паручы́цельства, ‑а, н.

Парука каго‑н. за выкананне кім‑н. патрабаванняў, абавязкаў, якія ўскладаюцца на яго, прад’яўляюцца да яго. Не было тут толькі тых, хто знаходзіўся да суда на волі пад грашовым залогам або былі пад чыім-небудзь паручыцельствам. Машара. А галаву свідравала адна пакаянная думка: «Навошта я браў паручыцельства ў Пазняка?» Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паскрэ́бці, ‑скрабу, ‑скрабеш, ‑скрабе; ‑скрабём, ‑скрабяце; пр. паскроб, паскрэбла; зак., каго-што.

1. Аскрэбці ўсё, многае. Паскрэбці ўсю моркву.

2. і без дап. Скрэбці некаторы час. Алесь паскроб патыліцу і, махнуўшы рукою, хуценька выпхнуў Віктара за дзверы... Ваданосаў. Былі, праўда, два выпадкі, калі Ігара паскрэбла па сэрцу сваім вострым кіпцюрком рэўнасць. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

1. Справіць абрад споведзі. [Шаптуха:] — А бацюшку на ўсякі выпадак паклічце, хай паспавядае, усё можа быць. Скрыпка.

2. перан. Разм. Прабраць каго‑н. за што‑н. — Ты, Дзямід Мікалаевіч, пачакай, — спыніў яго Міхась Раманавіч. — Трэба цябе паспавядаць, а то прыязджаеш у Мінск і вачэй не паказваеш. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пато́п, ‑у, м.

1. Паводле біблейскай легенды — паводка, якая за грахі людзей затапіла ўсю зямлю. Сусветны патоп.

2. Разм. Разводдзе, паводка, навадненне. Патоп стаяў на Камароўцы Вясной і ўвосень кожны год. Гілевіч. У кватэры Кузьміча са столі лінула вада... Ён раніцаю ў рэмкантору: — Бяда, таварышы, бяда! Патоп у хаце, ў хаце мора... Валасевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паэтызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

Падаць (падаваць) у паэтычным, узнёслым выглядзе; успрыняць (успрымаць) паэтычна каго‑, што‑н. Якуб Колас паэтызуе самыя звычайныя з’явы прыроды. Казека. Багдановіч паэтызаваў перш за ўсё драмы і трагедыі сваёй сучаснасць: убачанае ім у вёсцы і горадзе, звязанае з яго роздумам над эпохай увогуле. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паясні́ца, ‑ы, ж.

1. Частка спіны крыху ніжэй пояса, таліі. Да абеду накапалі пяць скрынь [бульбы]. Ныла паясніца, спіна. Навуменка.

2. Паласа тканіны, якая прышываецца да верхняй часткі спадніцы, штаноў. Збянтэжаны Міхалка тузануў угару за паясніцу штаны і павярнуўся .. выйсці. Чорны. Рыгор таксама намачаўся [мачанкі]. Добра такі намачаўся, аж паясніца ўелася ў жывот. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапі́ць, ‑п’ю, ‑п’еш, ‑п’е; ‑п’ём, ‑п’яце; зак.

1. чаго і без дап. Выпіць лішне (звычайна спіртнога). [Гарманіст] іграў на чыімсьці вяселлі ды перапіў. Сачанка.

2. каго. Выпіць больш за каго‑н. Кожны намагаўся перапіць суседа. Шамякін.

3. што і чаго. Разм. Выпіць усё, многае. [Серада:] — Колькі я адной гарэлкі перапіў, — каб мне столькі здароўя... Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

правакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., каго-што.

1. Падбухторваць на якія‑н. дзеянні шляхам правакацыі (у 1, 2 знач.). [Астапчык:] — Я аднаго зараз баюся: каб не знайшліся гарачыя галовы і не хапіліся за зброю. Во тады будзе бяда! Урад даўно правакаваў на гэта «Грамаду». Машара.

2. Спец. Рабіць правакацыю (у 3, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́га, ‑і, ДМ празе, ж.

1. Жаданне, патрэбнасць піць. Дыхаць цяжка, грудзі ўспухлі, Точыць смага, прага піць. А. Александровіч.

2. чаго, да чаго. Моцнае жаданне чаго‑н. Відаць, у гэтага чалавека жалезная самадысцыпліна, велізарная прага да жыцця. М. Ткачоў. Прага помсты за спаленыя вёскі і смерць блізкіх падвоіла рады партызан. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пражо́ра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Той (тая), хто любіць многа есці; абжора. Вось коцік з’еў тварог з зялёнай міскі. Што за пражора гэты кіска. Шушкевіч. / у знач. зб. Толькі ўпраўляйся наварыць свінням, каровам, авечкам, нарэзаць, намясіць, занесці ўсім, накарміць такую пражору. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)