прамільгну́ць, ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. З’явіцца, паказацца і хутка знікнуць. Паравоз маланкай прамільгнуў праз станцыю. Лынькоў. Паміж сасонак адна за адной прамільгнулі цёмныя цені. Шчарбатаў. // Пра ўяўны рух прадметаў, міма якіх рухаецца чалавек.

2. Вельмі хутка прайсці (пра час). Тыдзень прамільгнуў нібы адзін дзень. Шыцік. Прамільгнуў матыльком светлакрылым дзень. Мурашка. // перан. Узнікнуць, з’явіцца на імгненне (пра думкі, пачуцці і інш.). І тут нейкім чынам у памяці Лабановіча прамільгнуў малюнак спаткання з Турсевічам на Палессі. Колас. — Шчасце чалавека ў няведанні, — несвядома прамільгнула ў Ігнася думка. Чорны. // перан. Чуць прыкметна, злёгку выявіцца. У сініх вачах жанчыны прамільгнула насцярожанасць. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Звяртацца да каго‑н. з пытаннем, каб даведацца пра што‑н., задаваць пытанне. Ну, як жа вам, панічок, гасцілася? — пытала бабка Лабановіча. Колас. У людзей пытай, ды свой розум май. Прыказка. // Весці апытванне (вучняў). Паўтарэнне ішло як звычайна: адных настаўніца выклікала да дошкі, другіх — пытала з месца. Шыловіч.

2. што і чаго. Прасіць дазволу на што‑н., звяртацца з якой‑н. просьбай. Пытаць дазволу. Пытаць дарогі. □ Галодны прысмакаў не пытае. Прыказка. // Прасіць, патрабаваць паказаць (дакумент). Пытаць пасведчанне. □ То прападае, то зноў, варухнуўшы галінай, У пешаходаў пытае яна [граніца] пашпарт. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.

1. Прымусіць распасціся; раскідаць (што‑н. сабранае ў якім‑н. парадку, складзенае). Разваліць штабель бярвення. // Раскалоць, разламаць на асобныя часткі ўдарам; рассячы. Разваліць калоду. / у безас. ужыв. — Памятаеце, як я вам расказваў пра Паківачову адрыну? — спытаў Алесь. — Ну, яшчэ дуб сухі амаль над нашай галавою разваліла. Караткевіч.

2. Разм. Разбурыць, ператварыць у руіны. Разваліць хату. □ — Прыйшлі ноччу — двое мужчын, адна баба. Набілі ў школе вокны, развалілі печ... Навуменка.

3. перан. Давесці да поўнага расстройства, да заняпаду; разладзіць. Разваліць работу. Разваліць дысцыпліну. □ — Яно праўда, — згадзіўся Косця, — дружную брыгаду не разваліш. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрацава́цца 1, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). У працэсе працяглай работы дайсці да непрыгоднага стану, знасіцца (пра інструмент, механізм). Матор спрацаваўся.

2. Стаміцца, страціць сілы, здароўе ад непамернай працы. [Марыля:] — Не ў тых гадах я, Амеля, не да гэтага мне цяпер. Якая была, то няма ўжо тае, спрацавалася. Лобан. [Маці] заўсёды так. Усё шкадуе, .. каб не спрацаваўся, каб у пару пад’еў. Дамашэвіч.

спрацава́цца 2, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

Дасягнуць поўнай зладжанасці, узгодненасці ў працы з кім‑н. [Зелянюк:] — Ну, што, згода? Едзем? .. Будзем разам працаваць на заводзе... Тут не спрацаваліся, дык, можа, там лепш патрапіш. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́нты, ‑аў; адз. няма.

Разм.

1. Лахманы; старая падраная адзежа, бялізна. [Марына:] — Былі б грошы, узяла б у Сомавай крэпжаржэтавы адрэз.. Даведаецца Андрэй, злаваць будзе. Ну і няхай злуе, не хадзіць жа мне ў старых трантах. Шахавец. [Іваноў:] — Адзін наш хлопец у трантах ходзіць, а зіма на дварэ. Новікаў. Калі той, хто назваўся шафёрам, скінуў з сябе абледзянелыя транты, перад позіркам паўстаў страшэнна схуднелы, змізарнелы чалавек. Навуменка.

