сам, само́га, м.; сама́, само́й, ж.; само́, само́га, н.; мн. самі, саміх; займ. азначальны.

1. Ужываецца пры назоўніках ці асабовых займенніках, каб паказаць, што іменна названая асоба або прадмет непасрэдна ўдзельнічае ў дзеянні. З вуліцы ехалі сані. Ладымер пазнаў Банадысёвага каня. Сам Банадысь, высокі, у новым кажуху, .. ішоў побач з канём. Чорны. Сам факт стварэння слоўнікаў нацыянальнай тэрміналогіі не можа разглядаць інакш, як факт выключнай навуковай важнасці. Суднік. // Ужываецца як замяшчальнік назоўніка або асабовага займенніка. Што казаць: самі ведаеце, якія задзіры гэтыя хлопцы. Колас. [Арына Восіпаўна:] — Стаіць [Мажэйка] сярод пакоя, размаўляе са мной, а сам так і шныпарыць вачыма па закутках. Асіпенка. // Ужываецца ў зваротах, каб паказаць, што асоба занята сабою, сваімі справамі. Сам сабе [Уладзімір] нешта шаптаў, сам з сабою раіўся. Скрыган. / У выразах, у якіх што‑н. прыпісваецца самому аб’екту. [Хлопец:] — Не згубіў, а сама [метрыка] згубілася, як нашага прыхода царкву перабудоўвалі на школу... Чарот.

2. Ужываецца, каб падкрэсліць, што асоба або прадмет выконвае дзеянне самастойна, без чыёй-небудзь дапамогі. Засяваць мы самі Будзем нашы нівы, Збіраць самі будзем Ураджай шчаслівы. Купала. // Ужываецца для вылучэння пэўнай асобы або нейкага прадмета. [Гарлахвацкі:] Выдавецтва? Хто пры тэлефоне?.. Перадайце трубку самому дырэктару. Крапіва. Сам камандзір батальёна сядзеў за сталом, займаў цэнтральнае месца. Колас.

3. Ужываецца для падкрэслівання важнасці, значнасці асобы або прадмета. Ка мне ў госці з прывітаннем шчырым.. Сам старшыня прыйшоў і брыгадзіры. Купала.

4. у знач. наз. сам, само́га, м.; сама́, само́й, ж. Разм. Ужываецца для абазначэння якой‑н. паважанай асобы (гаспадара, кіраўніка і пад.). [Бабка:] — Ой, хоць бы ўжо хутчэй сам прыйшоў. Сам — гэта, канечне, бацька. Сяркоў. [Таццяна:] — Ну, а дзе сама [Марына Паўлаўна]? Я ўжо ладзілася ісці па яе, ды дасюль няўпраўка была... Зарэцкі.

5. Пры назоўніках з якасным значэннем падкрэсліваюць наяўнасць вышэйшай ступені якасці ў прадмеце. Сама ты, радзіма, жывая паэма, Вялікасны твор бальшавіцкага племя. Глебка. Значкі ГПА на крутых грудзях [моладзі] выглядаюць так, як можа выглядаць само здароўе, сама сіла, сама паўнакроўная маладосць! Самуйлёнак.

6. Ужываецца тады, калі трэба паказаць, што пра пэўны прадмет ці асобу ўжо гаварылася. [Лабановічу] ўспомнілася,.. што ў гэтую кузню не адзін раз прыязджаў ён і прыходзіў з дзядзькам Марцінам па розных гаспадарчых справах. І кузня, і само мястэчка тады нейк выглядалі іначай, рабілі большае ўражанне, можа, з тае прычыны, што ён быў малы. Колас.

•••

Сам вялікі гл. вялікі.

Сам (сама, само) за сябе гаворыць — не мае патрэбы ў тлумачэнні, пацвярджэнні.

Сам (сама, само) з сабою — адзін, на адзіноце. [Мікуць] гаварыў гэтак сам з сабою праз усю дарогу. Чорны.

Самі з вусамі — не горш за іншых, не дурней за іншых.

Сам-насам — быць аднаму без удзелу іншых. Відаць, не лёгка было Антосю заставацца, сам-насам са сваімі думкамі. Бажко. Хацелася пабыць аднаму [Барташэвічу], сам-насам. Карпюк.

