пусці́ць, пушчу, пусціш, пусціць; зак.

1. каго-што. Перастаць трымаць, утрымліваць рукамі каго‑, што‑н.; выпусціць. Стася ціха, але рашуча папрасіла: — Зелянюк, пусці маю руку. Я пайду. Зарэцкі. [Дзед] пусціў вёслы і выхапіў з-пад сябе дошчачку дарожкі. Брыль. // Перастаць трымаць дзе‑н., даць волю. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. Ды лепш бы ўсё яны забралі, Пусцілі б толькі іх [палонных] жывых. Колас. // Дазволіць або даць магчымасць пайсці, паехаць і г. д. куды‑н. Пусціць у адпачынак. □ [Сястра] хацела пайсці разам з .. [Міколкам] у лес, але маці не пусціла: трохі прыхворвае малая. Лынькоў. // Даць магчымасць пасвіцца, выпусціць на пашу (пра жывёлу). І куды толькі не забярэцца.. [Цімох] са сваім статкам! І на ягаднік пагоніць, і па бары на верасы пусціць, і ўсе лужкі перабярэ. Колас. Гадзін праз дзве работы [Міхал] выпраг каня і пусціў на паплавец. Чорны.

2. каго-што. Дазволіць каму‑н. прайсці, увайсці куды‑н.; упусціць. Гэта я! Пусці! Яшчэ не верыш? Дык на ганак выбежы хутчэй. Танк. Мне ўдаецца ўгаварыць пляменніка спачатку падстрыгчыся — непадстрыжанага, маўляў, у магазін не пусцяць... Каршукоў. // Памясціць, пасяліць, здаючы ў найм памяшканне. Але браты нечага не падзялілі, і малодшы Шнур падаўся цераз раку. Цяпер ён шукаў хаты. І Харытоня пусціў яго ў сваю. Чыгрынаў. — Ці не пусцілі б вы ў .. [другую палавіну хаты] хлопца аднаго на які месяц ці два. Дроў мы неяк прыдбаем. Зарэцкі.

3. каго-што. Паслаць, накіраваць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Трымаліся два дні, але раніцай трэцяга немцы пусцілі танкі. Навуменка. [Васіль:] — Трэба было абавязкова ўвосень выкарчаваць пні... Цяпер пусцілі б камбайн, жняяркі... Шамякін. // Даць магчымасць або прымусіць рухацца, перамяшчацца якім‑н. чынам. Гаспадар выцягнуў плуг з зямлі і пусціў плытчэй. Чорны. Наганяць шкадаваў, а пусціў паволі — і так утаміўся конь. Гартны. // Надаць пэўны ход, кірунак (размове, справе і пад.). Пусціць справу на самацёк. □ Маладая.. не раз пачынала гаворку, старалася аднавіць і пусціць яе ў ранейшае бесклапотнае рэчышча, але муж непадкупна маўчаў. Ракітны.

4. што. Кінуць, прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку. Схапіў Янка лук і пусціў стралу ў шуляка. Якімовіч. З воданапорнай вежы заўважылі крыкуна, пусцілі па ім некалькі куль. Хомчанка. // Выпусціць, даўшы магчымасць цячы, распаўсюджвацца. Пусціць газ. □ Праўда, .. [састаў] быў невялікі, з пяці вагонаў і платформы, але калі Лёдзя захацела была абысці яго, машыніст пусціў пару і даў кароткі свісток. Карпаў. Архіп сеў, пусціў дым у столь і загаварыў. Пестрак. // Быць прычынай чаго‑н., выклікаць што‑н. Падзьмуў ветрык, пусціў па вадзяным люстэрку рабацінне. Шыцік. Выплыў месяц з-за небасхілу і пусціў доўгі пералі[віс]ты бляск цераз усё мора. Кулакоўскі.

5. што. Прывесці што‑н. у дзеянне, у рух; прымусіць дзейнічаць. Пусціць аўтаматычную лінію. Пусціць пласцінку. □ Ахопленая трывогай, .. [Арына] таропка падсунула табурэтку, залезла на яе, завяла гадзіннік, пусціла маятнік. Карпаў. // у спалучэнні са словамі «аўтобус», «цягнік», «трамвай» і пад. Устанавіць пэўныя шляхі зносін. Пусціць тралейбус у мікрараён.

