падско́чыць, -чу, -чыш, -чыць; зак.

1. Наблізіцца скачкамі.

П. да тэлефона.

2. Зрабіць рэзкі рух, скачок уверх.

П. ад радаснай навіны.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Рэзка падняцца, павялічыцца (разм.).

Падскочыла тэмпература.

Цэны падскочылі.

4. Зайсці, забегчы куды-н., да каго-н. ненадоўга (разм.).

Падскочу на хвілінку да Міколы.

|| незак. падска́кваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—3 знач.).

|| наз. падска́кванне, -я, н. (да 1—3 знач.) і падско́к, -у, м. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

раскруці́цца, -ручу́ся, -ру́цішся, -ру́ціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Развіцца (пра што-н. звітае, скручанае).

Вяроўка раскруцілася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разгарнуцца (пра што-н. скручанае).

Пакунак раскруціўся.

3. Вызваліцца ад чаго-н. наматанага, накручанага.

Раскруцілася цэлая шпулька нітак.

4. Пачаць круціцца з узрастаючай хуткасцю, сілай (разм.).

Кола раскруцілася.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павялічыцца ў дыяметры ад кручэння, свідравання.

Адтуліна раскруцілася.

6. перан. Дабіцца поспеху ў якой-н. справе, стаць вядомым, папулярным (разм.).

|| незак. раскру́чвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прыба́віцца, ‑баўлюся, ‑бавішся, ‑бавіцца; зак.

1. Дабавіцца, далучыцца ў дадатак да чаго‑н. Сёння.. [Галя] нібы імянінніца, ды гады яе лічацца цяпер па класах, скончыла клас — год прыбавіўся. Якімовіч.

2. Павялічыцца, стаць большым (у памеры, сіле і пад.). Дзень прыбавіўся. Прыбавіцца ў вазе. □ — Цяпер у нас штат прыбавіўся. Тры даглядчыцы маем... Ракітны. / у безас. ужыв. За тры дні ягад прыбавілася. Шашкоў. Пад восень працы ў людзей прыбавілася. П. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набра́кнуць, ‑не; пр. набрак, ‑ла; зак.

1. Набрыняўшы, павялічыцца ў аб’ёме; набухнуць. Бурыя і цяжкія кірзавыя боты набраклі. Ісці было вельмі цяжка. Лукша. Другі валёнак не злазіў з нагі — набрак. Пташнікаў. Тарфянікі набраклі, нібы губка, а потым пачалі хавацца ў верхаводдзі. Новікаў.

2. Тое, што і набухнуць (у 1, 3 знач.). Ужо набраклі і покаліся ад веснавога соку пупышкі на дрэвах. Паслядовіч. Ад напружанасці і злосці ў Кузняцова набраклі на скронях вены: кроў хлынула ў галаву. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набрыня́ць, ‑яе; зак.

1. Набраўшыся вільгаці, вадкасці, павялічыцца ў аб’ёме. Зямля набрыняла вадой, разбухла, як перастаялае цеста. Асіпенка. Лёд на рацэ набрыняў, зламаліся на ім і запоўніліся вадой пракладзеныя людзьмі сцяжынкі. Хадкевіч. // Наогул прасякнуць вільгаццю, вадкасцю. Штаны і ватоўка адразу ж набрынялі вадою і пачарнелі. М. Ткачоў. [Ігнацюк] гнаў аўтобус, гледзячы толькі наперад. Бінт на руцэ збіўся, набрыняў крывёю. Хомчанка.

2. Тое, што і набухнуць (у 1 знач.). Стаяла вясна. Яшчэ не распусціліся клейкія бярозавыя лісточкі, а пупышкі ўжо набрынялі. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расцягну́цца, -цягну́ся, -ця́гнешся, -ця́гнецца; -цягні́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ад нацягвання падоўжыцца, павялічыцца.

Кофта расцягнулася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пашкодзіцца ад моцнага напружання, удару, неасцярожнага руху (пра звязкі, сухажылле і пад.).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рухаючыся, размясціцца доўгім радам на вялікай прасторы.

