я́корь в разн. знач. я́кар, -ра м.;

бро́сить, отда́ть я́корь кі́нуць, адда́ць я́кар;

стоя́ть на я́коре стая́ць на я́кары;

выбира́ть я́корь выбіра́ць я́кар;

сня́ться с я́коря зня́цца з я́кара;

я́корь электри́ческой маши́ны я́кар электры́чнай машы́ны.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пераключы́ць, ‑ключу, ‑ключыш, ‑ключыць; зак., што.

1. Адключыўшы ад якой‑н. сістэмы адны элементы, апараты, уключыць другія. Наўроцкі пераключыў хуткасць. Машына рванулася наперад. Чарнышэвіч. // Змяніць напрамак (патоку электрычнай энергіі, вадкасці, газу і пад.).

2. Перавесці на іншы від працы, выкарыстаць іначай. Пераключыць цэх на іншую вытворчасць. Пераключыць лабараторыю на іншую тэматыку.

3. перан. Падаць іншы папрамак чаму‑н. (размове, думкам і пад.). Пераключыць гутарку на іншую тэму. Пераключыць сваю ўвагу на іншы прадмет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адле́гласць, ‑і, ж.

1. Прамежак паміж двума прадметамі. За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны. Колас. // Адрэзак шляху пэўнай велічыні, працягласці. За мінуту штучны спадарожнік праходзіць велізарную адлегласць. □ Дзімін, відаць, хваляваўся, бо рукі ў яго былі закладзены за спіну і мераў ён адлегласць — крокаў дзесяць туды, крокаў дзесяць назад — таропка, нецярпліва. Карпаў. // Прамежак у часе. Адлегласць доўгую да перамогі Гадамі давялося вымяраць. Аўрамчык.

2. Больш-менш аддаленае месца; далечыня. Перадача электрычнай энергіі на далёкія адлегласці.

•••

Трымаць на адлегласці гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ярмо́, ‑а; мн. ярмы, ‑аў; н.

1. Драўляны хамут для вупражы рабочай буйной рагатай жывёлы. Употай ад маці Ліда прывучыла карову да ярма. Паслядовіч. Вол мае ўласнае ярмо. Крапіва.

2. перан. Няволя, прыгнёт, уціск. Працоўныя людзі заўжды, зразумей, Да ўлады савецкай гібелі ў ярме. Чарнушэвіч. Крышыце панскае ярмо, браты. Таўлай. Многія краіны Азіі і Афрыкі, якія вызваліліся ад каланіяльнага ярма, .. цвёрда прытрымліваюцца палітыкі міру. «Звязда».

3. Спец. Частка электрычнай машыны, якая злучае паміж сабой яе полюсы.

•••

Цягнуць ярмо гл. цягнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́кар, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для ўтрымання на месцы суднаў, плывучых маякоў і пад. у выглядзе металічнага стрыжня з лапамі, якія зачэпліваюцца за грунт. 22 кастрычніка 1857 года параход «Нахімаў» зняўся з якара і пакінуў Расію. «Полымя». // Эмблема маракоў з адбіткам такога стрыжня з лапамі. Прыйшоў капітан — на сінім Кіцелі ззяюць якары. Калачынскі.

2. Спец. Рухомая частка электрычнай машыны пастаяннага току. Скарачаю разгон ключа, падымаю крыху якар магніта — апарат гучыць выразна, чыста. Шынклер.

3. Разм. Рыбалоўны кручок з трыма зубцамі. Я гляджу на пусты крук і ківаю галавой: як умудрыўся шчупак украсці з якара жыўца? Шашкоў.

•••

Мёртвы якар — нерухомы якар, які пастаянна ляжыць на дне (для ўстаноўкі плывучых маякоў, бочак, прыпынку суднаў).

Рыскавы якар — невялікі якар для манеўравання пры рыску судна.

Кінуць якар гл. кінуць.

Стаць на якар гл. стаць.

Якар ратунку — апошні сродак ратунку, апошняя надзея.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыві́цца, жыўлю́ся, жы́вішся, жы́віцца; незак.

1. Карміцца, харчавацца. [Родны:] Што ж, тыгр — звер, як звер. Яму так прыродай вызначана — жывіцца мясам. Крапіва. Наступалі голад і смага. Байцы жывіліся жменяй макухі, дзесяткам гарошын. «Звязда». // Здабываць сродкі для існавання. Людзі з трох вёсак займаліся вырабам гонты і гэтым жывіліся. Чорны. Што зарабіць Эльза, шыючы сукенкі пападзянкам, тым толькі і жывілася з бацькамі. Гарэцкі.

