Мур 1 ’камяніца, мураваны будынак’, ’цагляны панскі дом’, ’сцяна, агароджа з каменняў, цэглы’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Жд. 1, Грыг., Шн. 2, Федар. 1, Яруш., Сцяц., Шат., Касп., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, ТС), ’руіны’ (шальч., Сл. ПЗБ), му́рачак ’прымурак’ (Сцяц.), мураваны ’цагляны’ (Нас., Сцяшк., Касп.), ’надзейны’ (Крыў., Дзіс.), мураваць ’будаваць з каменя або цэглы’, ’пакрываць лёдам’, мураванка ’невялікая камяніца’ (ТСБМ, Нас., Жд. 1, Шат., Юрч., Касп.; КЭС, лаг.), ’брукаваная дарога’ (ваўк., Сцяшк. Сл.), ст.-бел. муръ ’цагляная або каменная сцяна’, ’будаўнічы матэрыял’, муровати ’мураваць’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mur, murować, якія з с.-в.-ням. mûre, mûren (Жураўскі, Бел. мова, 62; Булыка, Лекс. запазыч., 97 і 93; Чартко, Пыт. мовазн., 119 і Бел. лінгв. зб., 151; Кюнэ, Poln., 79) < лац. mūrus ’сцяна, вал, ахова, драўляная вежа’.

Мур 2, му́рава, му́раўка ’зялёная трава’ (Нас., Растарг., Ян., Сцяшк. Сл.), му́рава, му́раво, му́раў ’трава, якой зарастае двор’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), ’дзірван’ (Яруш.; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС), му́рова ’гладун гладкі, Herniaria glabra L.’ (жытк., Бейл.), мура́ва ’метлюжок аднагадовы, Poa annua L.’ (Гарэц.; маг., Кіс.), ’метлюжок звычайны, Poa trivialis L.’ (гродз., Кіс.), ’мурожніца, Testuca elatior L.’ (Касп., Мядзв.); брэсц., пін. ’аблог’, мін., слаўг. ’самае лепшае лугавое сена’ (Янк.), мурава́, мура́ўка ’густазялёная маладая трава’, ’сухадольная сенажаць з добрай травой’, ’газон’ (ТСБМ, Касп., Яшк., Мядзв., Др.-Падб.), мурава́нка ’хаціна, пакрытая дзірваном ці муравою’ (Нас.), муравец ’галадок аднагадовы, Scleranthus annus L.’ (маг., Кіс.; Касп.), муравы́, мураўцовы ’светла-зялёны’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). Укр. мурава́, рус. мур, мура́, мурок, мура́к, муравей, мурави́на ’зялёная трава, месца, парослае ёю’, пск. ’май’, варон. ’плесень’, ст.-рус. мурава́ ’трава’; польск. muraw, murawa, murawnik, murawica, murawina, murawne ’зялёная трава, дзірван’, чэш. muravěnka ’сорт жыта’, славац. murava ’дзірван’, славен. murȃva ’мяккая трава’, mȗrava ’казлаброд, Tragopogon pratensis’, morȃvka ’купальнік горны, Arnica montana L.’, серб.-харв. му̀рава ’чарнакорань махнаты, Scorzonera villosa L.’, балг. мура́ва ’нізкая трава’. Найбліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: лат. maũrs, maura, mauriņš ’дзірван, газон, трава ля хаты, на двары’, mauragas ’ястрабок валасісты, Hieratium philosello L.’, ’падалешнік, Asarum L.’, літ. máuras ’раска малая, Lemna minor L.’ (Мацэнаўэр, 10, 349; Буга, Rinkt, 1, 468; Мюленбах-Эндзелін, 2, 569; Фасмер, 3, 10; Бязлай, 2, 207). Далей няясна. Абаеў (Studia linguistica, 8) параўноўвае слав. murava ’мурава’ з грузінск. muro‑balaxi ’сакавітая, густая трава’.

Мур 3 ’зык, вэрхал, моцны крык, гармідар’ (Растарг.), бран. мур рвать ’моцна квічэць, патрабуючы корму’. Балтызм. Параўн. літ. mauróti ’раўці’.

Мур 4, мурк ’пра мурлыканне’ (мсцісл., Нар. лекс.). Балтызм. Параўн. літ. mur̃kti ’мурлыкаць’.

