пле́сціся, плятуся, пляцешся, пляцецца; пляцёмся, плецяцеся, плятуцца; пр. плёўся, плялася, плялося; заг. пляціся; незак.

1. Разм. Павольна ісці, ледзь перастаўляючы ногі. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Мележ.

2. Зал. да плесці.

•••

Плесціся ў абозе — тое, што і цягнуцца ў абозе (гл. цягнуцца).

Плесціся ў хвасце — быць апошнім у чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плі́шчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

Разм. Несці што‑н. з вялікім высілкам. Едзе Вася з перамогай На сярэбраным зубры Цераз цёмныя бары, Цераз поле, луг і гай, А за ім — вясёлы Зай, Пад губой стаіўшы смех, Ледзьве плішчыць поўны мех. Вітка. [Барыс] сам знайшоў нейкую дошку і, абхапіўшы рукамі, нібы мурашка, плішчыў яе на двор. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасла́віцца, ‑слаўлюся, ‑славішся, ‑славіцца; зак.

1. Стаць вядомым, славутым; дабіцца славы. Праславіўся дзед Талаш на ўсю Высокую Рудню. Колас. Яе зоркім паглядам, не постаццю гнуткай Праславіўся хлопец, — Праславілі рукі! Броўка.

2. Набыць дрэнную славу, дрэнную рэпутацыю. — Вунь за тым паркам — палац былога душагуба, царскага генерала Антропава, што праславіўся сваёй жорсткасцю з бяззбройным народам. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыва́блівы, ‑ая, ‑ае.

Які прываблівае, прыцягвае да сябе сваімі якасцямі, уласцівасцямі. Звінеў малады дзявочы смех, радасны і прываблівы. Шамякін. [Аксіння] здавалася яму, як ніколі раней, прываблівай і роднай. Мележ. Мы цешымся, калі набліжаемся да такой мяжы, што пакідае за сабою бязрадасны, цяжкі і пакутлівы кавалак жыцця, і пераходзім у другі яго круг — ясны, прываблівы, жаданы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыма́к, ‑а, м.

Муж, якога прынялі ў сям’ю жонкі, які жыве ў доме жонкі. — Няхай бы Надзя прымала прымака і жылі на здароўе... Васілевіч. А больш за ўсё пакрыўдзіла Змітрака ў іхняй гаворцы з жонкай тое, што Ганна намякнула яму, што ён у яе прымак і што будзе ўсё так, як яна скажа. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпадня́ць, ‑падніму, ‑паднімеш, ‑падніме і ‑падыму, ‑падымеш, ‑падыме; зак., каго-што.

Не вельмі высока, трохі падняць. Прыпадняць бровы. □ [Данута] злёгку прыпадняла падол сукенкі, каб не зарасіцца, і выйшла на дарогу. Бажко. Ліда прыпадняла галаву і ўбачыла плыўца, які хутка Заганяў яе. Шамякін. // Падтрымліваючы, дапамагчы падняцца. [Ксёндз] прыпадняў Казіка за плечы, і той сеў на ложку. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыслані́ць, ‑сланю, ‑слоніш, ‑слоніць; зак., што.

1. Прыкрыць засланкай; засланіць няпоўнасцю. Прысланіць печ. □ Мы рукой прыслонім вочы Ды зірнём угору, Дзе грыміць ён, дзе якоча Самалёт маторам. Колас.

2. Прыставіць, прытуліць, прыхіліць. [Халявіч] прысланіў да лаўкі веласіпед і патрухаў за Бялоцкім. Дуброўскі. Стамілася .. [маці] з дарогі, але не прысланіла галавы да падушкі — чакала.., пакуль вярнуўся Петрык. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыслу́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Выконваць абавязкі слугі, служанкі. Прыслужвае маўклівая, з маршчыністым тварам кабеціна. Навуменка. — Прыслужвала за сталом твая прабабка. Бегала ад печы да поку[ці], насіла смажаныя качкі, падавала ручнікі. Асіпенка.

2. Разм. Рабіць паслугі, дагаджаць каму‑н. Прыслужваць даме. □ Мальвіна прыслужвала Ціхану ўвесь вечар, клала кампрэсы, прыносіла есці, раскурвала яму папяросу. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пульсэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Цёплы рукаўчык, які надзяваецца на руку на тое месца, дзе намацваецца пульс; адпаведная частка рукавіцы, пальчаткі. Калі ўласавец у пілотцы астаўся ў хаце адзін, Наста агледзела, што ў руцэ ў яго белыя пальчаткі, тонкія, з воўны, і трымаў ён іх за пульсэтку, сціснуўшы ў кулаку. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разраху́нак, ‑нку, м.

Разм. Тое, што і разлік (у 1–5 знач.). Касір выдаваў рабочым авансы і рыхтаваўся да разрахункаў у канцы месяца. Чорны. У гэтых ціхіх .. хатах на ўсе лады памінаецца калектывізацыя. Каля яе згуртаваны ўсе думкі, пачуцці і разрахункі практычнага сялянскага розуму, навокал яе вядзецца самая дзейсная агітацыя і за і супраць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)