задво́рак, ‑рка, м.

1. Задняя частка двара. Юрка падняў лямпу і ўбачыў, што ў адзіным акенцы, якое выходзіла на задворак, няма шыбін. Курто.

2. толькі мн. (задво́ркі, ‑аў). Месца за дварамі, ззаду двароў. У садах, што пачыналіся з задворкаў і спускаліся аж да паплавоў, было змрочна і туманна. Сіўцоў. Задворкамі, каб не кідацца людзям у вочы, як злодзей, [Лабановіч] накіраваўся на дарогу ў бок станцыі. Колас. // перан. Пра глухую, закінутую мясцовасць, ускраіну чаго‑н. і пад. З адсталага аграрнага прыдатка імперыялістычных дзяржаў, з задворкаў Еўропы Латвія ператварылася ў высакаразвітую індустрыяльную .. рэспубліку. «Звязда».

•••

На задворках чаго — на заднім плане, убаку. Апынуцца на задворках гісторыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

махну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да махаць (у 1 знач.). Хацяноўскі махнуў пугай, і коні весела пабеглі па прыгожай лясной дарозе. Чарнышэвіч.

2. Разм. Адправіцца, паехаць куды‑н. Васіль, пераапрануўшыся ў легіянерскую форму, з пакетам махнуў у тыл. Нікановіч.

3. Разм. Кінуцца. Не чакаючы новага нападу і адчуўшы, што справа абарочваецца ў нядобры бок, стралою махнуў дзед Талаш у густы хмызняк і знік з вачэй у момант вока. Колас.

4. (з прыназ. «у» у В). Разм. Стаць, зрабіцца кім‑н. Махнуць з токараў у свідравальшчыкі.

•••

Махнуць рукой на каго-што — перастаць звяртаць увагу на каго‑, што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасачы́ць, ‑сачу, ‑сочыш, ‑сочыць; зак., каго-што.

1. Наглядаючы, сочачы, выявіць, высветліць. Войту трэба прасачыць і выведаць, куды прапаў дзед Талаш і што ў яго на думках. Колас. Дзяўчынка паспрабавала прасачыць вачыма, у які бок часцей лятаюць пчолы. Кулакоўскі.

2. Даследаваць, паслядоўна вывучыць працэс развіцця чаго‑н. Важна паказаць у слоўніку не толькі свае ўласныя словы, але і запазычанні, бо, вывучаючы слоўнікавае багацце мовы, можна прасачыць увесь шлях гістарычнага і культурнага развіцця народа, а таксама яго ўзаемаадносіны з іншымі народамі. Гіст. бел. літ. мовы. У апавяданні «Песня» мы прасачылі разам з аўтарам, як чалавек пачынае разумець роднае слова і родную песню. Шкраба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Засунуць куды‑н., праз што‑н.; высунуць. Прасунуць нітку ў іголку. □ Схапіўшы дужку кляшчамі, трэба было маланкава прасунуць яе ў папярэдняе звяно. Корбан. Не заходзячы ў хату, я прасунула галаву ў акно, паклікала Вольку. Савіцкі.

2. Сунучы, перамясціць на нейкую адлегласць. Манг мігам упёрся жардзінай у сцяну, а бацька тым часам хутка прасунуў човен у праход. Маўр.

3. перан. Накіраваць у бок паляпшэння чаго‑н. Аб другім перыядзе.. Багдановіч пісаў, што ён прасунуў беларускае пісьменства значна наперад. Лойка.

4. перан. Разм. Паскорыць ажыццяўленне, рашэнне чаго‑н. несумленным спосабам. Прасунуць кнігу ў друк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́іць, ра́ю, ра́іш, ра́іць; незак.

1. каго-што і з інф. Даваць якую‑н. параду, рэкамендаваць, як зрабіць што‑н., як паступіць. Бабка ведала ўсіх будачнікаў па адзін і па другі бок раз’езду і вельмі раіла пагасцяваць у Бабініча. Колас. «Трапляй за мной, а то нос разаб’еш», — раіў ляснік, ідучы спераду. Якімовіч. Сцяпан прымаў толькі тых, хто прыходзіў са зброяй і каго раілі разведчыкі. Пестрак.

2. з інф. (з адмоўем). Разм. Перасцерагаць ад чаго‑н., не рэкамендаваць рабіць што‑н. — Дзённік? — .. [Сеня] здзівіўся. — Ведаеш, на вайне не раяць пісаць дзённік. Шамякін.

раі́ць, раю́, раі́ш, раі́ць; незак., каго-што.

