пэ́цкаль, ‑я, м.
Разм.
1. Той, хто пэцкае (у 1 знач.).
2. Той, хто няўмела, неахайна робіць што‑н. (пераважна пра мастака, пісьменніка). На торг не спяшаўся [мастак], Як пэцкаль адзін мой знаёмы, Што лепіць пачвараў І возіць збываць у раёны. Гілевіч. Сапраўдны ты рыбак ці проста пэцкаль?! Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяхце́р, пехцяра, м.
1. Абл. Кашэль, торба. [Селянін] прывесіў да аглоблі пяхцер з мурагом, выцягнуў з-пад сядзення гуньку і тады толькі пакрыў ёю каня. Лобан.
2. Разм. Пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека. — Гэй, ты, пяхцер, разлёгся тут бабай разанскай, нельга і да арбы падысці, — раздаецца раптам голас Ваські Шкетава. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рабінзо́н, ‑а, м.
Пра чалавека, вымушанага жыць у бязлюдным месцы і самому здабываць сабе ўсё неабходнае для жыцця. Палескія рабінзоны. □ Ноччу міма праплывалі параходы, на іх шпацыравалі вясёлыя людзі, а мы ляжалі, чатыры рабінзоны, на сваім бязлюдным востраве і разумелі, што ніякай карысці нам ад гэтых параходаў няма. Радкевіч.
[Ад імя галоўнага героя рамана Д. Дэфо «Рабінзон Круза».]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскуда́хтацца, ‑хчуся, ‑хчашся, ‑хчацца; зак.
1. Пачаць кудахтаць моцна і доўга (пра курэй).
2. перан. Разм. Раскрычацца без толку, без прычыны. [Нічыпар:] — Толькі ж не я збег ад цябе, а ты. Дык чаго ты раскудахталася годы? Асіпенка. — Раскудахталіся! — раптам раззлаваўся Хамутоўскі. — У ступі ды ўступі. Сам ведаю, што рабіць. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расшчабята́цца, ‑бячуся, ‑бечашся, ‑бечацца; зак.
1. Пачаць моцна і многа шчабятаць (пра птушак). Сарокі расшчабяталіся. □ Галя думае: мабыць, будзе дождж, бо чаго б так расшчабяталася гэтая птушка. Сабаленка.
2. перан. Пачаць многа, ахвотна гаварыць, расказваць. Дзяўчаты расшчабяталіся і павялі гутарку аб розных здарэннях, якія бачылі на працягу дня. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́слы, ‑ая, ‑ае.
Высокага росту. [Сямён] быў такі ж, як і раней: рослы, шыракаплечы, з моцнай шыяй, з бялявым непакорным [віхром]. Мележ. Ён быў самым рослым у класе — І мянушку далі яму «Тата». Блатун. // Які дасягнуў значнай вышыні, высокі (пра расліны). Рослыя ліпы і клёны Цягнуцца ўгору ля вокан. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
салёнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць салёнага (у 1, 2 знач.); насычанасць соллю. Чарнаморская вада мае ўдвая меншую салёнасць у параўнанні з міжземнаморскай. «Маладосць». // перан. Пра маральную якасць людзей. [Рэдактар:] — Як далёка, кажу вам, стаіце вы ад жыцця! І калі вы, соль зямлі, страцілі салёнасць, то што сказаць аб гэтых малых? Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самацёкам, прысл.
1. Сілай свайго цяжару (пра рух вадкасці і сыпкіх рэчываў). Вада па трубах ідзе самацёкам.
2. перан. Само сабой, стыхійна, неарганізавана. Хаця апошняя масавая сцэна характарызуе рыбакоў як палітычна свядомы калектыў, аднак было б наіўнасцю думаць, што далейшая дзейнасць гэтага калектыву можа ісці самацёкам. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спарахне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Згніць, ператварыцца ў труху, пыл. Дзедаўская хата даўно ўжо згніла і спарахнела. Машара. Падумала Марына будавацца. Стары дом спарахнеў ужо. Б. Стральцоў. // перан. Перагарэць (ад перажыванняў). Ад нечаканага гора нешта спарахнела ў Іванавай душы. Быкаў.
2. перан. Састарэць, зрабіцца драхлым (пра чалавека).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сплыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да сплысці.
2. Спадаць, спускацца, звісаць (пра тканіну, валасы і пад.). З плеч сплываюць яе косы, Як бы сонца косы, І іскрацца, як на сонцы Брыльянцісты росы. Купала. Ішлі пары за парамі. Белы шоўк сплываў нявінна па іх гібкіх станах. Цётка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)