замару́дзіць, ‑руджу, ‑рудзіш, ‑рудзіць; зак.

1. што. Зрабіць больш павольным, марудным, паменшыць скорасць чаго‑н. Замарудзіць крок. □ Цягнік якраз замарудзіў хаду каля паўстанка. Хадкевіч.

2. без дап., з інф. або з чым. (звычайна з адмоўем). Затрымацца, прыпазніцца. Калеснік канчаў насаджваць спіцы, і каваль не замарудзіў з нацяжкай шыны. Пальчэўскі. Сцёпа, вядома, не замарудзіў прынесці кніжку, чым яшчэ больш узрадаваў дзядзьку Мікалая. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гля́нец, ‑нцу, м.

1. Бляск начышчанай адпаліраванай або пакрытай лакам паверхні. [Аўтамабіль] быў чысценькі і аж зіхацеў на сонцы сваім лакавым глянцам. Якімовіч. // перан. Бляск вачэй, валасоў, скуры і інш. На рукі гэтай маладзіцы гляньце: яны і чорныя, яны аж з глянцам. Дубоўка.

2. перан. Беззаганны выгляд; знешняя культурнасць. Пан камендант цалкам разгубіўся, і ўвесь яго глянец знік, як з мокрай курыцы. Машара.

[Ням. Glanz.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; заг. даскоч; зак.

1. Скочыўшы, дасягнуць якога‑н. месца. Даскочыць да плота. □ Тут буланы конь як скокнуў з разгону, дык, можа, на які локаць усяго і не даскочыў да царэўны. Якімовіч.

2. Разм. Спяшаючыся, дабегчы, дамчацца да якога‑н. месца. Адсюль ужо разам на ўвесь ход сваіх коней паімчаліся .. [мужчыны] і праз хвілін дзесяць даскочылі да лесу. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дражні́цца, дражнюся, дражнішся, дражніцца; зак., з кім і без дап.

1. Тое, што і дражніць (у 1 знач.). Здаецца ж, і не хуліганы якія, гэтыя хлопцы, каб з сабакамі дражніцца... Якімовіч. [Рыгор:] Чаго ты мучыш мяне?! Не любіш, дык не дражніся, скажы проста. Крапіва.

2. Дражніць адзін аднаго. — Калючка ты. Задзіра! Вось што! — сыпала Валя ўсе тыя словы, якімі яны дражніліся ў маленстве. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адта́ць, адтане; зак.

Выйсці з замарожанага стану; вызваліцца ад лёду, снегу пад уздзеяннем цяпла. [Несцер:] — Вось крыху адтане зямля — прынясу з дому шчэпы і пасаджу на гэтым месцы. Кулакоўскі. Праз ноч зямля адтала, зрабілася мяккай. Якімовіч. // перан. Памякчэць, падабраць, пазбыцца суровасці. Сама Волька, заўважаючы ў сабе.. змену, не магла не дзівіцца, як яе жаночае сэрца адтала, сагрэлася і само пачало грэць. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запэ́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго, у чым і са злучн. «што».

Пераканаць у правільнасці чаго‑н.; паручыцца за што‑н. — Дазвольце запэўніць вас, таварышы, што наша справа калектыўнай гаспадаркі ёсць справа жыццёвая, правільная, а таму ёй належыць будучыня. Колас. — Прывязу лыжы, прывязу абавязкова, — запэўніў бацька, беражліва апускаючы сына на падлогу. Хадкевіч. Дзядзька Карней запэўніў, што асеннімі пасадкамі займацца яшчэ не позна. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зды́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак. (часцей з адмоўем).

Пачаць ізноў спакойна і роўна дыхаць (пасля бегу, хады і пад.). — Не спяшайся так, кабеціна, — сунімаў .. [маці] Адам, пакашліваючы, — здыхацца не магу я... Якімовіч. / Пра хворага. Чалавек цяжка захварэў. Нешта падперла пад бакі, сціснула грудзі, твар увесь смыліць, як бы полымем збоку хто яго пячэ, і ніяк не здыхацца, і гаварыць нельга. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгу́блены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разгубіць.

2. у знач. прым. Які страціў рашучасць, знаходзіцца ў замяшанні; які ад хвалявання, збянтэжанасці не ведае, як быць. Пакуль Міхалка стаяў разгублены і дзівіўся, над домікам сабралася ўжо цэлая пчаліная хмара. Якімовіч. [Хлопцам] дзякавалі, іх віталі, а яны стаялі здзіўленыя, разгубленыя. П. Ткачоў. // Які выказвае разгубленасць, збянтэжанасць, замяшанне. На .. [хлапчуковым] твары блукала разгубленая ўсмешка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскаці́ць, ‑качу́, ‑ко́ціш, ‑ко́ціць; зак., што.

1. Коцячы, раз’яднаць, развесці ў розныя бакі. Раскаціць бочкі. □ Дастаць .. гармонік ніхто не мог. Для гэтага прыйшлося б раскаціць усю кучу бярвення. Якімовіч.

2. Разагнаўшы, паступова надаць вялікую скорасць чаму‑н. Раскаціць каляску.

3. Пакаціўшы, разгарнуць, раскруціць што‑н. згорнутае ў рулон. Раскаціць сувой. □ Хросны раскаціў на стале шарачак і аберуч пагладзіў яго. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раўнаду́шны, ‑ая, ‑ае.

Абыякавы да навакольнага, да таго, што адбываецца. Ні ён сам пра сябе, ні другія пра яго не маглі і не могуць сказаць, што чалавек ён абыякавы, марудны, раўнадушны. Бялевіч. Кастусь гарэў сам справаю паўстання і не мысліў сабе раўнадушнымі сваіх падначаленых. Якімовіч. // Які не выказвае цікавасці, пачуцця любві да каго‑н. // Які выяўляе раўнадушнасць. Раўнадушны погляд. Раўнадушны тон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)