пашчыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Сашчыпаць усё, многае. Пашчыпаць траву.

2. Шчыпаць некаторы час. Пугач яшчэ трохі патузаўся, пасыкаў, пашчыпаў Ігната за рукаў, а потым, нібы прымірыўшыся са сваім лёсам, падкурчыў касматыя лапы, вытрашчыў жоўтыя вочы і заціх. Ляўданскі. — Пане Лабановіч, — сказаў Язэп Глынскі, — прашу вас зайсці ў мой садок ды пашчыпаць вішань. Колас.

3. перан. Разм. Нанесці некаторыя страты. — Даўно мы не турбавалі фрыцаў на чыгунцы. Яны сталі занадта нахабнымі, пускаюць паязды амаль што па раскладу. Трэба пашчыпаць іх на лініі Мінск — Маладзечна. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абабе́гчы, абягу, абяжыш, абяжыць; абяжым, абежыце; абягуць; пр. абабег, ‑ла; заг. абяжы; зак., каго-што.

1. без дап. Бягом зрабіць круг вакол чаго‑н. Абабегчы вакол дома.

2. Бегучы ў абход, абмінуць каго‑, што‑н. [Гітлеравец] выскачыў, абабег хлеў, прабег трохі наперад па цаліку, спыніўся і — застрачыў з аўтамата. Лупсякоў.

3. Паспешліва наведаць усе або розныя месцы. [Чалавек] старанна пагаліўся, выпрасаваў касцюм, потым абабег усе магазіны ў пошуках нейкага адмысловага падарунка. Асіпенка.

4. перан. Хутка распаўсюдзіцца, стаць вядомым усім. Чутка пра незвычайны ўраджай з аднае бульбіны ў той жа вечар абабегла ўвесь калгас. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мане́р, ‑а, м. (ужыв. толькі ў В і Т скл.).

Спосаб дзеяння, лад, узор. Андрэй дастае .. шчарбаты чайнік, налівае яго вадою з тэндэра і.. прымайстроўвае чайнік да топкі.. Такім жа манерам, як чайнік, прымайстроўваецца патэльня з салам. Лынькоў. На працу .. [даяркі] ішлі ў добрым, пашытым на сучасны манер адзенні. Хведаровіч. / у знач. прыназ. у спалуч. з «на». — Як ты мяркуеш, Мартыне, — парушыў маўклівасць дзед Талаш, пачаўшы трохі здалёку, — ці можна падабраць добрых хлопцаў... ну, на манер невялічкага войска? Колас.

•••

На адзін манер — аднолькавы, падобны; аднолькава, падобна.

На свой манер — па-свойму, не так, як іншыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заара́ць 1, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што.

1. Аручы, прыкрыць, засыпаць зямлёй. Заараць лубін. □ Малашонак доўга не здаваўся, але ўсё ж штучнае ўгнаенне заараў у глебу разам з гноем. Ермаловіч.

2. Разм. Аручы, захапіць кавалак чужой зямлі, чужога ўчастка. То закосіш чужога трохі, то заарэш, а праз гэта кожны дзень сваркі, панятыя. Галавач.

3. Абл. Узараць. Група партызан — дзесяць падвод — ехала ў вёску памагчы сялянам заараць зямлю пад жыта. Пестрак.

•••

Заараць носам (зямлю) — упасці ніцма ад удару або спатыкнуўшыся.

заара́ць 2, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак.

Разм. Пачаць араць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даўне́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. даўні.

2. Які меў месца, адбыўся некалі, даўней, задоўга да цяперашняга моманту; мінулы. Усё пажоўкла, усё пачарнела, і нібы ад таго вогнішча, нясе нейкім пахам даўнейшага дыму і чаду. Чарот. Усе даўнейшыя сваркі забыліся. Скрыган. // Які існуе здаўна, з даўняй пары. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай, .. але ў вачах захавалася тая ж глыбокая, даўнейшая туга. Нікановіч.

3. у знач. наз. даўне́йшае, ‑ага, н. Час, падзеі, якія папярэднічалі сучаснаму; мінулае. Я часта ўспамінаў цябе, даўнейшае, і як гулялі разам. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзячыся пад ціскам, выпусціць вадкасць, вільгаць. [Паўлінка:] Можа б, мамка, прыціснулі сыр, бо да заўтрашняга не адціснецца. Купала.

