праясне́ць, ‑ее; зак.

1. Стаць ясным, выразна бачным. Стары працёр хустачкай вочы, абгладзіў вусы, вочы праяснелі. Шынклер.

2. Стаць спакойным, вясёлым, прыветлівым. Твары суседніх жанчын неяк раптоўна, на адно імгненне, праяснелі ўсмешкай. Пестрак.

3. Стаць ясным, выразным (пра свядомасць, думкі і пад.). Думкі праяснелі. / у безас. ужыв. Сухі, гарачы махорачны дым востра заказытаў у носе, і неяк адразу праяснела ў галаве. М. Стральцоў.

4. Вызваліцца ад хмар, прасвятлець. Упершыню пасля некалькіх дажджлівых дзён неба праяснела. Жычка. // безас. Распагодзіцца. Прыпарыла, на яснае неба пасунулася хмара, прайшоў дожджык. Зноў праяснела. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перары́ў, ‑рыву, м.

1. Разрыў, раз’яднанне чаго‑н. на часткі. Перарыў провада. // Месца абрыву, разрыву.

2. Непаслядоўнасць у якой‑н. дзейнасці, працэсе і пад.; пропуск. З таго часу, зімою, з перарывамі, хадзіла многа старых.. у Нёмнаборскую школу за паўвярсты. Чорны.

3. Спыненне (звычайна ненадоўга) дзеяння, развіцця чаго‑н. Гаварыць з перарывамі.

4. Прамежак часу, на які спыняецца дзеянне, развіццё чаго‑н. Словы знікалі ў кулямётным стракатанні, але ў перарывах, у адразу наступіўшай густой цішыні, яны выразна вырываліся, выплывалі знаёмай мелодыяй. Лынькоў. [Ягор:] — Дык назначайце выбары! А то ў мяне будзе перарыў у стажы. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паны́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае хмурны, прыгнечаны настрой; сумны, маркотны. Іван сеў, кінуўшы на дол скуранку, побач спынілася панылая, здалося, разгубленая Джулія. Быкаў. // Які выражае хмурны, прыгнечаны настрой. — Пайграй... — панылым голасам прамовіў Сымон. — Пайграй... Чарнышэвіч. Саўчанка адразу абмяк, запалыя, пачырванелыя.. вочы сталі яшчэ больш безуважлівымі і панылымі. Лупсякоў. // Прасякнуты хмурнасцю, прыгнечанасцю; бязрадасны. Каторы ўжо раз за гэтыя суткі ўсеабдымнай тугою ахоплівала.. [Клімчанку] гэтая панылая думка. Быкаў.

2. Які выклікае хмурны, прыгнечаны, тужлівы настрой. Марудна цягнуўся панылы, змрочны дзень. Асіпенка. [Ярмоленка] з тугой глядзеў на гэтыя агні, на вуліцу, якая здавалася яму нязвыкла шырокай і панылай. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паску́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Разм. груб.

1. Пакідаць пасля сябе бруд; гадзіць. Добрая птушка ў сваё гняздо не паскудзіць. Прыказка.

2. што. Брудзіць, пэцкаць; псаваць. Гусі топчуць і паскудзяць густую, сакаўную траву. Сачанка. — Гэта што? Сцены паскудзіць? Казённае памяшканне псаваць? Ці мала смецця ўсюды, дык яны яшчэ на сцены вешаць... Лынькоў.

3. перан. Рабіць гадасці, шкодзіць. Верыць людзям — закон нашага жыцця. А нелюдзю, ашуканцу не абавязкова верыць. Яго трэба браць за шкірку адразу, як толькі ён пачне паскудзіць. «Вожык». // Няславіць, ганьбіць, чарніць. Паршывая аўца ўвесь статак паскудзіць. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супо́льнік, ‑а, м.

1. Таварыш па сумеснай дзейнасці; паплечнік, аднадумец. [Андрэй:] — Якая ў яго душа? Ці будзе .. [Нікадзім] супольнікам і памочнікам у цяжкую часіну? М. Ткачоў. [Рыгор] быў маўклівы і як быццам нелюдзімы, але я адразу адгадаў у ім супольніка па думках. Краўчанка.

