недастатко́ва, прысл.

1. прысл. Менш, чым патрэбна; мала. Тое, на што раней мы недастаткова звярталі ўвагі, цяпер становіцца сур’ёзным тормазам. «ЛіМ». // У недастатковай ступені; не зусім добра, слаба. Адна хоць самая маленькая неасцярожнасць, адзін недастаткова вывераны крок — і ўсё гіне, сотні людзей ахвяруюць сваім жыццём. Кулакоўскі.

2. безас. у знач. вык. Мала, не хапае. [Шэмет:] — Вашых адчуванняў мне недастаткова. Я.. [Яроту] таксама трошкі ведаю. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праткну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Адолеўшы перашкоды, прайсці, прарвацца праз што‑н. А тут карнікі абклалі так, што нідзе не праткнуцца, толькі вось гэты краёчак балота аставаўся яшчэ не закрыты. Быкаў.

2. Прайсці праз што‑н. наскрозь. Хоць сонца ўзнялося, Па возеры дымна: Туман — нават промню Сюды не праткнуцца. Калачынскі.

3. Быць праткнутым. Папера праткнулася. Мех праткнуўся на цвік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераста́рак, ‑рка, м.

Разм.

1. Той, хто стаў старым для чаго‑н.; які перасягнуў мяжу адпаведнага ўзросту. «Вывучуся яшчэ. Не перастарак, маё ад мяне не ўцячэ. Вернецца Барыс, тады тое будзе», — падахвочвала часам бацьку і сябе дзяўчына. Пальчэўскі.

2. Старая дзеўка. [Антаніна] была перастарак, даўно заседзелася ў дзеўках і хоць добры мела пасаг, ніхто не квапіўся на яе багацце. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паразрыва́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разарваць усё, многае або ўсіх, многіх. І ўсе добра памятаюць той выпадак, калі ў аднаго чалавека свіння паразрывала сваіх парасят пасля таго, як вядзьмарка палюбавалася на іх. Дамашэвіч. — Мо пачнём дабываць тол? — успамінаю. — У-у-у! — Не паразрывае нас? — Пакажы хоць, як гэта робіцца! Карпюк.

паразрыва́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разрыць усё, многае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Спароць усё, многае. І цяпер тыя дзед і баба, тая нізкая, чорная хата здаюцца Раі сном, хоць яна і ведае, што гэта быў не сон, што тыя дзед і баба яе ратавалі. Паспорвалі жоўтыя латы з яе адзежы, сюды, у бальніцу, прывезлі. Арабей. — [Задрапей] падкраўся, як злодзей, да млына, узлез на плот і паспорваў [ластаўчыны гнёзды]. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацяша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.

1. Весяліць, забаўляць. Бывала, калі мы ішлі са школы, Антось да самага броду пацяшаў нас рознымі выдумкамі. Чарнышэвіч.

2. Разм. Суцяшаць, супакойваць, абнадзейваць. — Гэты пан лепшы, дасць вопратку, — пацяшаў бацька, хоць сам у гэта ні кропелькі не верыў. Пальчэўскі. «Нічога, каток, — пацяшае .. [бабка], — бывае яшчэ і горш...» Брыль.

•••

Пацяшаць вока — тое, што і цешыць вока гл. цешыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачы́н, ‑у, м.

1. Пачатая кім‑н., па чыёй‑н. ініцыятыве справа; пачынанне. Падтрымаць пачын наватараў. Патрыятычны пачын. □ Пачын брыгад камуністычнай працы — Вось ён — наступных дзён жывы пралог! Звонак.

2. Разм. Пачатак чаго‑н., якой‑н. справы. [Грабок:] — Глянь, колькі! Падахвоцілі і мяне на пачын за рыдлёўку ўзяцца. Краўчанка. Каля касы, як сталы, Грошы двойчы злічыў І падумаў: «Нямала, Хоць і першы пачын!» Матэвушаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашча́сціць, ‑ціць; безас. зак., каму і без дап.

Тое, што і пашчаслівіць. Невядома, колькі зняволеных прарвалася ў горы, але можа хоць каму-небудзь пашчасціць. Быкаў. — Затое пасля шторму, ведаеш, колькі каменьчыкаў на бераг выкіне. Можа, нават пару агатаў пашчасціць знайсці, — гаворыць Андрэйка. Бяганская. Яму, цяжка параненаму, пашчасціла ў вулічнай сумятні .. выбрацца з машыны, нырнуць у людскі натоўп і ўцячы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смяртэ́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і смяротны. Смяртэльная небяспека. Смяртэльная агонія. Смяртэльная стома. □ Хоць і страшэнныя былі гэтыя раны, але для такой вялізнай таўстаскурай жывёліны [насарога] яны не былі яшчэ смяртэльныя, бо не папсавалі ўнутраных органаў. Маўр. Смяртэльная пагроза, што навісла над бацькаўшчынай, памнажала дужасць кожнага савецкага чалавека і яго імкненне адстаяць сваю краіну ад чужаземнай навалы. Кудраўцаў.

•••

Смяртэльны грэх гл. грэх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тарара́м, ‑у, м.

Разм. Шум, грукат. [У ніжніх пакоях] стаіць такі вэрхал і тарарам, ажно глушыць вушы. Людзі гавораць усе разам, стараюцца перакрычаць адны адных. Бядуля. [Алёша:] — Іду гэта па Зарэччы, чую, у хаце адной аж на сцену лезе народ, лямант, візг... А пасля, братка, як паднялі тарарам, — хоць уцякай!.. Брыль. // Сварка, скандал. [Васіль:] — Насця зноў тарарам падыме, што п’ём малачко ад дзвюх кароў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)