Збіраць у рой. Раіць пчол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распланава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.

1. Размясціць, размеркаваць згодна з якім‑н. планам. На вялікім перапынку Іван Сямёнавіч паклікаў вучняў на двор, каб разам размеціць, дзе зрабіць клумбы, а дзе распланаваць спартыўную пляцоўку. Курто. Валя павярнула справу ў іншы бок: яна распланавала гладкую пляцоўку на асобныя квадраты і вызначыла месца для розных спартыўных гульняў. Якімовіч.

2. Размеркаваць у часе, намеціць план якіх‑н. дзеянняў. Распланаваць выхадны дзень. □ Я чакала Валеру. Яго хацела страчаць, .. і ўжо ў думках усё распланавала, як паеду на станцыю, як буду з нецярпеннем пазіраць на гадзіннік, як будзем разам варочацца са станцыі. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., што.

1. Разгладзіць, зрабіць роўным. Нічыпар паклаў пачак на стол, акуратна расправіў кожную паперку. Асіпенка. [Анісся], дрыготкімі пальцамі расправіла выцерты шоўк. Лынькоў. // Размясціць правільна. Расправіць складкі.

2. Напружыўшы мышцы, выпрастаць, выцягнуць (часткі цела). Пан узяў рог пакручасты, Пазалочаны, блішчасты, Важна выставіў нагу, Галаву крыху адкінуў Ды расправіў грудзі, спіну І ў ражок той — тру-гу-гу. Колас. [Рыбак] скінуў з карка авечку, паклаў на яе бок карабін і з палёгкай расправіў намуляныя плечы. Быкаў. // Падняўшы, выцягнуўшы, разгарнуць (рукі, крылы і пад.).

•••

Расправіць крылы (плечы) — праявіць усе свае сілы, здольнасці; дзейнічаць рашуча, смела, энергічна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скалыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Зварухнуць, зрушыць, загайдаць, захістаць. Лёгкі ветрык павеяў з поўдня, скалыхнуў трапяткое лісцё, і зашумела яно ціхімі галасамі, зліваючыся са звонам хвалі... Шахавец. Гром пракаціўся яшчэ раз і ціха скалыхнуў паветра. Колас. І хваля катэр скалыхне, Ачнецца ён — і ўдаль, як чайка, кінецца. Лось. // Гайдануць з боку ў бок або зверху ўніз; злёгку калыхнуць. Скалыхнуць калыску.

2. перан. Усхваляваць, узрушыць; парушыць спакой, цішыню. Бо, як песню заспяваю, Жаль вам душу скалыхне. Колас. Ёсць слава ў яго [хлопца], аж да Брэста Яна скалыхнула ўвесь край. Калачынскі. Вераснёвы вецер песціцца, скалыхнуў начную ціш. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спада́ць, ‑ае; незак.

1. Незак. да спасці.

2. Звісаць (пра валасы, тканіну і пад.). Залацістыя валасы, завіваючыся, спадалі на плечы. Грамовіч. [Барада], як непадрэзаны конскі хвост, спадала ў яго аж да самага пояса. Сяргейчык. // Спускацца, падаць (пра дым, імглу і пад.). З белага коміна на ўскраі сяла віўся белы дымок і спадаў у бок садка. Броўка.

3. Зніжацца, размяшчацца па нахільнай плоскасці. Па баках нашай звілістай і вузкай горнай дарогі ўздымаліся і спадалі схілы гор і крутыя шэрыя скалы. Мележ. За колькі крокаў адсюль баравіна спадала ў нізінку, а там купчасціўся ўжо ягаднік ля струх[л]елых пнёў. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш.-ласк. да спіна; спіна дзіцяці, маленькай жывёліны, насякомага. Аксамітныя спінкі пчол.

2. Апора для спіны ў крэсла, канапы, лавы і пад. Спінкі сядзенняў у аўтобусе. □ Схіліўшы цяжкую галаву на ўзорыстую спінку чыгункай лаўкі, Крысціна задрамала. Васілевіч. — Тата, — рашуча сказала Мая, — ты купі мне ў горадзе саначкі, такія маленькія, са спінкай. Добра? Краўчанка.

3. Частка адзення, якая закрывае спіну.

4. Спінная частка рыбы, якая выразаецца для вялення або вэнджання. Спінка асятра.

5. Пра тыльны бок некаторых прадметаў. Спінка шафы. // Верхняя частка некаторых вузкіх прадметаў. Спінка брытвы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)