жахлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае жах, вельмі страшны. Не забыць пра жахлівыя рэчы: Мерцвякоў адубелых пласты, Узарваныя хаты, масты. Броўка. // Роспачны, поўны жаху. І енк, і плач, калёс засмягшых скрып,.. — Усё злівалася ў жахлівы крык. Танк. // Вельмі цяжкі, пакутлівы, трагічны. Жахлівая смерць. Жахлівае здарэнне. // Разм. Вельмі дрэнны. Жахлівая дарога.

2. Вельмі моцны (пра ступень інтэнсіўнасці чаго‑н.), крайні ў сваім праяўленні. Смешнай і разам з тым жахлівай іроніяй гучаў плакат. Мікуліч. Пан Вальвацкі.. прагуляў.. усё, што маглі даць яму некалькі маёнткаў пры жахлівай эксплуатацыі парабкаў і падзённікаў. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жы́лісты, ‑ая, ‑ае.

1. З выпнутымі жыламі, венамі. Выцяг[нуў]шы з каўняра абавераную жылістую шыю, Карпенка азірнуўся на пераезд. Быкаў. [Сцепаніда] села на крэсле, злажыўшы свае смуглыя жылістыя рукі на грудзях. Ермаловіч. // З вялікай колькасцю сухажылля (пра мяса).

2. Сухарлявы, мускулісты (пра чалавека, часткі яго цела). Кузня працавала амаль круглы год. У ёй жылісты і сухі, як яловы корч, Апанас Шведзік.. гахаў молатам. Даніленка.

3. Разм. Моцны, дужы, вынослівы. — Трэба будзе працы прыкласці, каб вярнуць зямлі даваенную сілу, урадлівасць. Палітая крывёю, яна высмакча і поту нямала... Але нічога, мы народ жылісты. Выцягнем. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нерухо́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не рухаецца, застаецца ўвесь час на адным месцы. Нерухомы блок. □ Над нізінай нерухомы Звіс, як дым, туман. Колас.

2. перан. Які не змяняе свайго выразу. Нерухомым позіркам .. [Міколка] углядаўся ў блакітнае неба. Лынькоў.

3. Які складаецца з зямельнага ўчастка, будынка (пра маёмасць). Нерухомая маёмасць. / у знач. наз. нерухо́мае, ‑ага, н. [Маханько:] — Раз.. [калгаснік] гаспадар нашых тысяч гектараў, гаспадар усяго нашага, як кажуць, рухомага і нерухомага, то ён ночы не даспіць, а падумае, што куды зручней павярнуць, як што лепш зрабіць. Кулакоўскі.

4. У граматыцы — які не мяняе свайго месца (пра націск).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нуль, ‑я, м.

1. Лічбавы знак «О», які абазначае адсутнасць велічыні (дабаўлены справа ад лічбы ўдзесяцярае яе).

2. Умоўная велічыня, ад якой пачынаецца вылічэнне падобных ёй велічынь (тэмпературы, часу і пад.). Сярэдняя тэмпература года ніжэй нуля.

3. перан. Пра што‑н. вельмі малое, нікчэмнае. Коска для .. [Мікалая] нічога не значыла — нуль, не больш. Якімовіч.

4. перан. Разм. Пра чалавека, які не мае ніякага значэння.

•••

Абсалютны нуль — тэмпература −273,16°C, пры якой спыняецца хаатычны цеплавы рух малекул у целе; самая нізкая магчымая тэмпература.

Звесці да нуля гл. звесці.

Нуль увагі — ніякай увагі.

[Ад лац. nullus — ніякі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пага́ніць 1, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.

Разм.

1. Пэцкаць чым‑н., рабіць брудным. Паганіць хату. Паганіць рукі.

2. Ганьбіць. [Лясніцкі:] — Ваш стараста — здраднік. Суровая рука народа павінна знішчаць такіх мярзотнікаў, каб яны не паганілі нашу зямлю, не атручвалі наша чыстае паветра. Шамякін.

