запазні́цца, ‑пазнюся, ‑познішся, ‑позніцца; зак.
1. З’явіцца, прыбыць пазней, чым трэба; спазніцца. Поезд запазніўся. Пісьмо запазнілася. // Наступіць, пачацца са спазненнем. Вясна запазнілася.
2. Затрымаўшыся, прабыць дзе‑н. да позняй пары. Канец, мусіць, быў бы невясёлы, каб на шчасце дзяўчынкі не напаткаў яе паляўнічы, які запазніўся ў лесе. Васілевіч.
3. з чым, з інф. і без дап. Зацягнуць выкананне чаго‑н., зрабіць што‑н. пазней, чым трэба. Запазніцца з сяўбой. □ У жончыным голасе.. прыкметная трывога — яна запазнілася будзіць мужа. Гартны. — Запрашай гасцей за стол, — падышла да [Андрэя] Марына. — Мы і так запазніліся. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бэ́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Драўляны, жалезны або жалезабетонны брус, які ўмацаваны канцамі ў дзве процілеглыя сцяны або ўстоі і служыць падтрымкай насцілу (падлогі, столі і інш.). Спачатку першыя бэлькі працягнуліся над адным паверхам, потым яны леглі над другім, затым над трэцім. Мележ. Дваццацідвухметровы вежавы кран спрытна падаваў на апошні паверх бетонныя бэлькі і цяжкія, пліты і ўкладваў іх на месца. Грахоўскі. // Трама. — На бэльцы праснака кавалак, дастань ды з’еш з малаком, — заўважыла Ганна, увайшоўшы з Якавам. Лобан. У хаце гарэла лямпа-пяцілінейка, падвешаная да бэлькі над сталом. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вазі́цца, важуся, возішся, возіцца; незак.
1. Катацца. Зімою ў вольны час. [Федзька і Эдзік] вазіліся на санках.., коўзаліся на драўляных самаробных каньках, акутых тоўстым дротам. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Аддаваць многа часу якой‑н. справе; важдацца. Тарас купіў на дарогу пачак папярос за тры капейкі,.. каб не вазіцца з курэннем на холадзе. Колас. — Калі табе з гэтымі гузікамі вазіцца, скідай, я ўмомант прышыю, — рашуча загадвае.. [Алесю] Варвара. Васілевіч. // Гуляць, забаўляцца. [Бацька:] — Славік, мой сын, напэўна, прыбег ужо са школы і вучыць урокі або возіцца са сваімі галубкамі. Кулакоўскі.
3. Зал. да вазіць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
майстэ́рня, ‑і, ж.
1. Прадпрыемства па рамонту або вырабу чаго‑н., а таксама памяшканне такога прадпрыемства. Зранку пасля праверкі Лазар ішоў пад канвоем у турэмную шавецкую майстэрню шыць і рамантаваць абутак. Колас. Нездарма пані Пшысецкая прапанавала .. [Насі] пайсці швачкай у яе майстэрню. Васілевіч.
2. звычайна мн. (майстэ́рні, ‑яў). Прамысловае прадпрыемства, якое займаецца галоўным чынам рамонтнымі работамі. Рамонтныя чыгуначныя майстэрні. □ Выступаць перад людзьмі .. [Сяргей] навучыўся ў арміі, робячы палітінфармацыю ў артылерыйскіх майстэрнях, дзе ён быў між майстроў маладзейшы за ўсіх. Грамовіч.
3. Аддзел цэха ці завода. Інструментальная майстэрня.
4. Памяшканне для работы мастака, скульптара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
касаву́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Разм.
1. Глядзець скоса, убок; касіцца. Даведаўшыся, што Віктар едзе ў Зарэцкую МТС, .. [Рыгор] доўга тлумачыў, як лепш, туды ехаць, і ўсё неадабральна касавурыўся на дзверы кабінета Гардзеева. Даніленка. Аж да самага калгаса буланчык усё яшчэ недаверліва касавурыўся і трывожна стрыг вушамі. Якімовіч.
2. перан. Адносіцца недружалюбна, падазрона, варожа. Касавурыўся на .. [Зараніка] хіба адзін Ваўчок, які ўсё яшчэ лічыў, што мінулагодні нарыс Зараніка і выступленне Паходні .. падарвалі славу МТС. Хадкевіч. — Бачыш, як на цябе касавурыцца родная дачка, дарма што і падарунак здагадаўся за тры гады прывезці. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жа́ртачкі, ‑чак; адз. няма.
