рэстаўра́цыя, ‑і, ж.
1. Аднаўленне і ўмацаванне старых ці пашкоджаных помнікаў мастацтва, гісторыі і культуры. Рэстаўрацыя карціны. Рэстаўрацыя замка. □ Завершана рэстаўрацыя помніка старажытнарускай архітэктуры — Камянецкай абарончай вежы. «ЛіМ». Наша дзяржава асігнуе вялікія сродкі на даследаванне, рамонт, рэстаўрацыю і кансервацыю архітэктурных помнікаў. «Помнікі».
2. Аднаўленне ранейшага, звергнутага палітычнага ладу. Рэстаўрацыя капіталізму.
[Лац. restauratio.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гістары́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да гісторыі (у 1–4 знач.). Гістарычны працэс. Гістарычныя помнікі. Гістарычная навука. Гістарычнае даследаванне.
2. Які рэальна існаваў, не выдуманы. Гістарычны факт. Гістарычны персанаж рамана.
3. Важны для гісторыі; знамянальны. Гістарычная дата. Гістарычныя рашэнні XXV з’езда КПСС.
4. Які апісвае людзей або падзеі мінулага. Гістарычны раман. Гістарычная аповесць. Гістарычныя песні.
5. Які апіраецца на гісторыю як на метад пазнання, даследавання. Гістарычнае абгрунтаванне фактаў сучаснай мовы.
6. Які вывучае з’явы ў іх паслядоўным развіцці. Гістарычная граматыка беларускай мовы.
7. Звязаны з пэўным этапам у развіцці грамадства; не вечны, пераходны. Гістарычная катэгорыя.
8. Які адносіцца да часу, ад якога захаваліся рэчавыя помнікі; проціл. дагістарычны. Гістарычная пара жыцця народа.
•••
Гістарычны матэрыялізм гл. матэрыялізм.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хава́льнік, ‑а, м.
1. Той, хто хавае што‑н., кладзе ў невядомае для іншых месца.
2. Службовая асоба ў музеях, бібліятэках, архівах, якая захоўвае, зберагае што‑н. Хавальнік рукапісных фондаў. □ Нядаўна савецкі і зарубежны друк абышло паведамленне пра знаходку, якую галоўны хавальнік Дзяржаўнага Эрмітажа І.Г. Спаскі назваў надзеяй веку ў нумізматыцы. «Помнікі».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ты́гель, ‑гля, м.
1. Пасудзіна з вогнетрывалага матэрыялу для плаўкі, варкі, нагрэву розных матэрыялаў. На падлозе, каля пячэй .. — тыглі, ліцейныя формачкі, не завершаныя апрацоўкай металічныя рэчы і шмат адходаў, галоўным чынам аплаўленая бронза і бронзавыя пласціны. «Помнікі».
2. Спец. Металічная пліта друкарскага станка або тыгельнай машыны для прыціскання паперы да пакрытай фарбай друкарскай формы.
[Ням. Tiegel.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утыліта́рны, ‑ая, ‑ае.
Заснаваны на імкненні да практычнага выкарыстання, прымянення чаго‑н.; практычны. Максім Багдановіч ставіць і вырашае праблему ідэйна-мастацкай вартасці паэтычных твораў і іх утылітарнай ролі для грамадства. Майхровіч. Замак меў чыста утылітарнае прызначэнне і быў месцам, дзе насельніцтва хавалася на перыяд ваеннай небяспекі. «Помнікі». // Які мае практычнае прымяненне; прыкладны. Утылітарныя веды.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасталы́, ‑оў; адз. пастол, ‑тала, м.
Даўні мяккі сялянскі абутак з цэлага кавалка скуры, які носіцца з анучамі і прывязваецца да ног аборамі. Абутак мясцовых сялян да 1913 года — раменныя пасталы. «Помнікі». Раз толькі пашанцавала натрапіць на вялікія сляды скураных пасталеў. Караткевіч. // Лапці. Ледзь распрог [бацька] каня, зайшоў у хату, не ўправіўся разуць мокрыя пасталы — паявіўся Яўхім. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сушы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Прыстасаванне, устаноўка для сушкі чаго‑н. Барабанная сушылка.
2. Памяшканне, дзе адбываецца сушка, прасушванне чаго‑н. Суконнае прадпрыемства ў Хомску Кобрынскага павета размяшчалася ў 13 мураваных і драўляных будынках: самы вялікі двухпавярховы дом — два цэхі.., яшчэ адзін мураваны дом. .. Астатнія, драўляныя памяшканні — [фарбавальня], сушылка, сталярная, слясарная і іншыя майстэрні. «Помнікі».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фланкі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што і без дап.
1. Весці агонь уздоўж лініі фронту ў фланг баявых парадкаў ворага. // Прыкрываць з флангаў. Фланкіраваць бераг.
2. Быць, размяшчацца па баках чаго‑н. Стройныя ажурныя вежы [касцёла] фланкіруюць .. фасад і далёка відны на фоне нізкай забудовы Замосця. «Помнікі».
3. Уст. Выконваць баявыя прыёмы пікай, седзячы на кані.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фурма́нскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фурмана, належыць яму. — Но-о-о! Ка-аб цябе... — чуўся.. няшчыры фурманскі голас. Бядуля. Спераду ўпоперак саней ставілася лавачка-козлы, і хутчэй як пэўная даніна фурманскай традыцыі, бо практычнага сэнсу яна не мела. «Помнікі».
2. у знач. наз. фурма́нская, ‑ай, ж. Уст. Памяшканне для фурманоў у доме памешчыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
архі́ў, ‑хіва, м.
1. Установа, якая зберагае, сістэматызуе і апісвае пісьмовыя і графічныя помнікі мінулага з мэтай навуковага і практычнага іх выкарыстання. // Аддзел установы, дзе захоўваюцца старыя дакументы, скончаныя справы і пад.
2. Збор пісьмаў, рукапісаў, фатаграфій і пад., якія маюць адносіны да дзейнасці якой‑н. установы, асобы. Партызанскі архіў. Рукапісны архіў Янкі Купалы.
•••
Здаць (спісаць) у архіў каго-што гл. здаць.
[Лац. archivum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)