Сам на сябе вяроўку суча гл. сукаць.

Сам не гам і другому не дам гл. гам ​2.

Сам не свой — аб стане разгубленасць роспачы, адчаю, вялікага хвалявання, непакою. Ладымер з’явіўся дадому сам не свой. Ён пастагнаў у сенцах, паенчыў, пабедаваў і падаўся ў хату. Чорны.

Сам не ў сабе — пра таго, хто страціў душэўную раўнавагу, самавалоданне. [Рыгор:] — Чакай, Каця! Даруй, я сам не ў сабе. Крапіва.

Сам (сама, само, самі) па сабе — а) адвольна, незалежна ні ад кога. Цяпер [пасля запрашэння перайсці на працу ў раён] пытанне развязалася само па сабе — проста і дасканала. Зарэцкі. Нарэшце гоман сам па сабе ўлёгся. Дуброўскі; б) кожны паасобку. [Іван:] — У нас [у Чыжэвічах] канапасы ў гурт збіраюцца, гавораць, смяюцца. А тут [у Малінаўцы] кожны сам па сабе. Чарнышэвіч; в) паводле сваёй сутнасці. Сам па сабе дзядзька Анупрэй быў вельмі цікавым чалавекам. Машара.

Сам праз сябе — самастойна.

Сам (сама, само, самі) сабе — а) адзін, без нікога. [Макатрыха:] — Я магла б жыць і пры сыне, але мне лепш калі я тут сама сабе. Кулакоўскі; б) ціха, ледзь чутна (чытаць, гаварыць і пад.); в) ніяк знешне не выяўляючы; у думках, не выказваючы ўголас. Яшчэ тады [Макар] сам сабе падумаў: а што, калі тут давядзецца працаваць, дык жа зусім згубішся сярод гэтых сталёвых волатаў. Сабаленка.

Сам сабе не рад — незадаволены самім сабою. Цяпер і сам сабе не рад. Не спіцца, не ляжыцца. Ці не вярнуцца лепш назад Ды з другам памірыцца? Танк.

Сам сабе пан (гаспадар, галава) — самастойны, незалежны ні ад кога чалавек.

Само сабой (зразумела) — не выклікае ніякага сумнення; безумоўна.

Сам (сама, само, самі) сабою — а) самастойна, сваімі сіламі (магчымасцямі). Як узяўся, як стаў вучыцца і сам сабою вывучыўся. Янкоўскі. Шчасце не прыйшло само сабой. Барадулін; б) без якіх‑н. намаганняў. Само сабой прыгадалася, як зімой.. [бацька] з Шурам валіў сосны на хату. Ставер; в) у адпаведнасці з сваёй унутранай сутнасцю, такім, які ёсць. Сышліся твар у твар — яны і вечнасць, Тут кожны быць павінен сам сабой, Як смага — смагай, як вада — вадой. Куляшоў.

Сам чорт галаву (нагу) зломіць гл. чорт.

Сам чорт не брат каму гл. брат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «да» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета ці асобы, да якіх скіравана дзеянне, рух. Падысці да акна. Плысці да берага. □ Да хаты падымчаўся жарабок, запрэжаны ў маляваныя драбіны. Чорны. Наталька павярнулася да бацькі, азарыла яго светлай усмешкай. Кулакоўскі.

2. Ужываецца пры абазначэнні мяжы, да якой пашыраецца дзеянне, з’ява і пад. Падкасаць штаны да каленяў. Давесці справу да канца. □ Канцы башлыка, якімі хлопец абвязаны ледзь не да носа, запацелі і падмярзаюць на ветры. Брыль. // Ужываецца пры абазначэнні меры, велічыні чаго‑н. Шынель да пят. Вады ў рацэ да пояса.

3. Ужываецца пры абазначэнні мяжы той адлегласці, прасторы, якая аддзяляе адзін пункт ад другога. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетры чатыры. Колас. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» або «з» (ад, з — да) і другім назоўнікам акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, з’ява і пад. Ад бурнай Віслы да Урала — Чырвоных ведалі ваяк. Чарот. Што ні скажа — Маслам мажа з плеч да лытак. Вось дык крытык! Крапіва.