Мур 5 ’міра’ (мсцісл., бых., віц., Рам. 8), му́ра ў выразе адным мурам мазаны (Нас.), рус. бран., новасіб. мур, варонеж. му́рава ’ялей, міра’, ’лампадны алей’. Да ст.-рус., ст.-слав. мѷро ’міра, націранне алеем’. Да мі́ра (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца і уздымуся, уздымешся, уздымецца; пр. узняўся, ‑нялася, ‑лося; заг. узніміся і уздыміся; зак.

1. Узысці, заняць больш высокае месца. Стаіць наш дзядзька ў задуменні, Не смее ўзняцца на ступені. Колас. Вось толькі міну вунь той рэдзенькі бярозавы пералесак і затым узнімуся па горку. Васілевіч. Леанід Аляксеевіч і дзядзька Алесь узняліся на сцэну, дзе стаяў доўгі стол, пакрыты чырвоным сукном. Якімовіч. / Пра дарогу, сцежку і пад. Дарога ўзнялася на насып. // перан. Падняцца па службовай лесвіцы. Ад простага палкавога агітатара [Грынвальд Муха] ўзняўся да камісара палка. Машара. З нашай радні найвышэй усіх узнялася цётка Куліна. Навуменка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыняць больш высокае становішча, прыпадняцца ўверх. [Верыны] прыгожыя аксамітныя броўкі ўзняліся ў ціхім здзіўленні. Зарэцкі. Вядро ўзбунтавала люстраную роўнядзь, напоўнілася і ўзнялося над кладкай у маленькай, моцнай дзявочай руцэ. Брыль. Нарэшце патушылі святло, і заслона паволі ўзнялася ўгору. Арабей. / Пра сцяг, парус і пад. Раптам над людзьмі ўзняўся чырвоны сцяг. Чорны. // Перайсці ў вертыкальнае становішча. Частка рук адразу ўзнялася, за імі яшчэ адна за другой паднімаліся. Галавач. // Натапырыцца, стаць тарчма (пра вушы, поўсць і пад.). Вунь і поўсць на .. карку [сабакі] ўзнялася дыбам, — відаць, ад злосці. Даніленка.

3. Узвысіцца над чым‑н. І непрыступнаю сцяной Карпацкія ўзняліся скалы. Танк. Наперадзе ўзняўся выразна і строга Агромністы мост у жалезнай красе. Панчанка. // перан. Пераўзысці каго‑н. у якіх‑н. адносінах, стаць вышэй чаго‑н. У некаторых людзей ёсць пэўная мяжа, далей якой, нягледзячы на вопыт і перажытае, яны ўжо ніяк не могуць узняцца. Карпюк. Пры ацэнцы «Узвышша» сучаснаму даследчыку трэба ўзняцца перш за ўсё над тымі групавымі спрэчкамі, у якіх было шмат наноснага, суб’ектывісцкага, выказанага ў запале. Лойка.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца над гарызонтам, узысці (пра месяц, воблака і пад.). Узняўся месяц і выслаў залацістую дарожку ад небасхілу да самага берага. Дуброўскі. Вячэрняя зара ўжо ахапіла захад і ўзняліся воблакі, што віселі над гарызонтам. Чарнышэвіч. // Распаўсюдзіцца над чым‑н., вышэй чаго‑н. (пра дым, туман і пад.). Туман узняўся ад ракі. Астрэйка. Пад дах узняліся клубы барвовага дыму. Карпаў. Зноў паплыла нізкая барвова-дымчатая хмара, апала долу. Ад зямлі ўзнялася пара. Пташнікаў.

5. Устаць, змяніць ляжалае або сядзячае становішча па стаячае. [Шура] сігануў туды [у маліннік], але зачапіўся за корань і паляцеў потырч у гразь. Хуценька ўзняўся, ступіў зноў і праваліўся па пояс. Ставер. [Андрэй:] — Паспрабаваў узняцца, але так кальнула ў назе, што ледзь не страціў прытомнасць. Лынькоў. Лакіна неспакойна ўзнялася, потым зноў села. Асіпенка. // Прачнуўшыся, устаць з пасцелі. Каб толькі не праспаць ды ўзняцца разам з сонейкам... Савіцкі. Мы ўзняліся рана, На сяло пайшлі. Бядуля. // перан. Разм. Паправіцца пасля хваробы. Зянон неўзабаве пачаў папраўляцца. А далей-болей ён і зусім ачуняў, узняўся на ногі. М. Ткачоў.