Разм.
1. Тое, што і жарт (у 1 знач.). Кошцы жартачкі, а мышцы смерць. Прыказка.
2. у знач. вык. Пра вельмі складаную задачу, сітуацыю. — Жартачкі — пракарміць сотні сем’яў! — усхвалявана гаварыў Сцяпура. Новікаў.
3. у знач. вык. Вельмі проста, лёгка. — Ой, дзядзька Нупрэй! — усклікнула цётка. — Вам усё жартачкі, а я як падумаю, што акно прыйдзецца затыкаць падушкай, дык аж сорам перад людзьмі. Рылько.
•••
Не жартачкі — тое, што і не жарт(ы) (гл. жарт). Не жартачкі — ехаць на тры месяцы, можна сказаць, на самастойную працу. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наплы́ў, ‑лыву, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. наплываць — наплыць, наплысці (у 2, 3 знач.).
2. Тое, што наплыло, сабралася. Наплыў пяску. □ За цёмнымі шыбамі, зацягнутымі слюдзянымі наплывамі лёду, глухі шоргат і шапаценне. Кудравец.
3. перан. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Наплыў народу. Наплыў абітурыентаў. Наплыў заказаў. □ Летнім часам, калі настаўнікі, з’язджаліся на канікулы, тутэйшым людзям не раз траплялася сустракаць іх, але такога паплыву не здаралася бачыць. Колас. // Прыліў пачуццяў, думак і пад. Наплыў радасці. □ — А дзе ж дзеці? — крыху супакоіўшыся ад першага наплыву хвалявання, запытаў Васіль. Васілевіч.
4. Спец. Паступовая змена кадраў у кінафільме.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насо́к, ‑ска, м.
1. Пярэдняя частка абутку, панчох і пад. Востры насок бота. // Пярэдняя частка ступні. [Андрэй] то кідаўся ўпрысядкі, то ўздымаўся на наскі і хвацка ішоў за дзяўчынай. Дуброўскі. Зарэцкі падняўся з крэсла, паківаўся на насках і выйшаў з пакоя. Хомчанка.
2. Пярэдняя частка якога‑н. прадмета (звычайна вузкая). Насок напільніка. □ Пракос ад пракосу аддзяляўся густою бародкаю травы, якое не падцінаў насок касы... Гартны.
3. Памянш. да нос; маленькі нос.
4. пераважна мн. (на́скі, ‑оў). Тое, што і шкарпэткі. Шура разувае чаравік, здымае .. насок. Навуменка. Ён пакаваў чамадан, а яна спяшалася давязаць яму наскі. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няло́ўка,
1. Прысл. да нялоўкі.
2. безас. у знач. вык., каму. Пра пачуццё ніякаватасці, сораму, якое перажывае хто‑н. [Лабановіч:] — Я ніяк не думаў спаткаць вас там, і мне стала нялоўка. Колас. Шмат разоў я калісь на начлезе, Прызнавацца сягоння нялоўка, Нібы бачыў: лясун з дрэва лезе. Чарот. // з інф. Пра ўсведамленне нялоўкасці зрабіць што‑н. [Лазавы:] — А чаго чырванееце..? Нялоўка казаць нядобрае пра свайго калегу ды яшчэ начальства? Васілевіч. Рыгору трэба было збочыць, але Рымар вёў яго з сабою, і яму нялоўка было сказаць, што ім далей не па дарозе. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ня́ньчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак., з кім-чым.
1. Даглядаць дзіця. — З намі жыла мая маці. Днём яна няньчылася з дзіцем. Васілевіч. Прыйдзе [муж] дахаты змардаваны, павячэрае і лажыцца спаць.. А [жонка] прадзе ды з дзяцьмі няньчыцца. Чарнышэвіч.
2. перан. Разм. Празмерна клапаціцца аб кім‑, чым‑н., аддаваць многа ўвагі каму‑, чаму‑н.; вазіцца. Дактары.. [чалавека] з рук не выпускалі. І прафесары і акадэмікі няньчыліся з ім. Паслядовіч. // Гуляць, забаўляцца. [Марына] няньчылася з.. [мопсам], нібы малое дзіця з лялькай, ад душы смяялася з яго забаўных выхадак і нават размаўляла з ім, як з чалавекам. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)