6. каго-што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае; зрабіць што‑н. з чым‑н.; выкарыстаць з якімі‑н. мэтамі, якім‑н. чынам. Пусціць на продаж. Пусціць на племя. □ — Ну, а з пусткаю што будзе? Сеяць ярыною? Ці ў папар на лета пусціш? — Грышкаў брат пытае. Колас. Пільню Бама пусцілі даўно ўжо на злом. Зарыцкі. — Прадаць тое-сёе, канешне, не шкодзіць. Скаціну якую пусціць на кірмаш, малатарню можа збыць на ўсякі выпадак, да пары да часу. Мележ. // Разм. Выдаткаваць на што‑н. Праз паўгода цягне [Міхась] у хату музыку. Што зарабіў на рамонце аўтамашыны тое і пусціў на радыёлу. Б. Стральцоў.

7. што. Разм. Разнесці (чутку, пагалоску), зрабіць вядомым што‑н. Парашыў .. [пан] прадаць лес. Пусціў пагалоску, і пачалі прыязджаць купцы аглядаць лес. Якімовіч. Нехта пусціў сярод дзетдомаўцаў чутку, быццам у дупле дуба жывуць змеі. Пальчэўскі. // Сказаць (звычайна што‑н. вострае). Пусціць жарт. □ Вострачы мянташкай касу, Ганнін Васіль пусціў услед грабельнікам: — Сюды, бабкі, падналяжам разам. Васілевіч.

8. што. Даць парасткі, карані (пра расліны). Над страхою звісаў сук-рагач ад вярбы. Другі, адломаны, валяўся ў гародчыку. Даўно, бо пусціў атожылле, прырос. Пташнікаў.

9. Разм. Не вытрымаўшы напружання, цяжару, перастаць утрымліваць што‑н. — А ў мяшку ці шво пусціла, ці дзірка ў пару не агледжана. Прыехаў, а тут і малоць няма чаго. Арочка.

10. Разм. Адтаяць. Немцы загналі.. [Зіну] ў балота, якое месцамі пусціла ўжо, і чалавек правальваўся аж з галавой. Карпюк. // безас. Пра адлігу. Снегам было пацеру[шы]ла трохі зверху. А гэта зноў пусціла, зноў цёпла стала і мокра. Чорны.

•••

Не пусціць на парог (на вочы) — не прыняць у сябе дома, не дазволіць прыйсці ў свой дом.

Пусціць (з) агнём (дымам) — спаліць.

Пусціць з торбаю (па свеце) — давесці да жабрацтва.

Пусціць казла ў агарод — дапусціць каго‑н. туды, дзе ён можа нашкодзіць; дапусціць каго‑н. да таго, з чаго ён хоча мець выгаду.

Пусціць карэнне (карані) — а) трывала, надоўга абаснавацца дзе‑н., абзавесціся гаспадаркай. Разросся грынюкоўскі род, нібы тыя сосны ў барку над ракой, глыбока пусціў карэнне ў зямлю дзядоў і прадзедаў. «Работніца і сялянка»; б) набыць сілу, стаць пастаянным; укараніцца. Партызанскі рух пусціў глыбокія кар[ан]і ў народзе акупіраваных зямель. Колас.

Пусціць (паслаць) кулю ў малако — не папасці ў цэль пры стральбе.

Пусціць на вецер — растраціць дарэмна.

Пусціць на свет — нарадзіць, даць жыццё.

Пусціць па белым свеце — нарадзіць і, не давёўшы да самастойнасць выправіць у людзі.

Пусціць пад адхон — выклікаць крушэнне (цягніка).

Пусціць пыл (дым, туман) у вочы — стварыць ілжывае ўражанне, выстаўляючы сябе, сваё становішча ў лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Пусціць (сабе) кулю ў лоб — застрэліцца.

Пусціць слязу — заплакаць.

Пусціць у дзела — прымяніць, выкарыстаць.

Пусціць у зіму (на зіму) каго — пакінуць на племя (пра свойскую жывёлу).

Пусціць у паветра — узарваць.

Пусціць у работу — даць прымяненне чаму‑н.

Пусціць у расход каго — расстраляць, знішчыць.