2. Саўдзельнік, хаўруснік у якіх‑н. непрыгожых справах, злачынстве. На другім возе .. сядзіць разам з бацькам яго .. прыяцель, супольнік ва ўсіх шкодах, Хведзька. Мележ. [Антон:] — Але навошта ж Вукаты ўтоіў жыта? Сабе? Дык людзі малоцяць, усё ведаюць, нікуды не сплавіш. Ці, можа, яны тут усе супольнікі, у адным хаўрусе? Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Тонкі кусок дрэва, адчасаны ад бервяна, палена і пад.; шчэпка. Доўгая белая трэска круцілася з-пад сякеры. Дуброўскі. Пахне свежымі трэскамі, стружкамі, пілавіннем, смалою — мусіць, кожны зможа ўявіць, які водар дрэва стаіць навокал, калі адразу ставіцца столькі новых зрубаў! Сіпакоў. Паволі, роўна чахкае яго бывалая сякера, плазуючы бервяно, і не трэскі ляцяць, а адганяецца ад бервяна суцэльная і доўгая, як дошка, трэска. Брыль. От яна [дзяўчына] спынілася, разаслала на зямлю дзяругу і пачала выбіраць і класці на яе большыя трэскі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбуры́цца, ‑буруся, ‑бурышся, ‑бурыцца; зак.

1. Выйсці са стану спакою; узбударажыцца; узбунтавацца. [Лявон:] — Пайду ў млын. [Жонка:] — Чаго .. ўзбурыўся? Сёння ж мо зноў на бульбу? — Зноў ці не зноў, — зазлаваў Лявон. — Распалю кацёл, дам гудок — мужчыны падыдуць. З бульбай і без нас управяцца. Кудравец.

2. Разгневацца, раззлавацца. [Бабка Наста:] — І ведаеце, панічок: часта бедная пані па хатах хавалася, калі ўзбурыцца пан. Колас.

3. Паўстаць, узбунтавацца супраць каго‑, чаго‑н.

4. Нечакана разбушавацца, узбушавацца. Завіхурыла адразу пасля каляд. За які дзень куды дзелася шэрань, пасля зацішша ўзбурыўся вецер ды пагнаў па вуліцы гуллівыя снежныя круцялі. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́рпкі, ‑ая, ‑ае.

Кіславата-даўкі. Церпкія ягады. Церпкае віно. □ Квас летні, церпкі, падкіслены падгарэлымі хлебнымі скарынкамі, а конаўка медная. Навуменка. Неяк адразу пацяжэлі ад церпкага крывянога соку гронкі каліны. Паслядовіч. — Прысядзь і выпі кубак, брат! Мо’ церпкай здасца гэта брага. Я сам садзіў свой вінаград, Я знаю вартасць спелых ягад. Танк. / Пра пах. Налібока, Налібока... Мімаволі шырыш вока: Цёмна ў засені прытоенай, Церпкім водарам настоенай. Кірэенка. Коля сышоў са сцежкі, наламаў вялізны букет, прыпаў да яго тварам і на поўныя грудзі ўдыхаў церпкі водар. Жычка. Церпкі водар імху казытаў у носе. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шарэ́ць, ‑эе; незак.

1. Станавіцца шэрым. Твар у .. [Севы] шарэў, калі ў такія хвіліны даводзілася гаварыць з бацькам. Карпаў. Неба шарэла. Было вельмі холадна. Мележ.

2. Выдзяляцца сваім шэрым колерам, віднецца. Пераезд у нізіне ўжо ледзь шарэў у вячэрнім паўзмроку. Быкаў. Зрабілася яшчэ больш цёмна, толькі шарэлі ў цемры шыбы вокнаў. Асіпенка.

3. безас. Світаць або змяркацца. Бярэцца на досвітак. Прыкметна шарэе, але хмары густа зацягваюць і без таго хмурнае неба, — мусіць, будзе мяцеліца. Сачанка. Унізе, ля зямлі, шарэла: надыходзіў вечар — хутка, па-зімоваму, адразу ж пасля паўдня. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчаці́нне, ‑я, н., зб.

Жорсткая і кароткая шэрсць у некаторых жывёл. Увесь.. [дзік] пакрыты густым і цёмным, амаль чорным шчаціннем. В. Вольскі. // Такая шэрсць, якая з’яўляецца сыравінай для прамысловасці і ідзе на выраб шчотак, пэндзляў і пад. [Цётка:] Адзін ездзіць косткі збірае, другі — шчацінне, трэці — шкуркі кратовыя. Жычка. // Разм. Валасы на твары чалавека. Дзямід Сыч здзіўлена паглядзеў на зарослы чорным шчаціннем неахайны твар Песенькі і адразу памякчэў. Паслядовіч. // перан. Разм. Пра што‑н. жорсткае, калючае. З пустазелля, з густога шчаціння хмызнякоў як бы ішоў голас палёў — жывы дакор чалавеку. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)