Часавыя адносіны

4. У спалучэнні з назоўнікам служыць для абазначэння моманту, да якога працягваецца дзеянне, стан і пад. А цяпер, глядзі, зіма якая І якія на шляхах вятры, Што ледзь чутна, як гармонік грае У калгасным клубе да зары. Танк. Да сярэдзіны мая Рыгорава жыццё кацілася новай каляінай. Гартны. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» або «з» (ад, з — да) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога адбываецца дзеянне, з’ява і пад. І ад рання да зор, пакуль ноч напаўзе, Як мурашнік, кішыць сенажаць... Чарот. Пасуцца па начах заўсёды коні нашы. З вясны да восені — даволі-такі часу. Крапіва.

5. Ужываецца пры абазначэнні падзеі, з’явы, якім папярэднічала пэўнае дзеянне; адпавядае па значэнню словам: перад чым небудзь, раней чаго-небудзь. Выканаць план да ўстаноўленага тэрміну. □ За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку. Колас. Прачнуўся Дубяга далёка да дня, Хутчэй асядлаў баявога каня. Танк.

Колькасныя адносіны

6. У спалучэнні з лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні колькаснай мяжы чаго‑н. Ніна гарыць, бо ноччу тэмпература падымаецца ледзь не да сарака. Брыль. // Ужываецца пры ўказанні на магчымасць якой‑н. колькасці, меры; адпавядае па значэнню словам: каля, прыблізна. У аўтобусе змяшчаецца да сямідзесяці пасажыраў. □ Прамінуўшы да дзесяці падвод, .. [Сідар] апамятаўся і спыніўся. Гартны. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» і другім лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні велічынь, якія абмяжоўваюць што‑н. Дзеці ад трох да пяці год.

Аб’ектныя адносіны

7. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы і пад., да якіх што‑н. далучаецца, дабаўляецца. Да пяці прыбавілі два. □ Рыгор прыстаў да першага рада і з асаблівым захапленнем убіваў у рыхлую зямлю востры жалязняк. Гартны. / У выразе: да таго ж. Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў. Колас.

8. Ужываецца пры абазначэнні групы або катэгорыі людзей, з’яў, прадметаў і пад., да якіх належыць, адносіцца хто‑, што‑н. Былі і такія, якім польская акупацыя была на руку. Да такіх належаў і Васіль Бусыга. Колас. [Чарнавус:] Скажыце, Аляксандр Пятровіч, да якога перыяду вы адносіце сваю знаходку? Крапіва.

9. Ужываецца пры абазначэнні матыву, мэты якога‑н. дзеяння. Імкнуцца да новых поспехаў. Рыхтавацца да экзаменаў. □ Голіцца .. [Ян] штодня, пакідаючы толькі адны вусы, каб паказаць сваім дочкам прыклад ахайнасці і прывучыць іх да парадку. Лынькоў.

10. Ужываецца пасля назоўніка пры абазначэнні асаблівасцей або прызначэння прадмета, з’явы і пад. Пісьмо да запатрабавання. □ Сігнал да працы ўмомант падняў на ногі рабочых. Гартны.

11. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., з якімі звязана якое‑н. дзеянне, стан, прымета, якасць. Шапка .. [Крулеўскага] сведчыла аб тым, што ён мае нейкае дачыненне да польскай арміі. Колас. Стары ўжо, відаць, прывык да такіх кампрэсаў і адчуваў сябе больш-менш зручна. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., да якіх праяўляюцца якія‑н. адносіны, пачуцці. Любоў да радзімы. Схільнасць да разважанняў. □ У Віцькавым голасе замілаванне і шчырая любоў да маці. Асіпенка. Слоў не знаходзіў дзед Талаш, каб выказаць усю гэту навалу свайго абурэння і нянавісці да акупантаў. Колас.

12. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, у дачыненні да якіх выяўляецца прыгоднасць, прыдатнасць каго‑, чаго‑н. Галена Прыбыткоўская была і рухавая, і спрытная да ўсяго. Чорны. Яська — майстар на ўсе рукі: Як да сярпа, так і да кнігі. Колас. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, да якіх ёсць або адсутнічае патрэба, зацікаўленасць. Прыйшло да ахвоты пагаварыць. Маю да цябе справу. □ Колькі дзён не да рыбы было Сілівону. Лынькоў. Грамадзе было не да смеху над спалоханай кабетай. Бядуля.