Пусціць у ход — а) прымяніць што‑н. (пра інструмент, зброю і пад.). Хлопцы ішлі і насцярожана азіраліся, гатовыя ў любы момант пусціць у ход зброю. Новікаў; б) выкарыстаць які‑н. сродак, прыём і г. д. Я слухаю дзядзьку: «Глядзі, якім стаў ён! Яго пачынае падтрымліваць сход. Хварэе, бач, ён за грамадскія справы І нават пусціў самакрытыку ў ход». Прыходзька.

Пусціць (чырвонага) пеўня — зламысна падпаліць (чыю‑н. хату, маёмасць і пад.).

Пусціць юшку — ударыць, збіць да крыві.

Хоць з ветрам пусці — такі лёгкі, што можа паляцець з ветрам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

біць, б’ю, б’еш, б’е; б’ём, б’яце; заг. бі; незак.

1. каго. Наносіць удары каму‑н. з мэтай прычыніць боль; збіваць. Біў-біў Іван ведзьму, пакуль яна прасіцца не пачала. Якімовіч. // Хвастаць чым‑н. гнуткім. Высокі авёс біў дзяўчынку мяцёлкамі па твары і руках, асыпаўся ў кошык. Сіняўскі. Пальцы рукі нецярпліва перабіралі лазовы дубец, якім .. [афіцэр] раз-поразу біў па халявах ботаў. Лынькоў.

2. каго-што. Вынішчаць, забіваць (пра людзей). // Забіваць на паляванні (пра жывёл). Адны па пушчах і лясах Звяроў лавілі, білі. Танк.

3. каго-што. Перамагаць каго‑н.; наносіць паражэнне. [Дзядзька:] — Цябе [Цімоха] яшчэ .. і заваду на свеце не было, як я яго, германца, біў. Брыль. [Талаш:] — Мы звяжам тут рукі панам,.. будзем нападаць на іх абозы,.. без літасці біць таго, хто будзе стаяць за паноў. Колас.

4. перан.; каго-што. Весці барацьбу з кім‑, чым‑н., накіроўваць сваё дзеянне супраць каго‑, чаго‑н. І вашы [Маякоўскага] вершы Зноў дакладна б’юць Па мордах розных чэрчыляў і клеяў. Панчанка. [Радзевіч Варанецкаму:] — Але май на ўвазе: дэмагогаў трэба біць фактамі! Дуброўскі. // Прычыняць непрыемнасці, прымушаць перажываць. Нават самыя збітыя, газетныя выразы з .. [Бародкавых] вуснаў гучэлі са сваёй першароднай сілай — пранікнёна, свежа і моцна, словы білі, як камяні. Шамякін.

5. Стукаць, удараць. [Людзі] пабеглі да акна і пачалі біць па яго жалезных кратах. Лынькоў. Конь бяжыць, капытом зямлю б’е. Якімовіч. [Качкі] таксама не могуць лётаць, а толькі плаваюць і пры гэтым хутка, і гучна б’юць па вадзе крыламі. Маўр. // Парывіста, моцна ўдараць у што‑н. (пра хвалі, дождж, вецер і пад.). Вецер свістаў у вушах, калючыя і гарачыя сняжынкі білі ў твар. Мікуліч. Хвалі білі ў бераг усё часцей і часцей. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. Часам.. трапляліся глыбокія лагі, і .. [Марта з Паўлам] абавязкова заглядалі ў іх — адтуль, як з сутарэння, біла пранізлівым холадам. Вышынскі. // Рэзка, моцна дзейнічаць на пачуцці чым‑н., імкліва пранікаць куды‑н. (пра святло, гарачыню, пах, гукі і пад.). Першакурсніца Люда Нагорная.. прыплюшчыла вочы, бо вельмі ветлівы фатограф даволі нахабна біў ёй у твар святлом. Брыль. Праз шчыліну ў сцяне ў вочы біў тонкі сонечны прамень. Грахоўскі. Плынь гарачага паветра ішла сюды і біла горача ў твар. Чорны. У нос б’е едкі кіслы тытунь: дыму поўна хата, як зачыніць. Пташнікаў.

