дачыне́нне, ‑я, н.

Сувязь з кім‑, чым‑н., адносіны да каго‑, чаго‑н. Адвярнуўшыся, хлопец убачыў Люську, якая, мабыць, мела нейкае дачыненне да камсамольскага камітэта. Навуменка. Ермаліцкі больш за ўсіх меў дачыненне да касы, і ўсе гэтыя заўвагі да некаторай ступені прымаў і на сябе. Скрыган.

•••

У дачыненні да каго-чаго — ужываецца ў значэнні прыназоўніка, які паказвае накіраванасць дзеяння. — А ў тваіх словах у дачыненні да мяне і да маіх ідэалаў няма нічога жандарскага? Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ды́хавіца, ‑ы, ж.

1. Частае і цяжкае дыханне пры захворванні бронхаў; задышка. Пакутаваць дыхавіцай. □ [Нупрэй:] Добрыя вы хлопцы, з вамі хоць пагаварыць можна. А нашы бегаюць, спяшаюцца, таго і глядзі дыхавіцу нагоняць. Губарэвіч. Іван зірнуў на Джулію — на яе рухавым, яшчэ з адзнакамі сну тварыку відаць была вялікая стомленасць, дзяўчына ледзьве не захліпалася ад дыхавіцы. Быкаў.

2. Упадзіна ў ніжняй пярэдняй частцы грудной клеткі. [Юрыя] білі, не разбіраючы куды — у жывот, пад дыхавіцу, тапталі ботамі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэмаго́гія, ‑і, ж.

Падман шырокіх народных мас прываблівымі, але лжывымі абяцаннямі і лозунгамі; беспрынцыпнае палітыканства. Салдаты супакоіліся, а потым некаторыя з іх самі пачалі выступаць, заклікаючы ўсіх не паддавацца правакацыйнай дэмагогіі. «Полымя». Сцверджанні аб роўнасці палітычных правоў усіх шляхціцаў незалежна ад іх маёмаснага становішча .. — проста дэмагогія і прапаганда. «Полымя». // Разм. Пра ўсякую пустую беспрадметную гаворку, прамову і пад. — Віктар, не разводзь дэмагогіі, — просіць Веньямін. — Пара спаць, гадзіна ночы. Тое, што скажаш, прыкладна вядома. Навуменка.

[Грэч. dēmagōgía.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зрэ́шты,

1. супраціўны злучнік. Злучае сказ (ці яго частку), які абмяжоўвае выказаную думку, сцвярджэнне; адпавядае па значэнню словам: «аднак», «усё ж». У творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча ёсць матывы, якія нагадваюць пропаведзь хрысціянскай пакорлівасці, цярпення, але зрэшты і ў гэтага пісьменніка праўда жыцця бярэ верх. Навуменка.

2. у знач. пабочн. Паказвае на раптоўную перамену гаворкі, на нерашучасць, хістанне пры выказванні. Аднак дарэмна паўстанцы Літвы (як, зрэшты, і царскія ўлады) чакалі прыбыцця судна. Г. Кісялёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блядне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Рабіцца бледным (у 1, 2 знач.). Гаспадыня бляднее, вусны яе ўздрыгваюць. Навуменка. Прыпякала сонца, і яркая зелень знікала, трава бляднела, вяла ўвачавідкі. Васілевіч. Неба на ўсходзе пачало бляднець. Карпаў.

2. перан. Траціць сваю яркасць, выразнасцю здавацца нязначным у параўнанні з чым‑н. [Перагуд:] Перад іх [старых і дзяцей] абліччам, перад іх вялікімі пакутамі бляднеюць усе нашы крыўды, усе нашы асабістыя перажыванні і пачуцці, якія б яны моцныя ні былі. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палыха́ць, ‑ае; незак.

1. Гарэць зыркім, яркім полымем. З раніцы да вечара палыхалі горны ў кузні. Хадкевіч. Над горадам палыхалі пажары. Дудо. // Вылучаць жар, веяць гарачынёй. Гарачым цяплом палыхала ад топкі. Лынькоў. // перан. Аб моцным, бурным праяўленні чаго‑н. Над светам палыхала ўжо вялікая вайна. Навуменка.

2. Свяціцца яркім святлом. Па-ранейшаму палыхаў захад, а далёка ў вёсцы спявалі дзяўчаты і часам парыпваў гармонік. Лупсякоў. Паўнеба на захадзе палыхала вялізным зарывам. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паслядо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які бесперапынна наступае, ідзе адзін за адным. Дынаміка падзей раскрываецца не ў плане іх паслядоўнага паказу, а праз адлюстраванне асобных момантаў, эпізодаў. Дзюбайла.

2. Які заканамерна вынікае з чаго‑н., не заключае ў сабе супярэчнасцей; лагічна абгрунтаваны. Паслядоўныя разважанні, вывады. // Які няўхільна прытрымліваецца пэўных прынцыпаў, поглядаў, кіруецца імі. Паслядоўнае правядзенне ў жыццё ленінскай нацыянальнай палітыкі. □ У поглядах на ўзаемаадносіны чалавечай асобы і грамадства паэт астаецца паслядоўным дэмакратам. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карта́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які нячыста, няправільна вымаўляе гукі «р» або «л». Картавае дзіця. / у знач. наз. карта́вы, ‑ага, м.; карта́вая, ‑ай, ж. — Гэта той картавы? Што хваліцца: «Мяне на х’ёнце паяніла». Навуменка.

2. Нячысты, няправільны (пра вымаўленне гукаў «р» або «л»). Картавае «р». Картавае вымаўленне. Картавая гаворка. □ І калі з маладога гурту вылеціць раскацісты гучны смех або дзе пачуеш крыху картавую мову, так і закарціць азірнуцца: пэўна ж, ён [Паўлюк Трус] там. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мабілізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

1. Правесці (праводзіць) мабілізацыю (у 1, 2 знач.). Бязвусым юнаком быў Антось Галамака, калі ў шаснаццатым годзе мабілізавалі яго ў царскую армію. Чарнышэвіч. Калі пачалася вайна, бацьку і Грышу мабілізавалі адразу, а Юрка астаўся ў акупацыі. Навуменка.

2. перан. Прывесці (прыводзіць) у актыўны стан для дасягнення якой‑н. мэты, выканання якога‑н. задання. Навучаны шматгадовым вопытам, Яраш усё зразумеў і .. мабілізаваў свой спакой і вытрымку. Шамякін.

[Ад фр. mobiliser.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патэнцыя́л, ‑у, м.

1. Спец. Велічныя, якая характарызуе запас энергіі цела, што знаходзіцца ў пэўным пункце поля (электрычнага, магнітнага і пад.). Розніца патэнцыялаў.

2. перан. Сукупнасць наяўных магчымасцей, сродкаў у якой‑н. галіне, сферы. Эканамічны патэнцыял краіны. □ Аповесць [Я. Коласа] «У палескай глушы» найбольш поўна раскрывае духоўны патэнцыял інтэлігента «першага пакалення» Лабановіча. Навуменка. Абавязак партыйных арганізацый і камітэтаў — забяспечыць поўнае выкарыстанне велізарнага выхаваўчага патэнцыялу, якім валодае кожны працоўны калектыў, для маральнага ўзвышэння асобы. «Звязда».

[Ад лац. potentia — сіла.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)