13. (у спалучэнні са словамі «падобны», «мець падабенства»). Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, з якімі параўноўваецца хто‑, што‑н. За сталом сядзяць Таня і хлопчык год трох, вельмі падобны да самога Лясніцкага. Шамякін. Азірніся, падзівіся — Мірты, лаўры, кіпарысы Не падобны да сябе. Панчанка. Вялікае селішча мела падабенства да сабраных разам хутар[оў] ці да зборных выселак. Чорны.

14. Ужываецца ў загалоўках пры абазначэнні тэмы твора або падзеі, з’явы, з якімі звязан змест твора. Да пытання аб развіцці маністычнага погляду па гісторыю. Да пытання аб правапісе назоўнікаў.

15. Ужываецца пры абазначэнні таго, да чаго заклікаюць, пабуджаюць. Наперад, да новых перамог! □ Рэй вядзе Рыжы. — Да зброі! — ціха камандуе ён. Колас. Жыві ж, красуйся, горад стольны, З руін да славы ўставай! Глебка.

16. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы і пад., да якіх скіравана дзеянне. Прыступіць да работы. Прыслухоўвацца да голасу народных мас. □ Цяпер разгорнем часаў шаты, Бліжэй прыгледзімся да хаты, Да Міхася і да Антося, Як там вялося, як жылося. Колас. Ці ты, мілы, спіш, не чуеш, Што да мяне не гаворыш? З нар. песні. // Ужываецца пры абазначэнні выніку дзеяння. Прыйсці да згоды. Сеавольства да дабра не даводзіць.

17. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, з якімі сутыкаецца хто‑н., змацоўваецца што‑н. Прывязаць каня да плота. Прымацаваць партрэт да сцяны. □ Кавалачак дроту быў моцна прыпаяны да ланцужка. Лынькоў. Кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Чорны. // Пры паўтораным назоўніку служыць для ўтварэння прыслоўных спалучэнняў, якія абазначаюць, што асобы ці прадметы узаемна сутыкаюцца, судакранаюцца. Хлопцы са страху прытуліліся адзін да аднаго. С. Александровіч. Паперкі зляжаліся, прысталі адна да другой. Асіпенка.

Акалічнасныя адносіны

18. Ужываецца пры ўказанні на ступень, якой дасягае дзеянне, стан. Працаваць да поту. Начысціць да бляску. Кранаць да душы. □ Раптам паляцела грузавая машына і, рэзка, ажно да піску, затармазіўшы, спынілася. Броўка. Пах хвоі рабіўся яшчэ больш густым, ядраным, ён цадзіўся ў грудзі, распінаў іх да салодкай стомы. Лынькоў. // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі служыць для абазначэння найвышэйшай ступені якога‑н. дзеяння, стану. Прамокнуць да ніткі. Стаміцца да смерці. □ Рэзкі сівер падыхае, Да касцей праймае. Крапіва. // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі служыць для ўказання на паўнату колькаснага ахопу; адпавядае па значэнню словам: усё, цалкам, поўнасцю. Разведаць усё да драбніц. □ Анцыпік са здзіўленнем глядзеў, як Лабановіч узяў поўную шклянку і, не адрываючыся, выпіў да дна. Колас. — Я табе сплачу доўг, Сімон. На будучую восень я разлічуся да капейкі. Самуйлёнак. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» (ад — да) і другім назоўнікам ужываецца пры ўказанні на поўны ахоп якіх‑н. прадметаў, якасцей і пад. Зацікавіць усіх — ад малога да старога.

•••

Ад дошкі да дошкі гл. дошка.

Ад слова да слова гл. слова.

Ад часу да часу гл. час.

Давесці да ручкі гл. давесці.

Да пабачэння гл. пабачэнне.

Да пары да часу гл. пара.

Да часу гл. час.

Прыбраць да рук гл. прыбраць.

Што да каго-чаго гл. што.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)