скляпе́нне, ‑я, н.

1. Дугападобнае перакрыцце, якое злучае сцены, апоры пэўнага збудавання. Гатычная архітэктура сабора робіць моцнае ўражанне сваёй манументальнасцю, смеласцю формы, вышынёй скляпенняў. Мележ. Хутка я апынуўся ў змрочнай зале з нізкім скляпеннем. Карпюк. // перан. Небасхіл. Нябёсаў сіняе скляпенне, Хутчэй дажджынку ім [травінкам] пашлі. Матэвушаў.

2. Падвальнае памяшканне. У скляпеннях і на гарышчах будынкаў заселі аўтаматчыкі і кулямётчыкі. Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таўкатня́, ‑і, ж.

Разм.

1. Хаатычны рух, цісканіна ў натоўпе. А сёння субота, недзе там, у РДК, — танцы, таўкатня падлеткаў каля ўвахода, шыпенне пласцінкі ў рупар. Адамчык. А мне ля касы ў зале вузенькай, Дзе сумятня і таўкатня, Аматары класічнай музыкі Бакі камячылі паўдня. Макаль.

2. Хатнія клопаты; мітусня, сумятня. Волечка займалася дробнай хатняй таўкатнёй. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фае́, нескл., н.

Памяшканне ў тэатры, кіно, канцэртным зале і пад., прызначанае для адпачынку гледачоў ці слухачоў у час перапынку або да пачатку канцэрта, спектакля. Тэатр гарадскі да здачы быў гатоў. Усё ў будынку прыгажосцю захапляла: І сцэна, і фае, і зала. Корбан. Сеанс пачынаўся праз мінуту, і .. [Сярдзюк] амаль подбегам, з адчуваннем палёгкі падаўся ў фае. Карпаў.

[Фр. foyer — ачаг.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гу́лкі, ‑ая, ‑ае.

1. Гучны, далёка чутны. Гулкія грымоты. □ Уласныя крокі палохалі Леаніда — яны здаваліся яму занадта гулкімі. Шахавец. Гулкі фабрычны Гудок пранясецца, Сілай крынічнай Работа пальецца. А. Александровіч.

2. Здольны ўзмацняць гул; з моцным рэзанансам. Гучны адзінокі стрэл пачуўся воддаль, рэха пранесла яго далёка, і ён паўтарыўся недзе ў гулкай цясніне гор. Самуйлёнак. А музыкі ў гулкай зале Ладзяць скрыпкі і цымбалы. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смяшо́к, ‑шку, м.

Разм.

1. Кароткі або ціхі смех. Айцец Мікалай па-сяброўску стукае настаўніка па плячы, а сам смяецца дробным смяшком. Колас. Смяшок у зале перарос у рогат. Мехаў. // Пра жартаўлівы або іранічны выраз вачэй. Бляскам акуляраў засланяўся смяшок у вачах... Бядуля.

2. часцей мн. (смяшкі́, ‑оў). Жарты, насмешкі. Перш цішэй, а што далей — то смялей.. [рабочыя] пасылалі .. [палкоўніку] ўслед жарты, смяшкі і посвіст. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мело́дыя, ‑і, ж.

1. Заканамерная паслядоўнасць гукаў, якая ўтварае пэўнае музычнае адзінства; напеў, матыў. Павольная, поўная велічнай гармоніі мелодыя гучыць у зале. Мележ. Слоў яшчэ не было — нараджалася адна мелодыя, але за ёй павінны былі з’явіцца і словы. Хадкевіч. Над рэчкай плыла мелодыя нейкай вельмі знаёмай песні. Асіпенка.

2. Музыкальнасць, меладычнасць. Мелодыя верша. □ І заснеш пад мелодыю слоў Сном аратага — ціхім, шчаслівым. Будзеш сніць аб прасторах палёў, Аб сваіх пазалочаных нівах. Тарас.

[Ад грэч. melōdia — напеў, песня.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмы́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Хутка, жвава хадзіць, рухацца, перамяшчацца каля каго‑, чаго‑н., паміж кім‑, чым‑н. Шмыгала сарока Па садах і парках, Збірала навокал Навіны пляткарка. Калачынскі. Між дарослых шмыгалі дзеці — гулялі ў квача, бегалі па прасторнай зале вакол пышнай пальмы. Шыловіч. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат.

2. чым. Тое, што і шморгаць (у 4 знач.). Паўлік шмыгаў носам і аж затойваў дух. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пракаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.

1. Коцячыся, перамясціцца куды‑н. Мяч пракаціўся два метры. □ Сляза радаснай узбуджанасці пракацілася па.. твары. Кавалёў. // перан. Раздацца, разнесціся (пра раскацістыя гукі). Над самаю страхою пракаціўся гром. Грахоўскі. Гул абурэння пракаціўся па зале і сціх. Лынькоў.

2. Праехацца, з’ездзіць (для забавы, пацехі) куды‑н. — Вось пракаціўся — лепш, як на аўтобусе, — смяецца Драбак і паказвае цэлы рад белых зубоў. Колас. Любілі калісь паны, запрогшы тройку, пракаціцца па шляху ў вясеннюю раніцу альбо вечарам. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́ста,

1. Прысл. да чысты.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць чысціні, адсутнасць пылу, бруду дзе‑н. У хаце было чыста і акуратна. Колас. У зале чыста і ўтульна. Аркестр з акардэона, скрыпкі і флейты іграе венгерскія мелодыі. В. Вольскі.

3. у знач. параўнальнага злучн. Разм. Зусім як, быццам. [Параска:] — Ну чыста дзеці малыя! Да старасці будуць у забаўкі гуляць. Місько. Чыста звярыны рык разлёгся па двары. Гэта ўзбунтаваўся Гвація. Самуйлёнак.

•••

Увесь (уся, усё, усе) чыста гл. увесь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́рус, ‑а, м.

1. Рад гарызантальна размешчаных прадметаў адзін над другім. Дошкі складзены ў пяць ярусаў. □ Паўзбоч.. [печы] ляжала ў ярусах бярвенне. Сачанка.

2. Адзін з сярэдніх або верхніх паверхаў у глядзельнай зале. Ложа другога яруса. □ Вялізная зала.. тэатра.. і ўсе ярусы паўнюткі людзей. Скрыган.

3. У геалогіі — сукупнасць горных парод, якія ўтварыліся на працягу геалагічнага веку.

4. У рыбалоўстве — рыбалоўная кручковая снасць у выглядзе доўгай вяроўкі з замацаванымі на ёй на пэўнай адлегласці адзін ад другога кручкамі на павадках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)