Калона расцягнулася.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размясціцца паласой на якой-н. адлегласці.

Вёсачка расцягнулася на два кіламетры.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць вельмі працяглым; зацягнуцца.

Работа расцягнулася на тыдзень.

6. Легчы, выцягнуўшыся.

Р. на лаўцы.

7. Упасці ўсім целам.

Зачапіўся нагою і расцягнуўся на зямлі.

|| незак. расця́гвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

набе́гчы, -бягу́, -бяжы́ш, -бяжы́ць; -бяжы́м, -бежыце́, -бягу́ць; -бе́г, -гла; -бяжы́; зак.

1. на каго-што. Наскочыць з разбегу, з разгону.

Н. на прахожага.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка насунуўшыся, пакрыць сабой нейкую прастору (пра хвалі, хмары і пад.).

Хвалі набеглі на бераг.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца ў адным месцы ў вялікай колькасці.

Набегла шмат народу.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Павялічыцца ў суме, колькасці.

Набеглі працэнты.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Раптам узнікнуць, з’явіцца (пра думкі, пачуцці і пад.).

Набеглі трывожныя думкі.

Слёзы набеглі.

Набегчы на памяць (разм.) — успомніцца.

|| незак. набяга́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

нарасці́, ‑расце; пр. нарос, ‑расла, ‑расло; зак.

1. Вырасці ў нейкай колькасці. [Аляксей Цімафеевіч:] — Шмат будзе снегу — шмат улетку нарасце збожжа і фруктаў. Паслядовіч. У апошнюю вайну не толькі лес, але і хмызняк загінуў. І зноў нарос — маладыя хвойкі, бярозкі, на палянах куп’ё зацвіло чаборам, суніцы, грыбы з’явіліся. Лупсякоў.

2. Вырасці на паверхні чаго‑н. Нарасло сала. // Паступова прыстаючы, прымярзаючы да чаго‑н., утварыць нараст. За прымаразкі на размоклых дарогах нарасла тоўстая кара голага лёду. Навуменка.

3. Сабрацца, павялічыцца (аб працэнтах, грошах і пад.). Нараслі працэнты за год.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павы́сіцца, ‑вышуся, ‑высішся, ‑высіцца; зак.

1. Стаць больш высокім. Узровень вады павысіўся. □ Нерастуе лінь з сярэдзіны мая да другой паловы ліпеня, калі тэмпература вады павысіцца да 20–21°C. Матрунёнак.

2. Павялічыцца, стаць большым. Надоі павысіліся. □ [Русаковіч:] Калі ўмела і з душой узяцца за справу, дык і план будзе выкананы, і сабекошт не павысіцца. Крапіва. // Палепшыцца. Павысіліся веды вучняў. Павысіўся культурны ўзровень. Павысіўся аўтарытэт установы.

3. Разм. Перайсці на больш высокую пасаду. Павысіцца па службе.

4. Стаць мацнейшым, стаць больш высокім па тону. І раптам павысіўся ў Міхася голас. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашы́рыцца, ‑рыцца; зак.

1. Стаць больш шырокім; расшырыцца. Трэшчына пашырылася. □ Паляна нібы пашырылася, цемень адступіла ў бакі. Сіняўскі.

2. Павялічыцца ў колькасці, у аб’ёме. Былы Гальвасаўскі млын пашырыўся на чатыры колы. Чорны. // Стаць больш поўным, рознабаковым. У тэматычных адносінах круг творчасці Ул. Дубоўкі значна пашырыўся. Глебка.

3. Стаць вядомым многім, распаўсюдзіцца. Хутка слава пра Маніну градку пашырылася далёка за межы ўласнага агароду. Якімовіч.

4. Расшырыць кола свайго дзеяння, ахапіць сабой. Пакуль хвароба не пашырылася, трэба было тэрмінова ізаляваць усіх хворых і зрабіць у хатах дэзінфекцыю. Шамякін. У новай пяцігодцы кінасетка Мінска пашырыцца. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)