сядзе́цца, ‑дзіцца; безас. незак.

(звычайна з адмоўем). Пра наяўнасць жадання ці магчымасці сядзець або заставацца, быць дзе‑н. Дзеду Талашу не сядзіцца ў хаце. Колас. [Лубяну] .. не сядзелася на месцы — надзвычайна вялікая была ўсхваляванасць. Шамякін. «Чаго .. [Косціку] на земснарадзе не сядзелася?» — не мог зразумець Міканор Іванавіч. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́служыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Прыслужваючы, дабіцца чыёй‑н. прыхільнасці. [Ананнеў:] — Гэтыя людзі зусім шчыра, не з жадання выслужыцца, а імкнучыся дапамагчы будоўлі, далі некалькі сот тэхнічных прапаноў. Галавач. Хоць дакументы ў падпальшчыкаў і былі спраўныя, але ўсякае магло здарыцца. Паліцаі ж, як сабакі, унюхваюць, каб выслужыцца. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

так-ся́к, прысл.

Разм.

1. Нейкім чынам; з пэўнымі намаганнямі. Калёсы так-сяк сабралі, крывыя, скрыпучыя, аднабокія, а хамутоў няма. Ермаловіч. Хто так-сяк трымаўся на нагах, кінуліся куды каторы. Лынькоў.

2. у знач. вык. Абы-як; без асаблівага жадання. На работу так-сяк, а на ежу мастак. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супаста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., што.

Параўнаць з чым‑н. або паміж сабой, узаемна суадносячы што‑н. Дастаткова супаставіць .. урывак з верша Багдановіча «Лясун» з купалаўскім «Чорным богам», каб убачыць адрозненні мэтавых установак паэтаў. Ярош. Хіба мастацкае слова не выклікае ў нас жадання супаставіць жыццёвыя з’явы, зрабіць свае вывады? Шкраба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улупі́ць, улуплю, улупіш, улупіць; зак., чым, па кім-чым, каму.

Разм. Ударыць, агрэць. Рыбак раптам аж скалануўся ад рэальнасць свайго жадання кінуцца туды, выхапіць лейцы і ўлупіць па кані — можа б і вырваўся. Быкаў. [Чумак] пацягнуў носам паветра, чмыхнуў і з такой ярасцю ўлупіў сякерай, што буйныя, малінавага колеру трэскі .. паляцелі за будан. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́сціся, есца; пр. елася; незак.

1. безас. Пра наяўнасць жадання або магчымасці есці. На свежым, паветры добра есца. □ І хоць нейкае нечуванае багацце раптоўна і не прыйшло, але праз усе гады добра елася і лілося. Чорны. [Аўгінка] стала снедаць, запіваючы хлеб халодным малаком. Але елася бег смаку. Чыгрынаў.

2. Зал. да есці (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Рашучы ў дасягненні сваёй мэты, свайго жадання. Настойлівы чалавек. □ Мы пабудзем тут шахцёрскі гарт Вопытных, настойлівых майстроў. Аўрамчык. Рос. [Нічыпар] упартым і настойлівым. Мележ.

2. Які выражае рашучасць. І зноў стукат, але ўжо інакшы — глухі і настойлівы. Лупсякоў. [Ніна] пачырванела пад настойлівым поглядам таварышкі. Васілевіч. // Які ажыццяўляецца з рашучасцю, упартасцю. Настойлівыя пошукі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абяззбро́іць, ‑зброю, ‑зброіш, ‑зброіць; зак., каго-што.

1. Адабраць зброю, зрабіць бяззбройным. Арыштаваныя зрабілі смелы налёт на канвой, абяззброілі яго. Лынькоў.

2. перан. Сваімі паводзінамі, учынкамі пазбавіць мажлівасці і жадання пярэчыць, рабіць насуперак. — Я — камуніст і дырэктар школы, — знешне спакойна адказаў Лемяшэвіч, і гэтая спакойнасць яго абяззброіла сакратара, які звычайна ўмеў знайсці выхад з любога, самага цяжкага, становішча. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пі́цца, п’ецца; пр. піўся, пілася. пілося; незак.

1. безас. Пра наяўнасць жадання або магчымасці піць. І хоць нейкае нечуванае багацце раптоўна і не прыйшло, але праз усе гады добра елася і пілося. Чорны. Ой, не п’ецца гарэлка, Ой, не п’ецца віно. Хто ж налье таго мёду, Каб пілося яно? Русак.

2. Зал. да піць (у 1, 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трамце́ць ’мігцець, дрыжаць’ (Скарбы, Сцяшк.), ’калаціць’, ’дрыжаць ад жадання’ (брагін., З нар. сл.), ’брынкаць, бразджаць (аб паколатым посудзе)’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’ляскаць’ (брагін., Шатал.), ’пакрывацца пухірамі, пячы’ (навагр., Сл. ПЗБ), тромце́ць ’дрыжаць, трапятаць’ (ТС). Укр. тремті́ти ’дрыжаць, трымцець, трапятацца’, польск. дыял. trzemcieć ’хістацца’, ст.-чэш. třměti ’тс’. Прасл. *trьmtěti ’дрыжаць’ роднаснае прасл. tręsti ’трэсці’, лац. tremere ’тс’, tremare ’дрыжаць’, ст.-грэч. τρέμω ’трасуся’, літ. trinksė́ ’грукаць, пастукваць’, лат. trimēt ’рухацца’, trīcēt ’дрыжаць, трэсціся’ (Махэк₂, 659; ЕСУМ, 5, 629). Гл. таксама трымцець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)