нізашто́, прысл.

1. Ні ў якім разе, ні пры якіх абставінах. [У хаце] было свежа і чыста, як у лесе пасля дажджу. «Цяпер хоць сам не заходзь, каб не набрудзіць, — падумаў Шурка. — Паслязаўтра мама вернецца з бальніцы, а тут поўны парадак.. Хаця, праўда, адзін я нізашто не ўправіўся б». Шыловіч.

2. Дарма, без прычыны. Стары кальнуў .. [Ганну] злым, вострым позіркам. Гора горам, а трэба ведаць, што гаворыш! Такое страхоцце нізашто ўзвяла. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўтары́цца, ‑таруся, ‑торышся, ‑торыцца; зак.

1. Прагучаць, пачуцца зноў, яшчэ раз; узнавіцца. Трошачкі счакаўшы, выццё, яшчэ болей жудаснае, паўтарылася зноў. Колас. Стук паўтарыўся, быў ён рэзкім, настойлівым. Лынькоў. Плач, падобны да енку, нудны і жаласлівы, паўтарыўся. Арабей.

2. Адбыцца, здарыцца зноў, яшчэ раз. Размова паўтарылася. Хвароба паўтарылася. □ І хоць не ўсё паўторыцца на свеце, Я веру ў гэты лес, я веру ў сад. Пысін.

3. Зак. да паўтарацца (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перамало́ць, ‑мялю, ‑мелеш, ‑меле; зак., што.

1. Змалоць нанава, іначай. Перамалоць вобмешку.

2. Памалоць усё, многае. Перамалоць усю пшаніцу. □ Крыламі махае дужы птах, — Адарвацца ж ад зямлі не можа: Хоць муку адвозяць на вазах, Ды не ўсё перамалоў ён збожжа. Непачаловіч.

3. перан. Разм. Паступова знішчыць, разбіць. — Усё, што перашкаджала жыць, перамалолі. Паслядовіч. Галоўнае ў тым, што мы перамалолі, знішчылі шмат жывой сілы і тэхнікі ворага. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Незак. да падмыць.

2. звычайна безас. Разм. Пра моцнае жаданне што‑н. рабіць (зрабіць). Але іншы раз .. [Ігнася] так і падмывала сарвацца з месца, з крыкам праімчацца ўздоўж платоў і збіць з ног якога-небудзь важнага сямікласніка. Чарнышэвіч. Азёр дзівосных бачыў я нямала, І калі чуў, як гучна славяць іх, Мяне часамі крыкнуць падмывала: «А вы да нас загляньце хоць на міг!». Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́быт, ‑у, М ‑быце, м.

1. Тое, што і быт. Чытаў [Хэлд] у арыгінале творы савецкіх пісьменнікаў, каб хоць трошкі пазнаёміцца з душой, побытам рускіх. Сабаленка. Замаскіраваны вораг умеў схаваць сваё аблічча за гучным словам, за бездакорнымі паводзінамі ў побыце. Няхай.

2. Знаходжанне, прабыванне дзе‑н. За гэты час побыту ў школе Аленка значна змянілася. Колас. Праз увесь час майго побыту ў Жорнаўцы сюды не даходзілі ніякія газеты, ні лісты. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крупі́нка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да крупіна; маленькая крупіна.

2. Дробная часцінка чаго‑н. З сосен ападалі на тратуар ледзяныя крупінкі інею. Грамовіч. // перан. Пра вельмі малую колькасць чаго‑н. [Наталля:] Шчаслівая тым, што я патрэбны чалавек, што магу несці хоць крупінку цяжару, які лёг на плечы народа. Крапіва. У Ганны Сяргееўны яшчэ была крупінка надзеі, і яна рашыла трымацца да канца. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лаго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Разм.

1. Прыемны спакой, хараство. [Ганна:] — Нейкая лагода, як ціхія хвалі, агортвае ўсю істоту. Дубоўка. У полі такая лагода, што хоць аставайся тут, на мяжы, прыляж, маўчы ды глядзі навокал. Бядуля.

2. Згода, дружба, прыязнасць. Яны размаўлялі ціха, з лагодай, відаць, раіліся пра запаветнае і блізкае іх душы. Пташнікаў. Ёсць хвіліны прыемнай блізкасці паміж людзьмі, нейкай ціхай узрушанасці і лагоды, светлай, як восеньскі дзень. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́ўнук, ‑а, м.

1. Сын унука ці ўнучкі. [Бобрык:] — Я яшчэ дужы, хоць ужо семдзесят шосты закругляецца і ўнукаў дзесяткі з два маю, і праўнукаў больш за дзесятак, але за спіны іхнія хавацца не стану. Дуброўскі.

2. звычайна мн. (пра́ўнукі, ‑аў). Патомкі. — Дык от цяпер і ты і твае дзеці, а за імі — унукі з праўнукамі будуць ведаць, хто такі быў Гогаль. Пальчэўскі. Продка адвечную думу Праўнук санлівы пачуе. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгаве́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

Уст. Паесці першы раз скаромнага пасля посту. — Завядзёнка тады яшчэ ў людзей такая была: увесь год можаш поснічаць, а на каляды ці на вялікдзень абавязкова разгавецца свежыною. Сабаленка. // Разм. З’есці што‑н. смачнае ўпершыню пасля доўгага перапынку. [Міхал:] Як ты думаеш, маці, можа, сёлета дажынкі справіць? Людзі нам памагалі, цурацца іх нельга... Ды ўрэшце яно — цалюткі год гаруеш, гаруеш, а продыху няма. Хоць разгавецца крыху... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскату́рхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Абудзіцца ад сну. — Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ.. Пятрусь, хоць і глухаваты і спіць яшчэ моцна, раскатурхаўся хутка, сцяміў, у чым справа. Брыль. Язэп доўга не мог раскатурхацца ад сну, і таму Кастусь запрагаў каня сам. Якімовіч. // перан. Выйсці са стану пасіўнасці, разварушыцца. Шнураў канчаткова раскатурхаўся пасля бакала шампанскага, заспяваў «А ў полі вярба», усе падхапілі і дружна праспявалі песню. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)