2. Забяспечвацца тым, што неабходна для нармальнага існавання, развіцця, дзейнасці. Ірвецца [расток] да святла, расце бясконца І п’е зямлі сыры духмяны сок, І жывіцца магутнай сілай сонца... З. Астапенка. Маторы ў майстэрнях жывяцца электрычнай энергіяй. Шахавец. // перан. Падтрымліваць, узмацняцца чым‑н. (пра разумовую і творчую дзейнасць, псіхічны стан і пад.). [Беларуская] сатыра ўрастала ў народную глебу, жывілася яе сокамі. Казека. У многіх аўтараў паэзія жывіцца ўспамінамі. «ЛіМ».

3. Разм. Атрымліваць для сябе выгаду, карысць; нажывацца, абагачацца. — Не было ў нашым родзе людзей, якія б з чужога мазаля жывіліся. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

электры́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да электрычнасці. Электрычны зарад. Электрычнае поле. □ Для награвання газу ў камеры выкарыстоўваецца электрычны разрад выключнай магутнасці. «Маладосць». // перан. Нечаканы і моцны. Праняла электрычная дрож, Бацька сціснуў нервова нож І крануўся ісці да дзвярэй. Глебка.

2. Які праводзіць, дае электрычнасць. Электрычная батарэя. Электрычны акумулятар. □ Электрычная станцыя — не навіна, Сёння шмат іх па рэках стаіць, не адна. Куляшоў. // Звязаны з перадачай электраэнергіі, з яе рухам. Для таго, каб не парушыць электрычнай праводкі школьнага званка, паралельна яго выключальніку падключаюць электрычную разетку і замацоўваюць яе непасрэдна пад выключальнікам. «Маладосць».

3. Які дзейнічае пры дапамозе электрычнасці. Электрычны матор. Электрычная печ. □ Завод яшчэ стаяў, калі Рыгор увайшоў у майстэрні: не рухалі нядаўна спыненыя начною зменаю варштаты, не шыпелі разцы і зубілы, не ляскала электрычная тачылка. Гартны.

4. Які служыць для вырабу апаратуры, машын і пад., што працуюць на электрычнасці. Электрычная прамысловасць.

5. Звязаны з выкарыстаннем электраэнергіі. Электрычныя метады разведкі каштоўных выкапняў.

6. Які мае орган, што ўтварае разрады электрычнасці (пра рыб). Электрычны скат. Электрычны вугор.

•••

Электрычная дуга гл. дуга.

Электрычная іскра гл. іскра.

Электрычная лямпа гл. лямпа.

Электрычны імпульс гл. імпульс.

Электрычны стул — у ЗША — прыстасаванне для выканання смяротнага прыгавору пры дапамозе электрычнага току высокага напружання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разе́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Сабраныя ў пучок стужка, тасьма, шнур і пад., якія служаць упрыгожаннем чаго‑н. Намітку накладвалі такім чынам, што распраўлены канец з вышытай разеткай спускаўся па левым плячы, а разетка была на ўзроўні пляча. «Помнікі». // Ордэнскі бант, які носяць у пятліцы.

2. Маленькі сподачак для варэння, мёду, цукру і пад. Седзячы ў качалцы, Кашына ўзяла лыжачку, разетку з варэннем і, пасмоктваючы агрэст, пачала расказваць навіны. Карпаў.

3. Элемент арнаменту ў выглядзе кветкі з аднолькавымі пялёсткамі (у мастацтве, архітэктуры). Цяжка было адвесці вочы ад высокага будынка, складзенага з тоўстых, амаль мядзяных, бярвенняў, якія месцамі былі прыкрыты белымі драўлянымі карункамі розных карнізаў, падаконнікаў, разетак і іншых разбярскіх цудаў. Рамановіч. Дошка [на акне] упрыгожваецца выразаным малюнкам, звычайна накладнога характару, у выглядзе ромбаў, разетак, віньетак, стылізаваных звяроў, птушак, кветак і лісця. «Беларусь».

4. Прыстасаванне для ўключэння асвятляльных, награвальных і іншых прыбораў у электрычны ланцуг. [Толя] стаяў каля сцяны і падключаў да электрычнае, разеткі трансфарматар. Шыловіч.

5. Спец. Група лістоў, якія скучана размешчаны пры самай зямлі па вертыкальным парастку.

6. Шкляны або папяровы абажур для электрычнай лямпы ў выглядзе раструба.

7. Шкляны, фарфоравы або металічны кружок з адтулінай у сярэдзіне, які засцерагае падсвечнік ад капель стэарыну, воску і пад.

[Фр. rosette.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)