хіста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Прыводзіць у хістальны рух; ківаць з боку ў бок. Парывісты моцны вецер хістаў і згінаў вяршаліны дрэў, шкуматаў густую лістоту. Бяганская. Хістае вецер спелае палессе, І хваля хвалю гоніць — не кране. Тарас. // безас. Кідаць з боку ў бок (пры хваробе, стомленасці і пад.). Ад стомы яе [Надзю] хістала, шумела ў галаве, натруджаныя пальцы зводзіла сутарга. Бураўкін. Ледзь дачакалася [Ніна] раніцы. Трэба ісці на работу, а галава як волавам налітая, хістае ў бакі. Лобан. // Ківаючы, рабіць хісткім; расхістваць. Маладая дужая рука хістала крыж. Пташнікаў.

2. чым. Рабіць хістальныя рухі чым‑н. На голых, спаленых дзялянках Хвоі хістаюць задымленым веццем. Куляшоў. Бор наш сумнай хістаў галавой. Броўка.

3. перан.; што. Рабіць няўстойлівым; падрываць. Хістаць аўтарытэт. □ Моладзь несла вялікія страты заўжды — Ад асілкаў з далёкіх паданняў, былін, Што мячом і шчытом нашых продкаў былі, Да паўстанцаў, што трон самаўладдзя хісталі І свой лёс — на падбрэхічаў лёс не змянялі. Грачанікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наве́сіць, ‑вешу, ‑весіш, ‑весіць; зак., што.

1. Павесіць, прымацаваўшы да чаго‑н. або надзеўшы на што‑н. Навесіць шторы. Павесіць замок. □ У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты, потым яшчэ важней цёр мелам свае медалі і, навесіўшы іх на грудзі, урачыста ішоў на станцыю. Лынькоў. Цесляры нібы знарок у першую чаргу падагналі падаконнікі, вушакі, уставілі новенькія рамы, павесілі дзверы. Шамякін.

2. У спартыўных гульнях — накіраваць мяч у бок варот або падняць над сеткай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паваро́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Дарога, якая адыходзіць у бок ад асноўнай магістралі. Неўзабаве паказалася паваротка ў Ліпск. Старшы механік прытармазіў і паволі з’ехаў з шашы на палявую дарогу. Паслядовіч. Перад.. [Шрэдарам] была брукаваная паваротка і надпіс на слупе: «На Сумлічы. Шэсць кіл[а]метраў». Чорны.

2. Разм. Тое, што і паварот (у 2 знач.). Паваротка, яшчэ раз паваротка, і дарога ўразаецца ў стары лес. А. Александровіч.

•••

Зрэзаць паваротку гл. зрэзаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапле́сці, ‑пляту, ‑пляцеш, ‑пляце; ‑пляцём, ‑плецяце, ‑плятуць; пр. пераплёў, ‑пляла, ‑ло; заг. перапляці; зак., што.

1. Уставіць сшытыя лісты кнігі, сшытка і пад. у вокладкі і сашчапіць або склеіць іх. Пераплесці кнігу.

2. Злучыць сплятаючы. Дрэвы пераплялі свае галіны. // Сашчапіць (пальцы рук). // Пакрыць, апутаць сеткай чаго‑н. Кар[а]ні дрэў густа пераплялі.. [дарогу], і воз кідала з боку на бок. Чарнышэвіч.

3. Расплёўшы, заплесці, сплесці лепш, іначай. Пераплесці касу. Пераплесці кошык.

4. Сплесці ўсё, многае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыві́цца, крыўлюся, крывішся, крывіцца; незак.

1. Станавіцца крывым, выгнутым, перакрыўленым. Хата крывіцца. Туфлі крывяцца. □ Асіны на бок крывяцца, І дым ад комінаў кладзецца пад плотам. Куляшоў. // Перакошвацца ў грымасе (пра твар, губы, рот і пад.). [Ермакоў] думаў аб нечым непрыемным, куткі яго тонкіх губ незадаволена крывіліся. Мележ. // Быць незадаволеным чым‑н., выражаць нязгоду з чым‑н. І скардзіўся на ўсё, на ўсіх крывіўся: Наследнік ёсць, а спадчыны няма. Панчанка.

2. Зал. да крывіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаць, ‑і, ж.

1. Насціл з бярвення, галля, ламачча для праезду цераз балота ці гразкае месца. Падводная гаць з жэрдак і палак спружыніць пад нагамі. В. Вольскі.

2. Плаціна, якую ставяць, каб павысіць узровень вады ў рацэ; запруда. Расшумелася паводка, І прарвала рэчка гаць. Астрэйка. Яны ўдваіх, сынок і маці, З двара ідуць у бок ракі На зыбкі мосцік міма гаці, Дзе разрасліся хмызнякі. Колас.

•••

Хоць гаць гаці каго-чаго гл. гаціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адваро́т, ‑а, М ‑роце, м.

1. Адагнуты і прыгладжаны (прыпрасаваны) край адзення ці абутку. Махнач моўчкі адышоў да сваёй скрыні і сеў там, а Полаз на дзіва хутка падняўся, стаў тварам у твар, узяў Лемяшэвіча за адварот пінжака. Шамякін.

2. Адваротны бок чаго‑н., напрыклад, кнігі, канверта, здымка і пад. Адварот паштоўкі. □ Собіч, не адрываючыся, сачыў, каб не асталося дзе прапускаў, бо часамі подпіс павінен быць толькі наверсе, а часамі і на адвароце. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запустава́ць, ‑туе; зак.

1. Прыйсці ў стан заняпаду, зрабіцца пустым; апусцець. За гады вайны.. [зямля] запуставала, пакрылася купкамі зарасляў. М. Ткачоў. Ужо і яблыкі знялі, і агароды запуставалі, і лес распранаецца. Лупсякоў. // Астацца пустым, незасеяным (пра ўчастак зямлі, ніву і пад.). Не бойся, людзі не сядзяць, Зямля не будзе нас чакаць. Не запустуе, не згуляе. Колас.

2. Апусцець, абязлюдзець. Дзве брыгады рабочых перабраліся ў баракі, па той бок лесу, цэглу рабіць будуць. Хаты запуставалі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́раб, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. вырабіць (у 1, 2 знач.).

2. Якасны бок апрацоўкі чаго‑н.

3. Спосаб, від вытворчасці прадукцыі. Ручны выраб скур. Машынны выраб дэталей. Рэчы хатняга вырабу. □ Перад.. [дзедам] стаяла лямпа на меднай падстаўцы свайго вырабу. Бядуля.

4. пераважна мн. (вы́рабы, ‑аў). Вырабленыя рэчы; прадукт працы. Галантарэйныя вырабы. Завод жалезабетонных вырабаў. □ [Вадзім Аляксандравіч:] — Скура і футра паўночнага аленя ідзе на розныя прамысловыя вырабы. В. Вольскі.

•••

Аўчынка вырабу не варта гл. аўчынка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сплы́сціся і сплы́цца, сплывуся, сплывешся, сплывецца; сплывёмся, сплывяцеся; пр. сплыўся, сплылася, сплылося; зак.

1. Прыплысці з розных бакоў у адно месца. Качкі сплыліся разам. // перан. Злучыцца, сабрацца ў адным месцы. Як толькі Міхалючок і Іллюк, вывесіўшы газету, адышліся на другі бок вуліцы і селі на прызбу, каб глядзець, што будзе рабіцца ля газеты, да Ладымеравай хаты адразу паплылі людзі. Так, можна сказаць, уся вёска і сплылася. Чорны.

2. Разм. Зліцца, страціць выразнасць абрысаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)