разбу́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разбудзіць.

2. у знач. прым. Якога разбудзілі, прымусілі прачнуцца. На стрэлы дазорных з хат выскачылі разбуджаныя партызаны і чырвонаармейцы. Галавач. Разбуджаны балоты кулік два разы падаў тонкі палахлівы голас. Кулакоўскі.

3. перан.; у знач. прым. Які ажывіўся, стаў дзённым, актыўным. На чорных пажарышчах дзён мінулых Народ разбуджаны сабе сам ладзіць гаспадарку. Купала. Мы закружыліся Птушкай чырвонай Над Беларуссю Разбуджанай. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., што.

1. Пераламаўшы ў некалькіх месцах, падзяліць на часткі, на кавалкі. У гэтай бойцы .. [певень] разламаў ляшчоткі. Амаль зрошчаная нага зноў матлялася. Пальчэўскі. А разломіш напалам, .. [печаная бульба], як пірог, — хрусткая, белая, так і просіцца ў рот. Гамолка.

2. Разбурыць, разваліць. [Максім:] — Учора ўвечары перабраўся ў хату, а сёння разбурыў зямлянку... Ведаеце, з радасцю ... сам разламаў. Шамякін. Неяк напрадвесні Цялутка разламала загарадку, выбегла, падбрыкваючы, на двор. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размазня́, ‑і, ж.

1. Рэдкая каша, вельмі густы нясмачны суп і пад.

2. м. і ж. Разм. Аб нерашучым слабавольным чалавеку. Не мог [сакратар райкома] згадзіцца, як ні стараўся сам сябе запэўніць, што Панасюк размазня, якому толькі ў канцылярыі чарцяжы чарціць і падносіць іх начальству... Васілевіч. [Андрэй:] — І жыта ад бульбы адрозніваеце? [Кудрыцкая:] — Гэта рэдактару абавязкова? Добра, калі з гэтым начальнік спраўляецца. — А-а-а, думаў, што размазня, ажно з язычком. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскату́рхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Абудзіцца ад сну. — Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ.. Пятрусь, хоць і глухаваты і спіць яшчэ моцна, раскатурхаўся хутка, сцяміў, у чым справа. Брыль. Язэп доўга не мог раскатурхацца ад сну, і таму Кастусь запрагаў каня сам. Якімовіч. // перан. Выйсці са стану пасіўнасці, разварушыцца. Шнураў канчаткова раскатурхаўся пасля бакала шампанскага, заспяваў «А ў полі вярба», усе падхапілі і дружна праспявалі песню. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раско́ўзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм.

1. Яздой або катаннем зрабіць слізкім, коўзкім. Раскоўзаць заснежаную сцежку.

2. Размяць, расцерці, раскідаць, размазаць (нагамі, целам). Пасля таго, як сук абламаўся, чалавек, відаць, сеў на зямлю і сядзеў там, бо было відно, як ён раскоўзаў абцасамі імшыстую зямлю і пассоўваў хвойныя іголкі. Чорны. — Аднойчы я сам чуў, як брыгадзір Мікалай Таўкач паскардзіўся, што ты раскоўзаў ля гумна свежую сцірту саломы. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расха́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Хадзіць павольна ўзад і ўперад. Як і ўчора, расхаджваў вартавы, ціха насвістваў. Навуменка. // Павольна хадзіць; прагульвацца. Міхалка спаважна расхаджвае па садзе між казачнага пчалінага гарадка з рознакаляровымі домікамі. Якімовіч. // Шмат хадзіць, часта бываць дзе‑н., у каго‑н. Расхаджваць па гасцях. // Разм. Хадзіць у тым або іншым адзенні. Нехта з членаў камітэта нясмела падаў голас: — Сам Дывінец вунь звузіў калошы, дый у [сты]льным гальштучку расхаджвае... Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свая́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Заснаваны на сваяцтве, які мае адносіны да сваяцтва. Сваяцкія сувязі. □ Сваяцкія ніці паміж.. [жыхарамі вёскі] даўно пераблыталіся, а то і зніклі зусім, але тым не менш кожны з Гараўцоў лічыў сябе выхадцам з адной сям’і. Хадкевіч.

2. Блізкі па агульнасці паходжання.

3. Уласцівы сваякам, блізкім людзям; дружалюбны, сардэчны, цёплы. [Валасовіч-Гразнова:] — У мяне з ім [Адамам Ягоравічам] былі самыя блізкія сваяцкія адносіны. «Полымя». Рымар сам узяў такі сваяцкі тон. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіняво́кі, ‑ая, ‑ае.

З сінімі вачыма. У.. [Васіля] ўжо двое дзяцей, такіх жа сінявокіх і рухавых, як сам. Лынькоў. / у паэт. ужыв. Разросся чабор сінявокі Па схілах пустога пагорка. Колас. Ой, пабачыў бы ты дзівы На стэпу шырокім! Новай песняй прывітаў бы Дняпро сінявокі. Купала. / у знач. наз. сіняво́кі, ‑ага, м.; сіняво́кая, ‑ай, ж. Ці пачуе сінявокая, Што хаджу непадалёку я, Што хаджу непадалёку я, Ці падасць сустрэчы знак? А. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Шынель, скручаны ў трубку і звязаны па канцах для нашэння цераз плячо. Ідуць байцы, як хвалі, У скатках цераз плечы, А сонца зорыць з жалем На іх з глыбінь — сінечы. Колас. Ты цяпер сам, як бацька. На вучэнні ўначы Аўтамат свой і скатку Там нясеш на плячы. Прыходзька. // Які‑н. прадмет, скручаны ў трубку. Грышка ўзяў палатку, Цітка — коўдраў скатку. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадні́зу, прысл.

Знізу, з-пад чаго‑н. Тут Дняпро як загуў, як падняўся да стром.. Сам б’е ў бераг спаднізу, а зверху б’е гром. Лужанін. Помню нясмелую зелень рэдкае травы, першы плач кнігаўкі, узмах спаднізу белага крыла, першую кветку .. на сыпкім пяску ля рэчкі. Адамчык. // Знізу, у ніжняй частцы. Дагледжаны быў і сад — камялькі спаднізу падбелены, голле дзе падпёрта калкамі, а дзе і падвязана за таўсцейшае, больш трывалае. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)