флі́гель, ‑я, м.
Жылая прыбудова пры галоўным будынку, а таксама невялікі дом на двары вялікага будынка. [Гендарсан] памалу злез з брычкі, кінуў лейцы ў рукі Кірылу Вераб’ю, нешта буркнуў яму і пайшоў у свой флігель. Чарнышэвіч. У двары, за вуглом асабняка, стаяў прысадзісты флігель, у якім свяціліся ўсе чатыры акны. Хацкевіч.
[Ад ням. Flügel.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
харчава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; незак., каго-што.
Даваць, дастаўляць каму‑н. ежу; карміць. Харчаваць усю сям’ю. □ Тут кожны быў другому друг, Тут харчавалі партызанаў, Тут раздавалі сотням рук Вінтоўкі, кольты і паганы. Таўбін. Калі нас так увесь час будуць харчаваць, то мы за тры гады адгадуемся, як на курорце. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хо́ры, ‑аў; адз. няма.
Адкрытая галерэя або балкон у верхняй частцы параднай залы або царкоўнага будынка (першапачаткова для размяшчэння хору, музыкантаў). Зала губернскіх дваранскіх збораў нагадвала мора ў непагоду. Уся гэтая паўкруглая зала, усе месцы за калонамі, .. амфітэатр хораў — усё гэта было напхана людзьмі. Караткевіч. На хорах спявалі суровыя манахі. Асіпенка.
[Грэч. choros — хор.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цемнава́ты, ‑ая, ‑ае.
Няпоўнасцю, не зусім цёмны (у 1, 2 знач.). За дзвярыма, на шырокім і ўжо цемнаватым калідоры, на хаду дзяўчына выняла з кішэнькі фартуха хустачку і прылажыла яе, раз і другі, да вачэй. Брыль. Доўга я глядзеў на цемнаваты абадок вакол ствала на бярозе, мацаў яго рукамі. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цыстэ́рна, ‑ы, ж.
Рэзервуар для захоўвання і перавозкі вадкасцей. Напоўняць [ветракі] цыстэрны празрыстай вадой. Астрэйка. // Вагон ці аўтамабіль з цыліндрычным рэзервуарам для перавозкі вадкасцей, газаў і пылападобных грузаў (цэменту і інш.). Потым над палоскай ельніку мы ўбачылі паравоз, за ім жвава беглі, пазвоньваючы на рэйках, цыстэрны і чырвоныя вагоны таварняка. Хадкевіч.
[Ад лац. cisterna — вадаём.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цю́бік, ‑а, м.
Мяккая трубачка з металу, пластмасы для мазі. клею, пасты і пад., змесціва якой дастаецца выцісканнем. Цюбік клею. Цюбік крэму. Цюбік мазі. // Пра што‑н., упакаванае ў выглядзе трубачкі. [Гукан] пабялеў, доўга трымаўся за сэрца. Потым рухамі хворага адчыніў шуфляду стала, дастаў цюбік з валідолам, укінуў таблетку ў рот. Шамякін.
[Ад фр. tube — трубачка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цясля́рны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і цяслярскі. Арцём, адпачыўшы, бярэцца за работу. Аполак у яго ўжо гатовы. Плоскім цяслярным алоўкам ён размячае яго на кавалкі. Ракітны. Потым жа, калі завялі пчол у калгасе, Тодар стаў пчалаводам, а Грысь хоць заўжды і дапамагаў яму ва ўсім, больш займаўся цяслярнай справай. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаўно́к, ‑нака, м.
1. Дэталь у ткацкім станку, якая мае форму чоўна, з пражай для пракладвання ўточнай ніці. За кроснамі сядзіць Наста. Лоўка бегае чаўнок, моцна так набіліцы стукаюць, снуецца тонкая пража-кужаль, прыбівае ніткі бёрда к палатку. Каваль.
2. Дэталь у швейнай машыне з двухніткавым швом, якая падае ніжнюю нітку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шырэ́ць, ‑эе; незак.
Станавіцца больш шырокім па тэрыторыі. За вёскай.. [возера] яшчэ больш шырэе, разыходзіцца на два рукавы, потым зноў зліваецца. Ваданосаў. // Шырока прасцірацца. Ад воклічаў зямля калышацца, Шырэе даль, святлее шыр. Астрэйка. Гляджу і гляджу, як шырэюць прасторы, Направа, налева граніцы няма... Тарас. // перан. Расці колькасна, духоўна. Шырэюць бальшавіцкія рады. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эжэ́кцыя, ‑і, ж.
Спец.
1. Працэс змешвання двух якіх‑н. асяроддзяў (вады і пяску, пары і вады і інш.), пры якім адно асяроддзе, будучы пад ціскам, уздзейнічае на другое і, цягнучы за сабой, выштурхвае яго ў неабходным напрамку.
2. Штучнае аднаўленне напору вады ў перыяд паводкі для нармальнай работы турбін.
[Фр. éjection.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)