб узводзілася дарэмшчына на групу палкавога камісара. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

драбі́ны, ‑бін; адз. драбіна, ‑ы, ж.

1. Драўляная прыстаўная лесвіца. [Хлопцы] залазілі .. [на вышкі] па высокіх драбінах .. праз закотнае акенца. Якімовіч. У хляве было аж пад бэльку сена. Да яе была прыстаўлена драбіна. Пташнікаў.

2. Сялянскія калёсы з рашотчатымі бакамі. У нядзельку раненька, ледзь толькі займала чырвань па ўсходзе, Лабановіч сядзеў ужо на сене ў драбінах і выязджаў з вёскі. Колас. Двор поўніўся людскім гоманам; рыпелі колы ёмістых драбін, бразгала жалеза. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ду́мацца, ‑аецца; безас. незак.

1. Уяўляцца ў думках; здавацца. Не то сніцца, не то думаецца Агею пра тое страшнае, што здарылася з ім у асеннюю раніцу. Крапіва. [Любе] думалася, што з кожнага акна на яе паказваюць пальцамі. Чорны.

2. Аб стане роздуму, разважання, абдумвання чаго‑н. [Косцік] любіць марыць у адзіноце. Тады неяк лёгка і раздольна думаецца. С. Александровіч. Дзе ўзяў бацька ключ, каб адамкнуць хату — аб гэтым не думалася. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адрэ́з, ‑а, м.

1. Кавалак тканіны, адрэзаны для пашыву чаго‑н. Дзядуля адчыніў [куфар] і дастаў адтуль адрэз моцнага корту цёмнага колеру. Якімовіч. Ці не занадта яркая расфарбоўка для маёй старой? — разгладжваючы крыху пакамечаны адрэз на плацце, спытаў .. [Красан] у Гашы. Стаховіч.

2. Тое, што і абрэз (у 1 знач.). [Андрэй:] — Дзе ў каго ёсць якія адрэзы, вінтоўкі, няхай бяруць з сабою ў лес. Пестрак.

•••

Даць галаву на адрэз гл. даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскату́рхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Абудзіцца ад сну. — Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ.. Пятрусь, хоць і глухаваты і спіць яшчэ моцна, раскатурхаўся хутка, сцяміў, у чым справа. Брыль. Язэп доўга не мог раскатурхацца ад сну, і таму Кастусь запрагаў каня сам. Якімовіч. // перан. Выйсці са стану пасіўнасці, разварушыцца. Шнураў канчаткова раскатурхаўся пасля бакала шампанскага, заспяваў «А ў полі вярба», усе падхапілі і дружна праспявалі песню. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расха́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Хадзіць павольна ўзад і ўперад. Як і ўчора, расхаджваў вартавы, ціха насвістваў. Навуменка. // Павольна хадзіць; прагульвацца. Міхалка спаважна расхаджвае па садзе між казачнага пчалінага гарадка з рознакаляровымі домікамі. Якімовіч. // Шмат хадзіць, часта бываць дзе‑н., у каго‑н. Расхаджваць па гасцях. // Разм. Хадзіць у тым або іншым адзенні. Нехта з членаў камітэта нясмела падаў голас: — Сам Дывінец вунь звузіў калошы, дый у [сты]льным гальштучку расхаджвае... Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

справа́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

Разм. Імкнучыся пазбавіцца ад каго‑н., адправіць куды‑н., выправадзіць. Каб не мучыць доўга брата ў кутку пад палацямі, Параска стараецца хутчэй справадзіць сябровак з хаты або сама бяжыць з імі на двор. Якімовіч. // Збыць што‑н.; пазбавіцца ад чаго‑н. І вось, зашыўшыся на печы, Ён [Алесь] разважае недарэчы: Як тут зрабіць і што парадзіць? Куды б «закон» яму справадзіць? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спусто́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спустошыць.

2. у знач. прым. Зруйнаваны, разбураны. Назаўтра Мікола блукаў па спустошаным і спаленым горадзе, шукаў знаёмых. Якімовіч. // Неўрадлівы (пра глебу). Поле панскае аралі, Секлі [беднякі] тоўстыя камлі І без хлеба паміралі На спустошанай зямлі. Грахоўскі. // перан. Які страціў маральныя сілы, здольнасць да актыўнага, творчага жыцця. Нейкі асаблівы, востры напал ва ўзрушанасці Варановіча працяў і .. [Тодара], ён разам адчуў сябе перад Варановічам бездапаможпым, спустошаным. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сусе́дні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца паблізу, побач, размешчаны па суседству. [Валя] саскочыла, азірнулася ў бакі і шмыгнула пад састаў, што стаяў на суседнім пуці... Мележ. Дзяцел нехаця ўзняўся з бярозы і пераляцеў на суседнюю. Даніленка. У суседнім пакоі стаялі па-святочнаму прыбраныя сталы, ярка гарэлі лямпы. С. Александровіч.

2. Які жыве па суседству з кім‑н. Аднойчы гуляў пан у карты і выйграў у суседняга пана маёнтак. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)