склада́насць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць складанага (у 2–5 знач.). Я свет угледзеў там [над Нёманам], Пазнаў складанасць гам яго і тонаў. Колас. Праз два дні Міхась зразумеў, што ўся складанасць яго становішча прыдумана ім самім. Шахавец.

2. толькі мн. (склада́насці, ‑ей). Тое, што патрабуе вялікіх намаганняў; цяжкасці. У барацьбе са стыхіяй прыроды, з рознымі іншымі цяжкасцямі і складанасцямі рос і загартоўваўся калектыў шахцёраў. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старава́ты, ‑ая, ‑ае.

Ужо не малады, крыху стары (у 1, 3 знач.). [Дзяўчына:] — А Даніла стараваты, А Кірыла сумнаваты, Выйду замуж я за Саву, Працавіты ён на славу. Дзеружынскі. — Здаецца, нічога, — адказаў ветэрынар, гледзячы каню ў зубы. — Стараваты, ды не зусім. У абоз. Якімовіч. // Не новы, устарэлы. [Васіль Ігнатавіч:] — Тут замінка ў тым, што ў цябе, Патапавіч, іншы раз думкі крыху стараватыя. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суні́цы, ‑ніц; адз. суніца, ‑ы, ж.

1. Шматгадовая травяністая ягадная расліна сямейства ружакветных з белымі кветкамі і пахучымі ружова-чырвонымі пладамі. А ўнізе навакол цвілі, адцвіталі суніцы. Лынькоў.

2. Пахучыя салодкія ці кісла-салодкія ягады гэтай расліны. Мы з Галінкай назбіралі збанок суніц. Васілевіч. Андрэй пачаставаў суніцамі Веру і швагерак. Кулакоўскі. Летам каля старых сухіх пнёў вельмі рана паспяваюць духмяныя суніцы. Ігнаценка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухава́ты, ‑ая, ‑ае.

Не зусім сухі (у 1, 2, 5, 9, 10 і 11 знач.). Янук памаўчаў з хвіліну, нібы прыслухоўваючыся к лёгкаму посвісту ветру ў сухаватых лісцях. Кулакоўскі. Тонкая сухаватая трава, аб якую лёгка было парэзаць руку, густа кусцілася каля старых пнёў. Зуб. Марына ўлавіла сухаваты тон Андрэевых слоў. Шахавец. Не адрываючыся, я глядзеў на падцягнуты сухаваты твар старога. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угру́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. угруз, ‑ла; зак.

Глыбока ўвязнуць (у гразі, снезе і пад.). Марыя выйшла людзям насустрач, саступіла з грудка і раптам правалілася ў багну. Паспрабавала вылазіць і ўгрузла яшчэ глыбей. У яе ўжо не было сілы выцягнуць ногі з балота. Кулакоўскі. // Асесці, уехаць у зямлю. А вось і бацькава хата. Яна як бы трошкі ўгрузла ў зямлю. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уко́с, ‑у, м.

1. Касьба, кашэнне. [Дубовік:] — Як мы ні стараліся, так і не маглі дабіцца, каб першы ўкос да жніва скончыць... Сіўцоў. Пасля ўкосу канюшыны суседскія хлапчукі пускалі на свае загоны коней. Кулакоўскі.

2. Колькасць пакошанага сена. [Прыгуменне] было .. зарослае густою травой — няйначай з яго здымалі тры ці чатыры ўкосы сена. Дамашэвіч. Укос Янукоў не вазіць на вазах — Карова адна панясе на рагах. Муравейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.

Спагадай, спачуваннем палегчыць каму‑н. гора, пакуты. Марыя падалася бліжэй да Веры, паб уцешыць яе, не дапусціць да слёз, хоць самой цяжка было не заплакаць. Кулакоўскі. // Перадаваць, абрадаваць чым‑н. Вера выцерла хустачкай вочы і пачала чытаць: — «Дарагія дзеткі, Верачка і Максім! Нас вельмі ўцешыла ваша пісьмо, дзе вы паведамляеце, што ўзялі шлюб». Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́мя, цемя і цемені, Д цемю і цемені, В цемя, Т цемем і цеменем, М (аб) цемі і (аб) цемені, н.

Верхняя частка галавы, а таксама верх чэрапа паміж лобнымі, патылічнымі і скроневымі касцямі. [Хлопец] падстрыжаны пад бокс так, што толькі на самым цемі тырчаў касмыль русых валасоў. Дуброўскі. Ссунуўшы казырок на цемя, хлопец уважліва разглядаў чарцёж і ледзь прыкметна шавяліў вуснамі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

балю́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Пашкоджаны хваробай, раненнем. Вавілыч і партызаны, якія прыходзілі яму на дапамогу, паспелі адскочыць крокаў на сотню, аднак балючая нага садоўніка пашкодзіла ўсяму. Кулакоўскі.

2. Які выклікае адчуванне фізічнага болю. Балючы ўкол. // Які сведчыць пра боль; пакутны. Балючым енкам прагучэў самотны крык арла ў вышыні. Самуйлёнак.

3. перан. Які прычыняе душэўныя хваляванні, неспакой. — Добра, тата, добра, — адказала Таня, каб хутчэй закончыць гэтую балючую размову. Шамякін. // Які выяўляецца ў рэзкай форме. Андрэй чакаў нейкага адказу, магчыма, самага балючага рэагавання. Кулакоўскі. // Вельмі важны, найбольш хвалюючы. [Дзяўчынкі] спяшаюцца выкласці самае балючае — у іх класе ёсць яшчэ вучні з дрэннымі паводзінамі. «Маладосць». // Які цяжка адбіваецца на чым‑н. Была скончана пачатковая школа, але далейшы лёс хлопчыка апынуўся ў тупіку: працяг вучобы патрабаваў грашовых затрат, балючых для сялянскай гаспадаркі. У. Калеснік.

•••

Балючае месца гл. месца.

Балючае пытанне гл. пытанне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паро́цца, паруся, порашся, порацца; незак.

1. Калоць, пароць адзін аднаго чым‑н. вострым.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Бадацца. Каровы поруцца.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разрывацца, разыходзіцца ў шве. Сукенка порацца.

4. Капацца ў чым‑н., шукаючы чаго‑н. [Макрына] даўно выпаліла ў печы і паролася, перабірала ў плеценым з лучыны кашэліку. Баранавых. [Шандыбовіч] схапіў стаячую лямпу і пабег у сенцы. Там ён доўга недзе пароўся, нешта пераварочваў. Кулакоўскі. // Марудна рабіць што‑н., корпацца. Маці гэтак сама рыхтуе нам у Штутгоф пасылкі, бацька нібы порацца на гаспадарцы, а на самай справе цікуе, што творыцца навокал. Карпюк. // Капацца ў чым‑н., шукаючы якую‑н. няспраўнасць, пашкоджанне. Сам .. [Якаў] там мала што мог разабраць, хоць апошнія месяцы многа займаўся тэхнікай: і чытаў, і ў маторах штодня пароўся. Кулакоўскі.

5. Зал. да пароць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)