6. у што. Б’ючы чым‑н. аб што‑н., утвараць стук, звон, гул і пад. Біць у рэйку. □ Пятрусь Кравец, званар, сядзеў на званіцы, дзержачы ў руках вяроўку, і зрэдку біў у звон. Колас. А дзядок нейкі крычаў «горка» І з захапленнем у бубен біў. Кірэенка.

7. што і без дап. Гучаць, вызвоньваць, званіць. У чыстым пакоі прахрыпеў насценны гадзіннік і пачаў біць. Лобан. Б’юць крамлёўскія куранты на Спаскай вежы. Кавалёў. Гарманісты іграюць, нібы на вяселлі, Бубны б’юць, маладыя гучаць галасы. Куляшоў.

8. Быць у пастаянным рытмічным руху; пульсаваць (пра сэрца, кроў). Сэрца моцна біла ў грудзях. Дамашэвіч.

9. Страляць, абстрэльваць. Артылерысты пачалі біць .. простай наводкай. Чорны. Камсамолачка Дарота! Пойдзем разам ваяваць, — Буду біць я з кулямёта, Ты — патроны падаваць. Крапіва. // Страляць (пра зброю). Захліпаліся нямецкія кулямёты.. Білі яны трасёрамі. Шамякін.

10. што. Разбіваць, ламаць. Па гаршку цаляць не буду: Я ж не дурань біць пасуду. Крапіва.

11. Выцякаць імклівым струменем; вылівацца з сілай. Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта. Купала. Каля самага берага б’е з-пад зямлі крыніца з серабрыстай сцюдзёнай вадой. В. Вольскі. Я вылез з-пад .. [каня] і бачу: пярэднія ногі перабіты, кулямётная чарга прашыла таксама жывот. Адусюль б’е кроў. Няхай. Сервант насцеж, шыфаньер насцеж, усе футаралы на падлозе, з крана вада б’е, на абрусе лужына, дзверы не зачынены, — цэлы пагром! Гарбук. // З сілай вырывацца, шугаць (пра полымя). Бушуе, б’е полымя ўвысь, Выкідвае дым. Колас. // перан. Выбівацца (пра бурныя, поўныя невычарпальнай сілы праявы энергіі). Са Смольнага, дзе — біла плынь імкненняў, Дзе браў раўненне пераможны клас, Ён [Ленін] справы новых бачыў пакаленняў. Ён бачыў нас. Ён добра бачыў нас. Кірэенка. / у безас. ужыв. [Дзяўчат] ахапіў працоўны запал, ад іх біла маладосцю, здароўем, натхненнем, азартам. Карпюк. // перан. Свяціцца, выяўляцца (пра пачуцці). Эх, сонечная раніца, Цямней ты нам за ноч! Маўчалі людзі хмурыя, А помста біла з воч. Панчанка.

12. каго-што. Разм. Трэсці (пра хваробу, хваляванне, страх і пад.). Ад ранішняй вільгаці і страху .. [Сашу] пачала біць ліхаманка. Шамякін. Дым лезе ў вочы, цябе б’е кашаль, але ты трымаешся. Шахавец. Шуру, нягледзячы на цёплы кажух, білі дрыжыкі. Навуменка.

13. У спартыўных гульнях — удараць па чым‑н., кідаць што‑н., імкнучыся папасці. Біць па варотах.

14. што. Прабіваць; свідраваць, капаць. Мы білі штольні дынамітам. Звонак. Апошняя куля трапіла ў бутлю, прызначаную для людзей, якія заўтра павінны былі пачаць біць студню на Кагутовай сядзібе. Караткевіч.

15. Убіваць, заганяць, забіваць. Білі ў дно рачное палі, Клалі бэлькі і брусы. Зарыцкі.

16. Раздзяляць на больш дробныя часткі. Яшчэ зранку, на досвітку, пайшоў наш дзядзька на рум біць калоды. Колас. Людзі бачылі, што за горадам, дзе кладуць новую шашу, паміж малатабойцаў, што білі каменне, ёсць адзін вельмі малады. Чорны.

17. што. У некаторых рамёствах — вырабляць пэўным спосабам. Біць масла. Біць валёнкі.

18. У гульні ў шахматы, шашкі — браць фігуру праціўніка. Дошка малая, ды і манеўранасць шашак абмежавана жорсткімі правіламі: хадзіць толькі ўперад, біць абавязкова! «Маладосць». // У картачнай гульні — выйграваць, раскрываючы большую карту. Біць козырам.

