дакапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Капаючы, дасягнуць чаго‑н., дабрацца да чаго‑н. Дакапацца да вады. Дакапацца да гліны. □ Бывала, збочыць крыху танк з дарогі — і праваліцца ў дрыгву так глыбока, што да яго немагчыма і дакапацца. Мележ.

2. перан. Разм. Дайсці да чаго‑н., дашукацца. Дакапацца да праўды. Дакапацца да прычыны. □ [Галай] павінен быў дазнацца, што за агеньчыкі бачыліся яму ўночы, дакапацца да сутнасці з’явы. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адця́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Рух, пры якім халодная зброя, бізун і пад. пры ўдары адцягваецца крыху назад. Удар з адцяжкай.

2. Разм. Наўмыснае адцягванне выканання чаго‑н., перанясенне чаго‑н. на пазнейшы час. Адцяжка водпуску.

3. Спец. Снасць (трос, канат і пад.), якой умацоўваюць што‑н., адцягваючы яе ўбок. Садоўнікі ўзварушвалі .. зямлю каля тоўстых дрэў, папраўлялі на ствалах драцяныя адцяжкі. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

1. Набыць усё неабходнае на новым месцы жыхарства, у новых умовах. Была зямелькі там валока, Дзе можна б моцна і глыбока Пусціць карэнні ў грунт, абжыцца — Было на чым разварушыцца. Колас.

2. Звыкнуцца з новымі ўмовамі жыцця, прывыкнуць да жыцця на новым месцы. Крыху абжыўся Данілка на бойні, але ўсё роўна думка аб вёсцы не давала спакою. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замя́цца, ‑мнуся, ‑мнешся, ‑мнецца; ‑мнёмся, ‑мняцеся; зак.

1. Збянтэжана спыніцца, затаптацца на месцы ў нерашучасці. — Сюды ці не сюды? — замяўся я ля парога. Карпюк. // Завагацца, не ведаючы што рабіць. Селянін крыху замяўся, яшчэ раз недаверліва зірнуў на сяброў, але ўзяў кніжачку і пракламацыі. Колас.

2. Спыніць гаворку, збянтэжыўшыся або падбіраючы патрэбнае слова. Алесь замяўся, круцячы ў руках без патрэбы шапку і стараючыся нешта сказаць. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здрабне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць дробным, драбнейшым (па велічыні, памерах). І ўдалечыні ўсё адсунулася назад, здрабнела і ледзь віднелася праз белую смугу зімовага дня. Чарнышэвіч. Вецер пачаў сунімацца, дождж здрабнеў, і ў небе крыху пасвятлела. Ляўданскі. // Схуднець, змізарнець. Твар здрабнеў.

2. перан. Страціць значнасць, стаць менш істотным. Работу сваю Марына палюбіла і праз нейкі месяц зразумела, што .. адразу здрабнелі ўсе іншыя інтарэсы. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здранцве́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў адчувальнасць, гібкасць ад холаду або нязручнага становішча; амярцвелы, адзеравянелы. Хведар доўга пляскаў рукамі, саграваючы здранцвелыя ад холаду пальцы. Новікаў. Каб крыху сагрэцца і размяць здранцвелыя са сну ногі, Мішка палез на высокую хвою. Лынькоў.

2. перан. Які прыйшоў у стан нерухомасці, знямення ад моцнага перажывання, страху і пад. Людзі пахаваліся па скляпах і, здранцвелыя, чакалі канца бою. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

качарга́, і́, ДМ ‑рзе́; мн. качэ́ргі (з ліч. 2, 3, 4 качаргі́), качэ́рг і ‑аў; ж.

Жалезны прут, сагнуты на канцы, для перамешвання паліва ў печы, выграбання попелу і пад. Падбярэцкі рассунуў вуголле качаргой у бакі і паклаў у агонь два ланцугі. Пташнікаў. [Дзіміна] стаяла крыху ўбаку і безуважна пазірала, як плавільшчык качаргой ачышчае печ ад шлаку. Карпаў.

•••

Ні богу свечка, ні чорту качарга гл. свечка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завастры́цца, ‑вострыцца; зак.

1. Зрабіцца вострым. Аловак добра завастрыўся. // Звузіцца, зрабіцца танейшым, вуглаватым (пра рысы твару). Пасля таго як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў. Твар юнака крыху асунуўся, ад чаго завастрыўся яго роўны даўгаваты нос. Пестрак.

2. перан. Зрабіцца больш рэзкім, ярка выражаным. Пытанне завастрылася яшчэ больш. // Стаць больш вострым, напружаным; абвастрыцца. На здарэнні з Баешкам завастрылася класавая пільнасць. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недапе́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад недапячы.

2. перан.; у знач. прым. Разм. Недастаткова падрыхтаваны да якой‑н. працы; малавопытны. Калі падчас трапіцца які-небудзь крыху недапечаны трактарыст, то мала карысці. Кулакоўскі.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Вялы, бязвольны. — Слухай, Андрэй, — сказаў [Тамаш], падышоўшы. — Чаго ты ляжыш? Не выспаўся, ці што? Нешта ты апошнія дні як недапечаны. Што з табою, скажы. Чарнышэвіч. // Прыдуркаваты. Недапечаны хлапец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паса́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пасадзіць.

2. Дзеепрым. зал. пр. Змешчаны, размешчаны нейкім чынам (пра вочы, вушы і інш.). Доўгія, трохі блізка адно да аднаго пасаджаныя вочы глядзелі сумна і засяроджана. Караткевіч. Крыху дзіўна пасаджаныя вушы стваралі ўражанне, быццам галава ў Берсана заўсёды адкінута назад. Мехаў. Вялікая, нізка пасаджаная галава [зубра] з чорнай барадой і шырокія мускулістыя грудзі здзіўляюць сваёй веліччу і магутнасцю. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)