прыку́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.

Тое, што і прыкаваць. Якім бы светлым быў шырокі свет, Каб на ланцуг прыкуць забойцаў банды! Панчанка. [Марыля] зрабіла крок да дзвярэй, хацела бегчы за сынам, пераняць яго, але спакойныя вочы старога прыкулі яе да месца. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысягну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Даць прысягу; паклясціся. Мы прысягнулі адпомсціць за пакуты нашага салдата. Чорны. // Пакляўшыся, запэўніць каго‑н. у чым‑н. [Аўгіня:] — Не бойцеся, бабка, мяне, дзецьмі прысягну, што нікому не скажу. Колас. — Прысягнуць магу, што ані нічога не чула. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пурпуро́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае колер пурпуру, афарбаваны ў пурпур. [Хмары] успыхнулі пурпуровым полымем, і на дварэ пасвятлела. Чарнышэвіч. А яшчэ далей, за аерам, расло нешта незнаёмае для бацяноўцаў: лісты паводле формы былі вельмі падобныя да бярозавыя, але колер іх ад цёмна-зялёнага да пурпуровага. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пусты́р, ‑а, м.

Незабудаваны, запушчаны ўчастак; пустка. Праехалі Варшаву па прыгожых вуліцах і па пустырах, дзе ляжыць у ярусах цэгла, мінулі будынкі і, урэшце, выехалі ў чыстае поле. Пестрак. Аралі за Крыніцай пясчаны пустыр — голы ўзгорак, зямля на якім адтала ўжо сантыметраў на дваццаць. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяцідзёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Прамежак часу ў пяць дзён. Была ахвота гаварыць і пра тое, колькі і чаго пасеялі.. [калгаснікі] за мінулую пяцідзёнку, і пра спаборніцтва брыгад на веснавой сяўбе, і пра ўсё тое, што робіцца ў калгасе цяпер. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабаці́ць, ‑ціць; незак.

1. што. Пакрываць рабаціннем (у 2 знач.), рабізной (у 2 знач.). Вуліца падсохла за ноч, толькі дзе-нідзе слабы ветрык злёгку рабаціў плыткія лужыны. Адамчык.

2. Выклікаць адчуванне рабізны, стракатасці ў вачах. Ад .. ветру разам ускалыхваўся арэшнік і рабаціў уваччу. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбудава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.

Разм. Будуючыся, вырасці, пашырыць сваю плошчу. Пасля вайны горад разбудаваўся. Шамякін. За апошнія гады камбінат гэтак разбудаваўся, што на ўскраіне горада заняў вялізны квартал. Сабаленка. // Абзавесціся новымі будынкамі. [Аляксей:] — [Мікола] разбудаваўся, сад пасадзіў навокал сялібы і зажыў, нібы той пан. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разва́рысты, ‑ая, ‑ае.

Які добра разварваецца. Разварыстая фасоля. □ Мо праз паўгадзіны я .. сядзеў за сталом і еў з кіслым малаком сопкую, разварыстую бульбу. Сачанка. Спехам праглынуўшы разварыстую бульбу з агуркамі, якую падала на стол гаспадыня, мы падзякавалі як маглі і пакінулі гасцінную хату. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздабрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Разм.

1. Стаць добрым, шчодрым, лагодным; раздобрыцца. — [Цёця Каця] раздабрэла і паабяцала рубцы на штанах правільна навесці. Даніленка.

2. Распаўнець, растаўсцець. І сама [Каця] раздабрэла на вясковых харчах, і дзеці паправіліся. Сачанка. За гэтыя месяцы .. [Цопа] раздабрэў, старэнькі халат .. аж трашчаў на ім. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распла́та, ‑ы, ДМ ‑плаце, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расплачвацца — расплаціцца.

2. перан. Кара, помста. — Нічога, Аксён: будзе свята і на нашай вуліцы. Падыходзіць час расплаты за здзекі над народам. Дымам і агнём паляцяць у неба панскія палацы і ўжо ляцець пачалі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)