•••

Байды біць — пазбягаць работы, займацца глупствам.

Бібікі (лынды) біць — гультаяваць, бяздзейнічаць; займацца пустымі справамі.

Біць адбой — а) даваць сігнал на спыненне якога‑н. дзеяння; б) адмаўляцца ад свайго рашэння, думкі; адступаць ад свайго намеру. На начальніка з раёна як хто халоднай вады цэбар узліў. Пачаў біць адбой. Чорны.

Біць з гарматы па вераб’ях — тое, што і страляць з гарматы па вераб’ях (гл. страляць).

Біць крыніцай — бурна развівацца, квітнець. Як толькі пачыналася раніца, у заезджым доме Гірша Дрэйзіна пачынала крыніцаю біць жыццё. Чорны.

Біць на што — імкнуцца да чаго‑н., дамагацца чаго‑н. Біць на вонкавы эфект.

Біць па кішэні — уводзіць у вялікія выдаткі.

Біць паклоны — пры малітве рабіць нізкія паклоны; нізка кланяцца.

Біць трывогу — а) даваць сігналы аб небяспецы або нападзе ворага; б) заклікаць да барацьбы супраць каго‑, чаго‑н.; звяртаць увагу на пагрозу чаго‑н.

Біць у вочы — быць прыкметным, прыцягваць увагу.

Біць (сябе) у грудзі — а) біць сябе кулаком у грудзі, запэўніваючы ў чым‑н.; клясціся, запэўніваць у чым‑н. — Я — сацыяліст-рэвалюцыянер, — б’е сябе ў грудзі аграном. Якімовіч; б) біць сябе кулаком у грудзі ў роспачы; каяцца ў чым‑н.

Біць у званы — а) балбатаць, малоць языкамі, пустазвоніць; б) тое, што і біць у набат.

Біць у (адну) кропку — накіроўваць увагу, словы, дзеянні на што‑н. адно.

Біць (пляскаць) у ладкі (далоні) — удараць далонню аб далонь; адбіваць такт. — А, дзядзька, дзядзечка, саколік! Насып мне ягад у прыполік! — Дай мне дубец! — А мне дай вуды! — крычаць малыя шалапуды, Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі... Колас.

Біць у лёт — тое, што і страляць у лёт (гл. страляць).

Біць у набат — а) пры дапамозе звана склікаць людзей з выпадку бедства; б) выклікаць трывогу, звяртаць увагу грамадства на што‑н.

Біць (даваць) у нос — пра востры, едкі пах чаго‑н.

Біць у хамут — рэзка рэагаваць, выяўляючы крыўдлівасць.

Біць у цэль (міма цэлі) — а) пападаць (не пападаць) у цэль; б) дасягаць (не дасягаць) патрэбнага выніку.

Біць (ліцца) цераз край — праяўляцца з вялікай сілай (пра пачуцці, энергію і пад.).

Біць чалом — а) прасіць каго‑н. аб чым‑н. [Гаруноў:] — Не буду чалом біць і не буду прасіць, каб мяне не паміналі ліхам. Дуброўскі; б) пачціва кланяцца каму‑н., вітаць каго‑н. Зямля мая! Мой дом, мой хлеб адзіны, Я вечна твой, я б’ю табе чалом. Дайнека.

З-за вуха біць — гаварыць прама, рэзка.

Ногі біць — натруджваць ногі працяглай і дарэмнай хадзьбою.

Час б’е чый або каго-чаго — а) надыходзіць, набліжаецца канец; б) надыходзіць час што‑н. рабіць.

Язык аб зубы біць — гаварыць пустое; малоць языком.

Як у бубен біць — жыва і настойліва перадаваць якую‑н. чутку, гаварыць у адзін голас пра што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цягну́ць, цягну, цягнеш, цягне; незак.