2. Зневаж. Жаночыя ўборы. [Верхаводка да Дар’і:] Транты твае прадаваць пачну. Назапасіла, дзякуй богу, што хоць універмаг адкрывай. Губарэвіч. [Карніцкі:] — Няхай бы яна [Паліна] лепш патраціла свае грошы на кнігі, а не на мяшчанскія транты. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уме́рзнуць, ну, ‑неш, ‑не; пр. умёрз, умерзла; зак.

1. у што. Пад уздзеяннем марозу шчыльна замацавацца ўнутры лёду, мёрзлай зямлі. Змяніўся клімат, і ляднік пачаў раставаць. Камяні, што .. умерзлі ў яго цела, аселі на зямлі і ўтварылі .. узгоркі і грады. Гавеман. Там-сям у жолабе былі прыкметы кавалачкі асінавай кары. Адны ўмерзлі ў лёд, другія ляжалі на паверхні. Мяжэвіч.

2. без дап. Зацвярдзець ад марозу на значную глыбіню. Наскочыў мароз — закарэла гразь, умерзла і аж патрэскалася голая зямля, стала цупкаю і гулкаю, як бубен. Капыловіч. Нават узімку, як умерзне балота, не едуць навакольныя мужчыны высечы дроў. Жук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрэн, у, м.

1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных з тоўстым мясістым коранем, які выкарыстоўваецца як прыправа. За акном у гародзе пад хатай парве хрэн — густа і шырака, як лопух на балоце, — над ім лёталі белыя матылі. Пташнікаў.

2. Горкі корань гэтай расліны, а таксама прыправа з гэтага кораня. Дубовы ліст, і хрэн, і кроп кладуць з гуркамі ў кадкі. Вялюгін. Штук шэсць шкляных банак з крэпкім хрэнам выглядалі з розных месцаў стала, тры «буслы» гарэлкі высока падымалі галовы над стусамі закусак. Колас.

•••

Стары хрэн (лаянк.) — пра старога чалавека. Ну, ідзі, стары хрэн, ды хутчэй, жыва каб мне назад! — кіўнуў паліцэйскі. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́ць¹, калю́, ко́леш, ко́ле; калі́; незак.

1. каго-што. Датыкаючыся чым-н. вострым, выклікаць боль.

К. іголкай.

Цэлы дзень калола (безас.) пад сэрцам (перан.).

2. каго (што). Рабіць укол, уколы (разм.).

Хвораму калолі антыбіётыкі.

3. каго (што). Забіваць чым-н. вострым.

К. свінню.

4. каго-што. Біць рагамі, бадаць (разм.).

Бедная тая дамова, дзе вала коле карова (прыказка).

5. перан., каго (што) і без дап. Рабіць каму-н. колкія заўвагі, папракаць.

К. дакорамі.

Калоць (у) вочы (разм.) — папікаць, дакараць, сарамаціць.

Праўда вочы коле (прыказка) — пра нежаданне слухаць непрыемную праўду.

|| зак. закало́ць, -калю́, -ко́леш, -ко́ле; -калі́; -ко́латы (да 3 знач.).

|| аднакр. кальну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 1, 2 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гры́мнуць, ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да грымець.

2. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца. Нечакана грымнула вайна, і сын нават не развітаўся са сваёй добрай, чулай старэнькай маці. Новікаў.

3. чым і без дап. Моцна, з сілай ударыць, стукнуць. Ладынін з размаху грымнуў кулаком па стале. Шамякін. Максім так грымнуў.. [афіцэрыку] у карак, што той носам заараў мокры пясок. Грахоўскі.

4. Разм. З грукатам упасці, паваліцца. І абняла Петрычыха ногі, ды так абняла, што .. [Журавінка] не адзержаўся на іх, на зямлю грымнуў. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́йкі, ‑ая, ‑ае.

1. Рашучы, энергічны, смелы. Рыгорка — хлопчык здольны, бойкі і вельмі ганарысты. Колас. «Ну, будзе дзянёк!» — .. падумала .. [Таня], міжвольна прыслухоўваючыся да голасу бойкага юнака ў карычневай футболцы. Даніленка.

2. Жвавы, скоры. А жыў там адзін чалавек. З выгляду так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэню не лезе. Якімовіч.

3. Ажыўлены, поўны руху, дзейнасці. Бойкі шлях. Бойкі гандаль. □ Самы бойкі клёў плоткі назіраецца, як правіла, на досвітку і позна ўвечары, калі яе касякі выходзяць на кармленне пад берагі. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)