папля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пляскаць некаторы час; пляснуць некалькі разоў. Прамова [Мікалая] была блытаная, невыразная, аднак яе выслухалі, шмат хто нават папляскаў у ладкі. Лупсякоў. Дакладчыку, як ён скончыў гаварыць, спагадліва ў клубе папляскалі. Ермаловіч. — От мае ўюнчыкі! — папляскаў.. [Грышук] па торбе са здзеклівай усмешкай. Ракітны. Андрэй Міхайлавіч схапіў Толю ў абдымкі і папляскаў па плячы. Якімовіч.
папляска́ць, ‑пляшчу́, ‑пле́шчаш, ‑пле́шча; зак.
Разм. Зрабіць пляскатым, сплюшчыць усё, многае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да пасунуцца (у 1, 3 знач.).
2. Перамяшчацца паціху ў якім‑н. напрамку; паволі рухацца. Павольна, не спяшаючыся, пасоўваўся стары зубр да ручая, абрываючы па дарозе маладыя парасткі з дрэў. В. Вольскі. І па меры таго, як усё далей на захад адступаў фронт, услед за ім пасоўваўся і шпіталь. Васілевіч. Павольна наша фурманка пасоўвалася наперад, парушаючы цішыню наваколля. М. Ткачоў.
3. Зал. да пасоўваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пато́мны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Наследны, радавы. Патомны маёнтак.
2. Які ад роду належыць да якога‑н. саслоўя; прыродны. Патомны дваранін, Вярсенеў зразумеў вялікую справядлівасць народнай барацьбы і ўбачыў у рэвалюцыі не разбуральную, а стваральную сілу. Сяргейчык. // Які належыць да сям’і, што ўвесь час займаецца пэўнай справай, пэўным рамяством. Патомны сталявар. Патомны рыбак.
пато́мны 2, ‑ая, ‑ае.
Які робіцца, праводзіцца па тамах, па кожным томе асобна. Патомнае выданне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбрысці́ся, ‑брыдзецца; ‑брыдзёмся, ‑брыдзяцеся, ‑брыдуцца; пр. разбрыўся, ‑брылася, ‑брылося; зак.
Разысціся з аднаго месца ў розныя бакі, у розных напрамках. Статак разбрыўся па пашы. Гурскі. Дзверы дарожнага аддзела на калідоры насупраць. У ім таксама пуста — работнікі разбрыліся хто куды. Навуменка. // Разм. Разышоўшыся, раз’ехаўшыся, перастаць быць, жыць разам. У сыноў ужо свае дзеці растуць. Толькі мала Ганне ад гэтага ўцехі: сыны разбрыліся па белым свеце... Гроднеў. // перан. Рассеяцца (пра думкі).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распрацо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распрацоўваць — распрацаваць. // Спец. Сукупнасць горных работ па здабычы карысных выкапняў. Распрацоўка жалезных руд. // Спец. Спосаб здабычы выкапняў. Адкрытая распрацоўка.
2. звычайна мн. (распрацо́ўкі, ‑цовак). Месца, дзе распрацоўваюцца якія‑н. карысныя выкапні. Тарфяныя распрацоўкі.
3. Р мн. ‑цовак. Разм. Праца, часцей навукова-папулярная, у якой распрацоўваецца якое‑н. пытанне. Метадычная распрацоўка для настаўнікаў па «Новай зямлі» Я. Коласа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расха́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Хадзіць павольна ўзад і ўперад. Як і ўчора, расхаджваў вартавы, ціха насвістваў. Навуменка. // Павольна хадзіць; прагульвацца. Міхалка спаважна расхаджвае па садзе між казачнага пчалінага гарадка з рознакаляровымі домікамі. Якімовіч. // Шмат хадзіць, часта бываць дзе‑н., у каго‑н. Расхаджваць па гасцях. // Разм. Хадзіць у тым або іншым адзенні. Нехта з членаў камітэта нясмела падаў голас: — Сам Дывінец вунь звузіў калошы, дый у [сты]льным гальштучку расхаджвае... Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сано́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі і за мяжой — які займае высокае службовае становішча, з’яўляецца саноўнікам. Вядома: паэт вядомы Напісаў палкую оду, Чытаў яе на званым абедзе Ў прысутнасці саноўных асоб. Жычка. // Звязаны з дзейнасцю саноўнікаў, іх спосабам быцця. [Размова] была непрыемная Валуеву, але мусіў цярпець. Даносу і плётак не будзе. Па-першае, дваране і людзі свайго саноўнага кола, па-другое, удваіх. Караткевіч.
2. Іран. Уласцівы саноўніку; важны. Саноўны стыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спа́дзісты, ‑ая, ‑ае.
Які паступова, непрыкметна паніжаецца, які мае схіл. Па левую руку на спадзістым беразе стаялі цёмныя кусты. Алешка. Танк, ідучы па спадзістаму дну, стаў паступова апускацца ў ваду. Мележ. / Пра хвалі і пад. Вялізныя спадзістыя валы, падобныя на гарыстыя ўзвышшы, каціліся адзін за адным з прамежкамі амаль што ў паўкіламетра. Лынькоў. // Пакаты. У .. [Пятра Мадэставіча] былі спадзістыя плечы, тлустыя грудзі, што зараслі сівым воласам, і вялізны круглы жывот. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Разм.
1. Моцна стукаць, утвараючы шум, грукат. Там, дзе былі сабакі,.. [хлопчык] замаруджваў хаду і, каб раззлаваць іх, тарабаніў палкай па штакецінах. Гамолка.
2. што. Несці што‑н. цяжкае, вялікае, грузнае. Азірнуўся — зямляк-аднакашнік Алесь Садовіч. Ідзе — калыхаецца, чамадан з распёртымі бакамі тарабаніць, а цераз плячо накідка звешваецца. Колас. А пасля .. [Антону] карцела схадзіць на рынак — і ён тарабаніў па вуліцы скрынкі і зэдлікі. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фанаты́чны, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы фанатыку, прасякнуты фанатызмам. Алік зразумеў, што мастацтва, музыка, спорт — гэта не яго стыхія, бо там трэба фанатычная бязлітаснасць да сябе. Быкаў. Сягоння.. нас не можа не здзіўляць гэткая высокая і шматгранная таленавітасць Уладзіслава Галубка, гэткая фанатычная адданасць яго мастацтву тэатра, мастацтву глыбока народнаму. «Маладосць». // Які дзейнічае, думае, як фанатык. Па аскетычнай сухасці, што ішла ад .. вачэй [жанчыны], і па паводзінах я адразу разгадаў у ёй фанатычную каталічку. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)