1. каго-што. Узяўшы за край, канец чаго‑н., перамяшчаць, набліжаць да сябе з сілай, намаганнем. Цягнуць канат. □ [Зёлкін:] (цягне за ручку дзвярэй). Замкнёна. Крапіва. [Дзеці] давай скакаць вакол маці і цягнуць за фартух і спадніцу. Бядуля. // Імкнуцца завесці, наблізіць да сябе, да якога‑н. месца. Малы.. лавіў неспадзеўкі сваю ўласную нагу і цягнуў яе ў рот. Крапіва. / у перан. ужыв. Кожны млын на сваё кола ваду цягне. Прымаўка. // Ухапіўшы, трымаючы за што‑н., прымушаць каго‑н. ісці з сабой ці за сабой. Пніцкі трымаў.. [цыгана] пад руку і цягнуў наперад. Чорны. Насустрач беглі жанчыны, цягнулі за рукі дзяцей. Лынькоў. Каза ленавата спускаецца ўніз і цягне за сабой Марыльку. Кулакоўскі. // Замацоўваць, пракладваць паступова ў пэўным напрамку (провад, трубы і пад.). Цягнуць лінію сувязі. Цягнуць трубаправод.

2. каго-што. Перамяшчаць за сабой з сілай, намаганнем, не адрываючы ад паверхні; валачы. Усе будаваліся, кожны як мог — на кані, на валах, а сёй-той і на сабе — цягнуў з лесу бярвенне, жэрдкі, плахі. Сачанка. Раз’юшаны Франц трымаў адной рукой за адарваны каўнер Эдзіка, а другой цягнуў, як якую качаргу, па зямлі вінтоўку. Даніленка. // Пакідаць за сабой (след, баразну і пад.). Чалавек сядзеў на санках бокам, ногі яго цягнулі па белай роўнядзі перарывістую баразну. М. Стральцоў. А ліс-хітрэц, выжыга чуткі, Па снезе цягне шнур раўнюткі: Слядок з слядочкам супадае, Бы лапка тут адна ступае. Колас.

3. што. Выцягваць, працягваць у якім‑н. напрамку (шыю, рукі і пад.). Чарада індыкоў і качак цягнула шыі праз плот да яды. Чорны. Дзюбку цягне з гнязда птушаня, просіць есці. Барадулін. // Накіроўваць куды‑н. у час росту (лісты, кветкі і пад.). А дзівосны дзівасіл Цягне кошыкі з бурштыну Пад блакітны небасхіл. Агняцвет.

4. што. Падаўжаць або пашыраць выцягваннем, нацягваннем. Цягнуць шкурку зайца. // Спец. Вырабляць выцягваннем. Цягнуць дрот. // Спец. Апрацоўваць, выцягваючы для атрымання дроту, ніцей. Цягнуць серабро.

5. каго-што. Сілай цягі перамяшчаць за сабой, везці. Сёстры, маткі спіны гнулі, На сабе плугі цягнулі. Броўка. Болей не знаем Сох на загонах, — Трактар нам цягне Плугі, бароны. Купала. Буйвалы.. павольна цягнулі скрыпучую арбу. Самуйлёнак. // і без дап. Быць здольным перамяшчаць што‑н., мець тую або іншую сілу цягі (пра машыны, жывёлу і пад.). Гняды часта фыркаў, але цягнуў добра, без натугі. Чыгрынаў. // Адцягваць уніз, перамяшчаць у пэўным напрамку сілай цяжару, сілай цячэння і пад. Мокрае адзенне і рухацца перашкаджала і ўніз цягнула. Маўр. Вада круціла [Надзю], шалёна кідала ў бок, уладна цягнула на дно. Лынькоў. // перан. Выклікаць, мець што‑н. вынікам. [Слабасць канфлікту] звычайна цягне за сабой слабасць кампазіцыі, вяласць сюжэта, схематызм і бледнасць у паказе дзеючых асоб. «ЛіМ».

6. каго-што. Разм. Несці што‑н. цяжкае або ў вялікай колькасці. Летняя ноч кароткая, а цягнуць камень праз лес цяжка. С. Александровіч. Мне не было ніколі ў галаве, Што буду я .. Цягнуць к варожым штабам на плячы Гранат цяжкія звязкі, Скрынкі з толам. Астрэйка.

7. што. Прыкладаючы сілы, намаганні, несці якія‑н. абавязкі, выконваць якую‑н. работу (звычайна цяжкую). Скончыўшы школу, Якім пайшоў у калгас на сталую работу і ўсё цягнуў нароўні з дарослымі мужчынамі. Дуброўскі. // каго-што. Дапамагаць у вучобе, службе; садзейнічаць поспеху. [Язэпа] мучыла адна думка: чаму Гаравы выбраў іх калгас, каб цягнуць яго ў перадавікі па раёне? Асіпенка. Не той наперадзе, хто адагнаў, а той наперадзе, хто за сабою цягне. Прымаўка.