6. Скрануцца з месца з якой‑н. мэтай. Усе [пасажыры] ўзняліся са сваіх месцаў, хапіліся за клумкі .. і кінуліся к выйсцю на перон. Гартны. Акінуўшы нас — двух журналістаў — жвавым позіркам, .. [Іван Сяргеевіч] лёгка ўзняўся з пня і, крыху накульгваючы, накіраваўся ў лесагадавальнік. Мяжэвіч. З правага фланга чырвонаармейцы ўзняліся ў атаку. Кухараў. // Узляцець. Качкі чародкамі ўзняліся ў паветра. Ракітны. Узняўся ў неба гідрасамалёт, А вадалаз на дно спусціўся смела. Корбан. З-пад хвалі вынырнуў шчупак І носам ткнуў у мячык так, Што мяч у неба ўзняўся свечкай. А. Александровіч. // Падняцца ўверх, узвіцца (пра пыл, снег і пад.). Белае воблака снежнага пылу ўзнялося між дрэў. Паўлаў. Пачуўся пляск, узняўся цэлы сноп пырскаў. Колас. За спінай, ля тэатра, над якім узняўся слуп полымя, чуліся крыкі, страляніна, аўтамабільныя гудкі. Мікуліч. // перан.; на што. Пачаць актыўныя дзеянні, барацьбу за што‑н., супроць чаго‑н. Ужо ў пачатку паэтычнай дзейнасці Купала стварыў велічны вобраз беларускага народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне. Ярош. Савецкі Саюз, магутная, вялікая Краіна Саветаў, узняўся на айчынную вайну. Новікаў. У паэме [«Вайна за мір» А. Дудара] пададзена панарама вялікага будаўніцтва, на якое ўзняўся ўвесь савецкі народ. Звонак.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць, пачаць праяўляцца ў дзеянні. Узнялася паніка: Узнялася страляніна. □ Па шашы, у кірунку на Антонаў луг, за возерам узняўся вялікі рух. Броўка. Троху-патроху ўзнялася жвавая гамонка, якая нарэшце перайшла ў тлумпы гармідар. Зарэцкі. Узняўся страшэнны вецер, загрукатаў гром. Ляўданскі. Апаўночы ўзняўся ў маёнтку пажар. Дубоўка. / Пра пачуцці, думкі. З самай глыбіні ягонай [Турковай] душы ўзняўся пратэст. Быкаў.

8. Павялічыцца ў росце; дасягнуць якога‑н. узроўню. Дзікаю травою ўсё тут зарасла, кусты ўзняліся ростам вышэй чалавека. Сташэўскі. За ноч сыраежкі, лісіцы Узняліся, нібы на дражджах. Калачынскі. Каламутная вада ўзнялася ў берагах, забурліла вольна, заліла прырэчныя нізіны. Хадкевіч. // З’явіцца, быць пабудаваным. Свядомасцю імкнешся ўбачыць карту радзімы — новыя гарады, якія ўзняліся на пустэчы, індустрыяльныя гіганты. Купала. З цяжкіх гранітных пліт узняўся маўзалей. Танк. // Уздуцца, успучыцца. Зашыпела .. [твань], узнялася частымі бурбалкамі. Сяркоў. // перан. Вырасці, стаць дарослым. А ўзняўся [Іванка], падрос — стаў парабкаваць у панскіх дварах. Дуброўскі.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш высокім; павялічыцца, павысіцца. Узняліся цэны. □ К вечару ў Галіны ўзнялася тэмпература. Рамановіч. // перан. Дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця; стаць больш дасканалым. Узнялася паспяховасць. Узнялася дысцыпліна. □ Майстэрства формы [рамана] не ўзнялося пакуль да той ідэальнасці, якую некалі сфармуляваў Чарнышэўскі. Юрэвіч. // Загучаць выразней, мацней, павысіцца (пра голас). Голас яго [сакратара] пацвярдзеў, узняўся, набыў інтанацыі, якія найбольш выразна Заносяць думкі да слухача. Хадкевіч. // перан. Стаць больш бадзёрым, палепшыцца (пра настрой, дух і пад.). Настрой у Лявона ўзняўся, і расхацелася ісці дамоў. Чарнышэвіч.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наладзіцца, палепшыцца (пра што‑н. заняпалае, запушчанае, разбуранае). Узнялася гаспадарка. □ З руін і папялішчаў ўзняліся гарады і сёлы роднай Беларусі. Пятніцкі.

11. перан. Раззлавацца, страціць раўнавагу. — Ірады вы, як вас толькі зямля носіць, — узнялася цётка Ганна. Дубоўка.

•••

Узняцца на ногі — тое, што і падняцца на ногі (гл. падняцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)