пага́ніць 2, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Разм. Неадабральна, дрэнна адазвацца пра каго‑, што‑н. Раніцою ўстане [муж] і без слова ідзе на ток. Прыйдзе адтуль чорны ад пылу,.. памыецца і без слова садзіцца снедаць. Арыне іншы раз хочацца, каб ён паганіў ці пахваліў снеданне, і яна дапытваецца ў яго пра гэта. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памутне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў мутным, непразрыстым. Вокны высока над зямлёй, і цераз іх, за памутнелымі шыбамі, можна ўбачыць толькі палову столі і самы верх супрацьлеглай сцяны. Галавач. // Які стаў мутным, прыняў неасэнсаваны выраз (пра вочы, погляд). Жанчына памутнелымі вачыма пазірае на траву. Мележ.

2. перан. Які страціў яснасць, зацямніўся (пра думкі, розум і пад.). У памутнелай свядомасці Кузняцова праплыў твар жонкі, дзяцей, родны завод... Пташнікаў.

3. Які страціў выразнасць абрысаў; расплыўчаты. І ўсё наўкола нас — і палянка, і камень, і лес апранаецца ў памутнелыя шэрыя тоны. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пары́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Адбіць (адбіваць) (удар; першапачаткова — у фехтаванні). Можа, фашысты пранюхалі, што нашы збіраюцца наступаць на вышыню 145, дык загадзя агнявым налётам, які толькі што скончыўся, хацелі парыраваць удар. Сабаленка.

2. перан. Абвергнуць (абвяргаць) (чые‑н. довады, нападкі і пад. ў спрэчках). У яго, і толькі ў яго руках самае новае, самае свежае, самае неабвержнае. Гэта будзе такі ўдар, якога ні сам Шэмет, ні хто з яго адвакатаў не здолее парыраваць. Лобан. Пра што людзі захочуць паслухаць, пра тое і раскажу, — парыравала .. [Ліда] напады бацькі. Шамякін.

[Фр. parer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́сынак, ‑нка, м.

1. Няродны сын для мужа ці жонкі ў сямі (родны аднаго з іх). Раіна разумела, што Лёнік не сваё дзіця Антосю, пасынак. Марціновіч. [Мачыха] адчувала холад, якім заўсёды веяла на яе ад падчарыцы і пасынка, аднак гэта яе вельмі не абыходзіла. Васілевіч. // перан. Пра таго, хто пераносіць якія‑н. нягоды, пра каго мала клапоцяцца, каму мала ўдзяляюць належнай увагі. Узняўся гоман пратэсту: чаму гэта ў раёне ёсць сынкі і пасынкі? Дуброўскі.

2. Бакавы парастак, атожылак у расліны. Вакол свежага зрэзу вярба выкінула цесны круг крывава-зялёных пасынкаў. Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

1. Натачыць, навастрыць. А каса пад мянташкаю просіцца: «Патачы ты мяне, паганы. Заблішчу я навостранай просінню. І цябе не змару да начы». Свірка.

2. Натачыць, навастрыць усё, многае. Патачыць усе нажы.

3. і без дап. Тачыць некаторы час. Патачыць мінут дзесяць.

патачы́ць 2, ‑точыць; зак., што.

1. Пагрызці, падзіравіць усё, многае (пра моль, чарвякоў і пад.). Дзверы ў шафе патачыў шашаль... Баранавых. Дрэва патачыў чарвяк, на хаты яно лонаўцам не згадзілася. Пташнікаў.

2. Тачыць некаторы час (пра моль, чарвякоў і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачва́ра, ‑ы, ж.

1. Казачная, страшная істота, звычайна вялікіх памераў. З высокага трысця каля затокі выходзіць нейкая цёмная валасатая пачвара і спыняецца на адкрытым месцы. В. Вольскі.

2. Пра надта непрыгожага чалавека. Шаройка даўно марыў, каб жаніць .. [Максіма] [з дачкой], і не раз пілаваў Паліну за нерашучасць: «Не маленькая, дзякуй богу. І не век сядзець табе ў дзеўках.. Была б ты пачварай, а то такая прыгажуня». Шамякін. // перан. Пра жорсткага, з нізкімі маральнымі якасцямі чалавека, вырадка. [Шэмет:] — Ты акружыў сябе падхалімамі, як сцяною, і сядзеў, што ў дупле, нічога не бачачы, акрамя гэтых пачвар. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)