8. каго-што. Даставаць адкуль‑н., падымаючы на паверхню. Узлез [Банадысь] на лёд, растапырыў ногі, упёрся каленьмі ў тын, прысядаў і цягнуў ваду. Чорны. [Дзядзька:] — Цягну, а ён [шчупак] аж гне вудзільна, Ну, чуць не вырве яго з рук. Колас. // Вымаць, выцягваць (тое, што засела, замацавалася). Цягнуць цвік. // Разм. Вымаць, даставаць што‑н. з сярэдзіны. [Астап:] — Давай, дачка, цягні з печы, што ў цябе там. Лынькоў.

9. што і без дап. Смактаць, уцягваць (што‑н. вадкае). Невядома было, адкуль яны [сосны] цягнулі смалу на адным чэрствым жоўтым пяску. Пташнікаў. [Пятрусь:] — Ён [камар] давай гэта носам торкаць, шукаць сабе шчыліны. Чакай, думаю, цягні. Брыль. // Піць, уцягваючы губамі; піць павольна. Стрэлачка смешна пакручвала галавой, узмахвала хвосцікам і, зажмурыўшыся, з асалодай цягнула з бутэлькі малако. Даніленка. Нейкі час мы моўчкі цягнулі піва, цягнулі павольна, глыток за глытком. Васілёнак. Дэголевец .. павольна цягнуў з бакала [віно]. Шамякін. // Убіраць у сябе (дым); курыць. Дзядзька нездаволена соп і цягнуў густы дым цыгарэты. Пянкрат.

10. каго-што. Разм. Прымушаць ці пераконваць ісці, ехаць і пад. з сабой, за сабой куды‑н. Цягнуць на каток. □ Марынка цягнула Яўгена ў кіно, у тэатр, у парк, на які вечар ці канцэрт. Хадкевіч. // перан. Схіляць на чый‑н. бок, на якія‑н. пазіцыі. Рыгор, мусіць, ужо так і думае, што Верамейчык цягне за багатага. Крапіва. // перан. Прыцягваць да адказнасці, аддаваць пад суд. [Полька:] — А нас у суд цягнуць — пакража з узломам. Грахоўскі.

11. каго-што. Вабіць да каго‑, чаго‑н., куды‑н. Зусім іначай жыў Анісім зімою, калі лес цягнуў у свае прыціхлыя, заснежаныя сховы і нетры кожнага, у каго хоць калі білася ў жылах кропля паляўнічай крыві. Сачанка. Раней мяне сюды [у музей] цягнула таямнічая маўклівасць старажытных рэчаў. Карпюк. Грыбы цягнулі ў лес мяне, Хоць ногі ў лагчыне зяблі. Свірка. / у безас. ужыв. Мяне цягнула ў гэтыя ўрочышчы, карцела даведацца, а што далей, там, за імі. Марціновіч. Ніну ўсё больш і больш цягнула да Васіля Кузьміча. Лобан. // безас. каго-што да чаго і з інф. Мець імкненне да якога‑н. занятку. Андрэя Завацкага не дужа цягнула да навукі. Ваданосаў. Вучоная кар’ера .. не спакусіла Адама, яго больш цягнула да гаспадаркі. Кудраўцаў.

12. безас. каго-што на што і да чаго. Адчуваць патрэбу ў чым‑н., хіліць на што‑н. (пра які‑н. фізічны, псіхічны стан). У аўтобусе — доўгім і раскошным — калыхала ззаду і цягнула на сон. Пташнікаў. А цяпер Андрэя не цягнула да жартаў. Ён сядзеў у гурце каля агню, курыў, а думкі луналі далёка. Чарнышэвіч. // з інф. Хацець, мець жаданне. [Няміру] ўсё цягнула пайсці зноў глянуць на попелішча свае хаты. Чорны. Сцяпан усё мацней і мацней захапляўся Маяй. Цягнула падысці да яе, загаварыць, але ён не знаходзіў прычыны. Дуброўскі.