2. Пад націскам адысці, адступіць; выйсці з цеснаты, натоўпу. Адціснуцца на задні план. □ Які там мог быць строй! Натоўп нядаўніх салдатаў толькі яшчэ гусцей збіўся ў чатырохкутніку двара, адціснуўся трохі ад ворагаў. Брыль.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакінуць пры націсканні свой адбітак, след; адбіцца. І лісцейка як адціснулася тысячы год назад, так і захавала свой малюнак у акамянелым дрэве. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згла́дзіцца, ‑дзіцца; зак.

1. Стаць роўным, гладкім, пазбавіўшыся няроўнасцей. Жарнавыя камяні згладзіліся.

2. Знікнуць (пра якія‑н. няроўнасці). [Таня] ўбачыла, як згладзілася ўпартая маршчынка над пераноссем у гэтага чалавека, а позірк яго вачэй ужо не быў такі безуважлівы і цяжкі. Даніленка.

3. перан. Стаць менш прыметным, адчувальным; паступова знікнуць. Скончыўся сход — і ўражанне можа згладзіцца, а ў кнізе — гэта застаецца надоўга. Чорны. Сустрэча і размова з .. дзяком трохі папсавала настаўніку яго добры гумор... Але ўсё гэта хутка згладзілася, сцерлася з памяці, і ён з вялікаю зацікаўленасцю разглядаў двары тутэйшых сялян. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сістэматы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтварае пэўную сістэму; пабудаваны паводле пэўнага плана. Сістэматычнае апісанне. Сістэматычны каталог. // Які заснаваны на пэўнай сістэме; строга паслядоўны, планамерны. Сістэматычныя заняткі па замежнай мове. □ Выхадзец з сацыяльных нізоў, чалавек, пазбаўлены магчымасці атрымаць сістэматычную адукацыю, [Купала] змог узняцца да вяршынь класічнай мастацкай думкі. Ярош.

2. Пастаянны, рэгулярны. Сістэматычнае павышэнне жыццёвага ўзроўню працоўных. Сістэматычнае наведванне заняткаў па фізкультуры. □ Аднак, калі трохі абціхла шуміха вакол гэтай справы, Таня і Вера наладзілі сістэматычную перапіску з Надзяй. Машара.

3. Які мае адносіны да сістэматыкі (у 2 знач.). Від — гэта ніжэйшая сістэматычная адзінка сучаснай класіфікацыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тро́йца, ‑ы, ж.

1. У хрысціянскай рэлігіі — трыадзінае бажаство, у якім спалучаюцца тры асобы: бог-бацька, бог-сын і бог-дух святы.

2. Свята хрысціянскай царквы, якое адзначаецца на пяцідзесяты дзень пасля вялікадня; сёмуха. [Яўхім:] — Кланяліся .. [каменю], маліліся і нават у такія святы, як радаўніца, тройца, прыходзілі пад камень частавацца і, адыходзячы, пакідалі трохі ежы. Пестрак.

3. Разм. Пра трох асоб, якія звычайна бываюць разам і сябруюць. [Сёмка:] — Дурная будзе Зося, калі .. не выпра з хаты ўсю тройцу... Гартны. У саўгасе добра памятаюць, як хадзіла да Федасюка на склад дружная тройца: кіраўнік аддзялення, галоўны заатэхнік і ветфельчар. «Вожык».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улада́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. Правіць краінай, дзяржавай; быць уладаром, мець уладу над кім‑, чым‑н. Уладарыць над прыродай. □ Старая ўладарыла .. [у доме] і пачынала кожны новы дзень трохі не пасярод ночы. Шамякін. Пачалі глядзець навокал мы далёка і глыбока. Уладарым у паветры, зазірнулі мы і ў нетры. Дубоўка.

2. перан. Панаваць, займаць пануючае становішча. Над зямлёю восень уладарыць. Азірае пожні і бары. Ляпёшкін. І толькі ў буру-непагоду, Калі ўладарыць шторм адзін, Парою з дна марскога воды На бераг выплеснуць бурштын. Тарас. За акном стоена і ціха ўладарыла зімовая ноч. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)