хараство́, а, н.

1. Сукупнасць якасцей, якія прыносяць задавальненне, асалоду зроку, слыху; усё прыгожае і прыемнае. Хараство беларускай прыроды. Хараство мора. □ Здаецца, дзеля таго толькі і сходзяць.. [летнія ночы] на зямлю, каб паказаць, што ў цёмнай цішыні ёсць і паэзія і хараство. Колас. Жніво для.. [Зіны] — гэта нават і не работа, а толькі асалода, не той занятак, ад якога баліць і ные спіна, а суцэльнае хараство і ўцеха. Кулакоўскі.

2. Краса, прыгажосць, чароўнасць. Хараства такога ў свеце Не было, не будзе; Аб ёй [Бандароўне] людзі гаварылі, Як аб нейкім цудзе. Купала.

•••

Не з хараства ваду піць гл. піць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бала́ст, ‑у, М ‑сце, м.

1. Груз, які забяспечвае ўстойлівасць і асадку карабля, а таксама груз для рэгулявання вышыні палёту аэрастата. Скінуць баласт. // Дамешка да лёгкага, дробнага насення або мінеральнага ўгнаення, якая забяспечвае раўнамерны пасеў.

2. перан. Пра што‑н. лішняе, непатрэбнае. Кнігі такога парадку, не асветленыя ўласным бачаннем і перажываннем, а выдуманыя ад пачатку да канца, — цяжкі баласт. Лужанін. // Пра чалавека, які не прыносіць карысці. [Нявідны:] — Задача сходу — разгарнуць работу.. Арганізаваць партызанскі актыў, іначай вы не людзі змагання,.. а мёртвы баласт. Колас.

3. Спец. Верхні слой чыгуначнага палатна з шчэбеню, гравію, шлаку, які надае ўстойлівасць рэйкавай каляі. А вось.. насып пачаў прасадку даваць... Баластам выціскае гэты грунт... Шынклер.

[Гал. ballast.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кары́та, а, М ‑рыце, н.

Прадаўгаватая пасудзіна, выдзеўбаная з дрэва або збітая з дошак, якая скарыстоўваецца звычайна для кармлення жывёлы. Дубовае карыта. Свіное карыта. □ [Наталля] дастала з печы чыгун паранай бульбы, пасекла ў карыце і замяшала свінням. Чорны. Калі гусяняты заканчвалі выбіраць насамі-лодачкамі корм з карытаў, дзяўчынкі гналі іх на возера. Даніленка. // Пра старое, непрыгоднае судна, лодку. Усхапіўся дзядзька мокры, брудны, А вынік спробы той паскудны: Чаўнок не човен, а карыта, І нос і частка дна адбіта. Колас.

•••

Лезці не ў сваё карыта гл. лезці.

Разбітае (старое) карыта — пра што‑н. старое, непрыгоднае. — Гэта не машына, а старое карыта, сэр. Тарантас фермера Молі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спача́тку, прысл.

1. У першы момант. Хлопцам страшна было спачатку, а пасля ўсякі страх мінуў. Колас. — Між іншым, мы з вамі з аднаго цэха, — засмяялася дзяўчына. Алесь спачатку здзівіўся. Шыцік. // Напачатку чаго‑н. (шляху, працы і пад.). Спачатку.. [партызаны] ішлі балотам, асцярожна шукаючы нагамі больш цвёрдага месца. Шчарбатаў. // Перш за ўсё, папярэдне, раней. Пачынаем дзень спачатку Фізкультурнаю зарадкай. Раз — налева, Два — направа, Крок наперад, Крок назад. А. Александровіч. Я выпраг Дэраша, прывязаў да воза, ён і пачаў хрумстаць памаленьку сена, выбіраючы спачатку лепшае. Якімовіч.

2. Яшчэ раз; зноў. [Жонка] быццам ажыла ці спачатку пачала жыць. Чорны. [Лаўрэн:] — Куды ні зірні — усё пачынай спачатку, а тут табе ані хамута, а ні шыі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грунто́ўны, ‑ая, ‑ае.

Трывалы, глыбокі. Грунтоўныя веды. // Які характарызуецца сур’ёзнасцю, глыбінёй, падрабязнасцю; абгрунтаваны чым‑н. Лабановіч здзівіўся, калі на цэлы рад яго запытанняў вучань даваў дакладныя і грунтоўныя адказы. Колас. Высокі мастацкі густ, добрае веданне рускай, беларускай і ўкраінскай літаратур, а таксама літаратур другіх народаў дазволілі Максіму Багдановічу пісаць тэарэтычна грунтоўныя і цікавыя.. артыкулы. Шкраба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апра́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Тое, што і вопратка. А маладзенькія ялінкі Пад белым пухам чуць заметны; Яны так мілы, так прыветны, Бы тыя красачкі-дзяўчаткі, Надзеўшы гожыя апраткі. Колас. Стала холадна адразу ўсяму, і здавалася, што цела толькі пад адным кажухом, што на ім няма больш ніякай апраткі. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

відо́вішча, а, н.

1. Тое, што паўстае, адкрываецца перад вачамі, з’яўляецца прадметам агляду. Было ў дарозе шмат відовішч, Малюнкаў розных, гора, слёз, Што тлум людскі з сабою нёс. Колас. Каровы, устрывожаныя відовішчам агню, збіліся ў гурт і наперабой рыкалі. Навуменка.

2. Паказ, прадстаўленне (тэатральнае, цыркавое і пад.). Рыхтавалася цудоўнае відовішча. Выступалі лёгкаатлеты Беларускай чыгункі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бра́згат, ‑у, М ‑гаце, м.

Гук, які ўтвараецца металічнымі прадметамі пры ўдары адзін аб другі або аб што‑н. цвёрдае. Гаспадыня тым часам клала ў ляжанку сухія, тонкія паленцы, а бразгат скаварады сведчыў аб тым, што будзе пачастунак. Колас. [Антон] быў такі насцярожаны, што ўздрыгануўся, як ад раптоўнага грому, ад ціхага бразгату сенечнай клямкі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяззбро́йны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае зброі, няўзброены. [Рыль:] — Два, тры чалавекі бяззбройныя лёгка справяцца з адным узброеным, калі толькі зробяць гэта борзда і спрытна. Колас. // перан. Пазбаўлены якіх‑н. сродкаў абароны або нападу. Рудзін уяўляў, што вось перад ім бяззбройны стаіць Андрэй, а ён кідае яму ў вочы свае словы, і Андрэй маўчыць. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́хі, ‑аў; адз. няма.

Разм. Старое паношанае адзенне. «Эх ты, Лейба Яхніч!.. Новага кажуха не знасіў за век. І дзеці твае носяць старыя лахі. Твае абноскі». Чарнышэвіч.

•••

Лахі пад пахі — сабраць небагатыя пажыткі, узяць іх з сабой і пайсці. [Лабановіч:] — Не цеш сябе, хлопча, марнымі надзеямі, а лепш паціхеньку бяры лахі пад пахі і выбірайся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)