13. што. Разм. Патрабаваць, вымагаць (грошы). Кажуць, быў вялікі хабарнік гэты царскі служка. Цягнуў і з жывога і з мёртвага, хто яго не ведаў! В. Вольскі. // і без дап. Незаконна браць, прысвойваць што‑н.; красці. Саўка не з тых вартаўнікоў, якія самі цягнуць і другім патураюць. Ермаловіч.

14. што і без дап. (са словамі «клін», «шнур» і пад.). Ісці, рухацца ў пэўным парадку. Жураўлі па небу цягнуць клін З родных месц к цяплу, На дальні поўдзень. Астрэйка. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас.

15. Слаба дзьмуць, рухацца, ісці (пра паветра). З акна цягнула свежае паветра, відаць былі зоры. Гурскі. // безас. чым. Веяць, абдаваць (цяплом, холадам, якім‑н. пахам і пад.). Ад вады цягнула холадам, хвалі, невысокія, прасвечаныя па-шкляному наскрозь сонцам, мякка цмокалі ў бераг. Хомчанка. А з гары цягнула пахам ліповага цвету, дбайна назапашанага Рагінаю на доўгую зіму. Адамчык. Ад грубкі цягне прыемным цяплом. Гаркавата пахнуць асінавыя дровы. Каршукоў. // што. Прыносіць з сабой (пра паветра). Узнімаўся вецер, цягнуў вострую свежасць. Чорны.

16. што. Марудна рабіць, занадта доўга займацца чым‑н. Цягнуць судовую справу. // без дап. Марудзіць з ажыццяўленнем чаго‑н. Сімон не любіў доўга цягнуць, калі датычылася справы. Самуйлёнак. [Эма:] — Збірайся [Таня], а я пайду за рамізнікам. Вырашылі, дык няма чаго цягнуць. Машара.

17. што. Павольна, марудна гаварыць, спяваць і пад. Бурат .. на невялічкім мангольскім коніку аб’язджае незлічоную атару і цягне бясконцую стэпавую песню. Корбан. Адно Рыгор сядзеў на прызбе пад грушай і цягнуў жахлівае апавяданне. Сабаленка. Я люблю, калі мужчыны, Чаркі звёўшы, у цішы Забываюць пра маршчыны — Цягнуць песню ад душы. Свірка. / у перан. ужыв. Лес адвечны бесканечны Цягне, цягне гоман свой. Купала.

•••

За вушы цягнуць каго — памагаць таму, хто сам не стараецца, не імкнецца што‑н. рабіць.

Ледзь ногі цягнуць — тое, што і ледзь ногі цягаць (гл. цягаць).

Цягам цягнуць — праз сілу, жывасілам валачы каго‑н.

Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песню — паўтараць адно і тое ж.

Цягнуць валынку — марудзіць з ажыццяўленнем якой‑н. справы.

Цягнуць воз — выконваць усю асноўную работу.

Цягнуць жылы з каго — мучыць, знясільваць, зморваць; вымотваць непасільнай работай, празмернымі патрабаваннямі.

Цягнуць за душу каго — даймаць, назаляць чым‑н. непрыемным, нудным.

Цягнуць за язык — змушаць расказаць што‑н., адказаць; прымушаць выказацца.

Цягнуць (разводзіць) каніцель — а) рабіць, гаварыць, выконваць і пад. што‑н. аднастайна, нудна; займацца чым‑н. аднастайным, нудным; б) марудзіць, зацягваць якую‑н. справу, здзяйсненне чаго‑н.

Цягнуць ката за хвост — нудна, наўмысна павольна гаварыць.

Цягнуць лямку — займацца цяжкай аднастайнай справай, працай.

Цягнуць на вяроўцы каго — памагаць з усіх сіл заняцца якой‑н. дзейнасцю таму, хто не здольны да гэтай дзейнасці або не хоча ёю займацца.

Цягнуць руку чыю, каго — падтрымліваць каго‑н., чые‑н. погляды, думкі.

Цягнуць рызіну (гуму) — адцягваць, адкладваць якую‑н. справу, работу і пад. надаўжэй; марудліва, павольна гаварыць, рабіць і пад. што‑н.

Цягнуць ярмо — бесперапынна і цяжка працаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)