навуко́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да навукі (у 1, 2 знач.), уласцівы ёй. Навуковае адкрыццё. Навуковая дзейнасць. □ Г.Б. Пляханаў пакінуў рабочаму класу і ўсяму прагрэсіўнаму чалавецтву каштоўную навуковую і літаратурную спадчыну. «Весці». // Заняты распрацоўкай навуковых пытанняў. Навуковы супрацоўнік. Навуковае аб’яднанне.
2. Пабудаваны на прынцыпах навукі. Маркс і Энгельс стварылі навуковую тэорыю камунізма. «Беларусь».
•••
Навуковы апарат гл. апарат.
Навуковы камунізм гл. камунізм.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць сталым; памужнець. Цяпер Ліда пасталела і трымалася ў адносінах да настаўніка стрымана і нават як бы трохі холадна. Колас. Леташнія васьмікласнікі сталі дзевяцікласнікамі. Пасталелі, паразумнелі. Пачалі больш сур’ёзна ставіцца да ўсіх пытанняў школьных і жыццёвых. Дубоўка. Што за карысць, што малады і прыгожы, калі кручаны і невядома калі пасталее. Чорны. Я дарос, пасталеў на вайне. Таўлай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разу́мнік, ‑а, м.
Разумны, разважлівы чалавек. — Вядома таксама, што адзін дурань можа задаць столькі пытанняў, на якія не адкажуць сто разумнікаў. Навуменка. [Бабуля:] — А Туман наш — разумнік. Чуе разлуку. Увесь дзень не адыходзіць. Ні на крок. Шыловіч. // Разм. іран. Той, хто любіць разумнічаць, мудраваць, лічыць сябе разумнейшым за іншых. — Не трэба мне тваіх тлумачэнняў. Разумнік! Я сам бачу! Злазь з камбайна! — крычыць Яўмён. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сазва́ць, ззаву, ззавеш, ззаве; ззавем, ззавяце; пр. сазваў, ‑ла; зак., каго-што.
1. Паклікаць, запрасіць усіх, многіх; сабраць усіх, многіх. Сазваць гасцей. □ І ад гэтай думкі несвядома ўстрапянулася ў Ігнася радасць і захацелася яму саскочыць з цёмных палатак, пабегчы па зямлі, сазваць усіх людзей. Чорны.
2. Сабраць удзельнікаў (сходу, канферэнцыі і пад.) для работы, вырашэння якіх‑н. пытанняў. Сазваць кансіліум. Сазваць нараду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
публіцы́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Жанр грамадска-палітычнай літаратуры на тэмы сучаснасці. Лепшым узорам беларускай публіцыстыкі дарэвалюцыйнага часу з’яўляюцца пісьмы К. Каліноўскага, што друкаваліся ў газеце «Мужыцкая праўда». А. Макарэвіч. // Наяўнасць (у творах, у творчасці) надзённых грамадска-палітычных пытанняў. У апошніх частках рамана Чорнага залішне многа публіцыстыкі. Барсток.
2. зб. Творы гэтага жанру. Публіцыстыка і сатыра [К. Чорнага] шырока выкарыстоўваліся ў плакатах і лістоўках. Луфераў.
[Ад лац. publicus — грамадскі.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самакірава́нне, ‑я, н.
1. Форма кіравання, парадак, пры якім арганізацыя, таварыства, гаспадарчая, адміністрацыйная адзінкі і пад. самастойна вырашаюць пытанні ўнутранага кіравання. Самакіраванне кааператыва. // Выбарная ўстанова, якая ажыццяўляе такое кіраванне. Гарадское самакіраванне.
2. Самастойнае вырашэнне якой‑н. дзяржаўнай адзінкай пытанняў ўнутранага заканадаўства і кіравання. Барацьба калоніі за права на самакіраванне. □ У XVI ст. многія гарады Беларусі дабіліся мясцовага самакіравання, якое пазней стала вядомым пад назвай «Магдэбургскага права». Алексютовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уціхамі́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. Супакоіцца, суняцца. [Васіль Міронавіч:] — Пачынаем вечар пытанняў і адказаў... Таварышы — уціхамірцеся... Нічога не пачуеш там ззаду. Пташнікаў. // Заспакоіцца душэўна. [Галіна] кінулася да калыскі, і сэрца ўціхамірылася. Сабаленка. // Аслабець (пра сілу, праяўленне чаго‑н.); аціхнуць. Перастала штарміць. Мора ўціхамірылася. Машара.
2. Стаць паслухмяным, пакорным; утаймавацца. Раз’юшаны тыгр нарэшце ўціхамірыўся. □ Я скрыгатаў зубамі, лаяўся, махаў кулакамі, а хросны падскокваў да мяне, хапаў за рукі, прасіў уціхамірыцца. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стол, стала́, мн. сталы́, стало́ў, м.
1. Прадмет мэблі ў выглядзе шырокай гарызантальнай дошкі на высокіх падпорах, ножках.
Пісьмовы с.
Сесці за сталы.
Перагаворы за круглым сталом (перан.: пры поўным раўнапраўі бакоў).
2. Прадмет спецыяльнага абсталявання або частка станка падобнай формы.
Аперацыйны с.
3. адз. Страва, ежа, тое, што падаюць для яды.
Затраты на с.
Разнастаіць с.
4. Від стравы, ежы; рэжым харчавання.
Мясны с.
Дыетычны с.
Вегетарыянскі с.
5. які або чаго. Аддзел ва ўстанове, а таксама сама ўстанова, якая займаецца спецыяльным колам пытанняў
С. даведак.
Пашпартны с.
|| памянш. сто́лік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 знач.).
|| прым. стало́вы, -ая, -ае (да 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
будзённы, ‑ая, ‑ае.
1. Не святочны, будны. Быў звычайны будзённы дзень, калі Паходны прынеслі з Лашыч паведамленне ад Ваўчка. Хадкевіч. // Прызначаны на штодзень. На сцяне вісела будзённая вопратка. Гартны. // Штодзённы, звычайны. Колькі радасці можна знайсці ў звычайным будзённым жыцці. Мурашка. А чым мяне сустрэне бераг новы — Будзённым тлумам, навізною спраў? Панчанка.
2. перан. Сумны, аднастайны. [Рыма:] — Ты таксама вершы пішаш? Люблю паэтаў, яны непасрэдныя, шчырыя, не такія, як усе, будзённыя. Сабаленка. Пытанняў.. нарадчыца чуе за дзяжурства дзесяткі, яны — самыя будзённыя, як і адказы на іх. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паве́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Афіцыйнае пісьмовае паведамленне з выклікам куды‑н. Праз некалькі дзён .. [Валі] прыйшла павестка з явіцца ў гарадскую ўправу, а неўзабаве прыйшоў і нарад паліцыі. Няхай. І тых, каму ўручаліся павесткі, Дарога павяла ў ваенкамат. Смагаровіч.
2. Круг пытанняў, якія павінны быць абмеркаваны на сходзе, пасяджэнні. Даклад пачаўся пасля таго, калі была прынята павестка. Васілевіч.
•••
Павестка дня — тое, што і павестка (у 2 знач.). Павестка дня вялікая і разнастайная, і сход абяцае зацягнуцца да самага вечара. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)